У бягучым годзе лён сіламі механізаванага атрада ААТ «Пружанскі льнозавод» быў пасеяны на плошчы 2830 гектараў. Прычым 461 гектар — за межамі Пружаншчыны (у Бярозаўскім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах). Па стане на 24 ліпеня даўгунец выцераблены на плошчы 2260 гектараў, што складае 80% да плана. Штодзень на палеткі выходзіць 11 самаходных церабілак.
Па словах дырэктара льнозавода М.С.Жогала, які трыццаць гадоў узначальвае прадпрыемства (дарэчы, менавіта ў гэтыя дні адзначае Мікалай Сцяпанавіч свой прафесійны юбілей), выхад валакна чакаецца большы, чым у мінулым годзе. Па папярэдніх падліках ён складзе 14-16 цэнтнераў з гектара.Старанна працуюць на церабленні даўгунцу механізатары Аляксандр Музычка і Мікалай Саўчук (на здымках). І калі Аляксандр мае багаты вопыт у гэтай справе, то для Мікалая сёлетняя ўборка з’яўляецца першай. Кожны з механізатараў за светлавы дзень кладзе лён у стужкі на плошчы каля 30 гектараў.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).