Воскресенье, 19 января 2025

Лізавета Кечка з Ружан прымала віншаванні з 100-м днём нараджэння

389

На мінулым тыдні 100-ы дзень нараджэння адзначыла Лізавета Фёдараўна Кечка з г.п. Ружаны. Павіншаваць юбілярку са знамянальнай датай прыехалі прадстаўнікі прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Ружаны-Агра», раённай арганізацыі ветэранаў, супрацоўнікі РАУС.

Дажыць да векавога юбілею — трэба заслужыць. Так казалі даўней, і з гэтым нельга не пагадзіцца. Не ўтойваць зло, не трымаць крыўды, любіць бліжняга таксама трэба ўмець. Не кожны так змож, а ў Лізаветы Фёдараўны ўсё атрымалася.

Гасцей у доме Кечка чакалі з самай раніцы. На стале духмяны пірог, садавіна і любімыя прысмакі юбіляркі, прыгатаваныя для пачастунку. Як расказала, Раіса Аляксандраўна, дачка юбіляркі, мама моцна хвалявалася, папрасіла дапамагчы ёй апрануцца па-святочнаму, каб прыняць віншаванні. У сілу свайго шаноўнага ўзросту яна дрэнна чуе і бачыць, але ўсё памятае і разумее.

— Мама родам з гэтых мясцін, яе малая радзіма — в. Карасі. Скончыла 5 класаў польскай школы і была найлепшай вучаніцай. Да гэтага часу памятае ўсе вершы і песні на польскай мове, — кажа дачка. — Яна можа забыцца, што было ўчора, а вось школьную праграму ведае на зубок — настолькі любіла вучыцца.

Лёс не песціў Лізавету Кечка. Падлеткам яна сустрэла вайну, перажыла голад і холад. У 40-я ўся іх вялікая сям’я, а гэта дванаццаць братоў і сясцёр, захварэла на тыф, і толькі хвароба выратавала іх ад прымусовага вывазу ў Нямеччыну. Пасталець прыйшлося хутка, адразу пасля вайны памерла маці — і за братоў з сёстрамі стала адказваць старэйшая Ліза. Усё жыццё яна працавала ў мясцовай гаспадарцы, спачатку паляводам, а 14 гадоў перад пенсіяй — у жывёлагадоўлі.

Нягледзячы на перажытыя цяжкасці, Лізавета Фёдараўна не наракае на лёс і ўсіх сустракае мілай усмешкай, умее шчыра радавацца кожнаму дню і ўспамінае толькі добрае. А ў свой 100-гадовы юбілей заслужана дачакалася новага пашпарта, урачыста ўручанага інспектарам РАУС Ігарам Мітлашуком і віншавальных слоў з боку раённага савета ветэранаў.

— Наша раённая ветэранская арганізацыя заўсёды ўдзельнічае ў такіх важных мерапрыемствах, больш за тое, з’яўляецца іх ініцыятарам. У мінулым годзе мы віншавалі 6 такіх юбіляраў. Прыемна, што ў раёне ёсць доўгажыхары, і нямала. Вось на такіх людзей трэба раўняцца і з іх браць прыклад, — кажа старшыня арганізацыі Уладзімір Яцкевіч.

А мы жадаем Лізавеце Фёдараўне моцнага здароўя, дабрабыту, спаўнення ўсіх жаданняў, і канечне, доўгіх гадоў жыцця.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік