Воскресенье, 6 октября 2024

Лотаў нерухомасці на аўкцыёнах паменшала

506

У нашым раёне заўсёды было шмат аб’ектаў для продажу. Але бягучы год стаў адметным на агульным фоне: сёлета нічога са збудаванняў на тэрыторыі райцэнтра не плануецца выстаўляць на продаж. Ды і па раёне будынкаў, якія пакуль яшчэ чакаюць гаспадароў, амаль што не засталося. Хаця яшчэ нядаўна выбар быў даволі разнастайным.

Як паведамляе галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Зайко, у мінулым годзе на таргі было выстаўлена 11 аб’ектаў нерухомасці, 9 з якіх ужо знайшлі сваіх гаспадароў. Два выстаўленыя лоты былі набыты без пратэрміноўкі па пачатковым кошце. Летась перад пачаткам таргоў даваўся прагноз, што гэтыя два будынкі, якія знаходзяцца ў райцэнтры, абавязкова будуць прададзены. Што і атрымалася ў выніку. Тое ж самае адбылося з былой канторай у завулку Р. Шырмы і былым Домам рамёстваў па вул. Касцякова ў г. Пружаны, а таксама з будынкам у самым цэнтры горада: першыя два пасля некалькіх таргоў «пайшлі з малатка» за палову пачатковай цаны, другі – з паніжэннем на 80%. Астатнія аб’екты былі выстаўлены на аўкцыён з пачатковай цаной ў памеры 1 базавай велічыні.

Не знайшлося жадаючых набыць будынкі былога Бакуноўскага клуба (Велікасельскі с/савет) і былой школы ў в. Бакуны (Ліноўскі с/савет). На сённяшні дзень гэтыя лоты выстаўляюцца па кошце за 1 базавую велічыню. Нагадаем, што падобная цана заўсёды суправаджаецца некаторымі ўмовамі. Зараз такія будынкі могуць выкарыстоўвацца у прадпрымальніцкай дзейнасці, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі або ўвогуле ўладкаваны пад жыллё. Дарэчы, падобныя ўмовы карыстаюцца попытам, пры гэтым набіраюць папулярнасць намеры перавесці набытую нерухомасць менавіта ў жыллё.

З улікам гэтых двух непрададзеных аб’ектаў нерухомасці ўсяго сёлета на аўкцыёнах будуць прапанаваны 4 лоты. У сёлетнія планы дадаткова ўключаюцца два будынкі былых школ – у вёсках Зіновічы і Загор’е. Трэба адзначыць, што першы мае больш прыцягальных адметнасцяў. Па-першае, знаходзіцца паблізу ад рэспубліканскай трасы Р44, якая злучае Гродна з Ружанамі. Па-другое, гэта даволі прасторны двухпавярховы будынак агульнай плошчай больш за 1700 квадратных метраў. Такой прасторы хопіць для адкрыцця аб’екта прыдарожнага сэрвісу з гасцініцай. Словам, эканамічная фантазія ў дадзеным выпадку амаль не мае абмежаванняў. Дастаткова прыняць удзел у аўкцыёне, бліжэйшыя таргі па гэтым аб’екце прызначаны на 5 мая бягучага года. Загорская школа знаходзіцца ўдалечыні ад асноўных трас, хаця гэта можа стаць і перавагай для патэнцыяльных гаспадароў, якія маюць намер арганізаваць аграсядзібу. Для чаго плошчы амаль у 800 «квадратаў» хопіць з лішкам. Варта дадаць, што жадаючыя набыць нерухомасць за пачатковы кошт могуць скарыстацца крэдытнай падтрымкай, якую прапануюць беларускія банкі. Сярод прапаноў ёсць даволі прыцягальныя для бізнэсу. Гэта дае трывалы падмурак не толькі для ажыццяўлення мары па адкрыцці ўласнай справы, але і для яе далейшага развіцця.

Алег Сідарэнка. Фота з архіву