Грандыёзны юбілей горада проста ўзарваў інтэрнэт! Так адным сказам можна апісаць ліпень для нашых электронных рэсурсаў. Тэма падрыхтоўкі да свята «Пружаны Фэст», запрашэнні на канцэрты ад артыстаў, тэкставыя, фота- і відэарэпартажы… Усе яны набралі сапраўды значную колькасць праглядаў. Але самае галоўнае — свята запомнілася, а аднавіць эмоцыі можна з дапамогай сайта і месенджараў «Раённых будняў».

Пра тое, што Пружанамі цікавіліся, гавораць самі за сябе лічбы. Калі ў чэрвені наш сайт наведала амаль 13 тыс. карыстальнікаў, то ў ліпені — на тысячу больш. Абсалютным лідарам па колькасці праглядаў стаў наш вялікі рэпартаж са свята «Пружаны Фэст».

Другі радок ліпеньскага ТОП-5 на budni.by — у рэпартажу з традыцыйнага раённага турзлёту сярод моладзі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На трэцім месцы — зноў тэма Дня горада. Цяпер гэта апытанне. Яго напярэдадні 590-годдзя Пружан рабілі студэнткі БрДУ імя А.С. Пушкіна, якія праходзілі ў рэдакцыі практыку. Валерыя і Дар’я цікавіліся ў гараджан, што іх прываблівае на Пружаншчыне, чаго ёй не хапае і чаго землякі жадаюць роднаму краю.

Чацвёртая пазіцыя па выніках ліпеня па сайце — у аповеду пра злёт сям’і Касюкоў, які адбыўся ў Плябанцах. І, нарэшце, на пятым месцы — святочнае інтэрв’ю з дырэктарам «Пружанскіх электрасетак» Аляксандрам Усікам з нагоды 20-годдзя філіяла.

Тэма 590-годдзя Пружан, без перабольшвання, захапіла і нашы групы ў сацсетках. Адразу ў трох — «УКантакце», на «Аднакласніках» і ў Facebook — найбольшую колькасць рэакцый набраў рэпартаж з «Пружаны Фэст». А вось падпісчыкаў нашага Instagram @budni.by больш зацікавіла падрыхтоўка да юбілею. Тут 755 лайкаў набраў пост, у якім мы паказалі абнаўленні ў горадзе: сонечную батарэю ў парку, мурал з выявай Прачысценскай царквы на «Універмагу», скейт-пляцоўку, мантаж сцэны на стадыёне і вуліцу Р. Шырмы.

Падпісчыкаў каналаў і месенджараў таксама цікавілі абнаўленні горада і само святкаванне. Ды што і казаць: тут, у Viber і Telegram, мы разам з вамі за 10 дзён да свята запусцілі зваротны адлік. Такім чынам, у Viber-канале «Раённых будняў» ажно 60 рэакцый — у відэа, якое зрабіла Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў па выніках «Пружаны Фэст». Фотафакт з новымі аўтобуснымі павільёнамі набраў 51 рэакцыю, а святочны феерверк на Дзень горада — 47. У Telegram-канале @budniby найбольш упадабаным аказаўся фотафакт з адкрыцця абноўленай пружанскай кулінарыі — 36 рэакцый. У фотафакта, які паказвае працэс стварэння мурала на «Універмагу», — 33 падабайкі, а ў відэарэпартажу пра юбілей Пружан ад нашых калег з «Беларусь 1» — 32.
І адсюль плаўна пяройдзем да відэаролікаў нашых — на YouTube-канале газеты. Самым папулярным у ліпені стаў відэаагляд са свята «Пружаны Фэст»: больш за 3 тыс. праглядаў і 100 класаў! Заходзьце на наш канал, тут многа цікавага. Як і ў іншых электронных рэсурсах, дарэчы. Таму запрашаем падпісвацца і быць разам з намі!
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла
