Воскресенье, 19 января 2025

Ліноўская сельская бібліятэка падрыхтавала святочны вечар-ушанаванне для жыхароў і гасцей аграгарадка з нагоды Дня абаронцаў Айчыны

378

«Дом, дзе чакаюць салдата». Пад такой назвай Ліноўскай сельскай бібліятэкай быў падрыхтаваны вечар-ушанаванне, прысвечаны тым, хто сёння беражэ наш сон, ахоўвае мір на нашай зямлі, хто знаходзіцца далёка ад нас, але душой заўсёды побач.

На вечарыне не толькі прагучаў расказ пра гісторыю ўзнікнення свята Дня абаронцаў Айчыны, але і была закранута тэма Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Галоўны ж акцэнт зрабілі на аповядзе пра хлопцаў-землякоў, якія праходзяць тэрміновую службу ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На святочную сустрэчу былі запрошаны іх бацькі.

Пры падрыхтоўцы мерапрыемства мы звярнуліся ў вайсковыя часці. Было вельмі прыемна, што камандзіры адгукнуліся на нашу просьбу і перадалі характарыстыкі на нашых вайскоўцаў. Хвалюючым момантам для Уладзіміра Тронца і Антона Шанюка стала выказванне ім падзякі за дастойнае выхаванне іх сыноў ад камандавання воінскай часці, дзе тыя служаць.

Старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань павіншавала ўсіх мужчын са святам, настаяцель аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы іерэй Аляксандр Мялешка расказаў аб стаўленні праваслаўнай царквы да вайсковай службы. Начальнік групы прызыву на ваенную службу раённага камісарыята Андрэй Якімовіч падзяліўся ўласным вопытам службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Намеснік начальніка Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы ім. Ф.Э. Дзяржынскага Андрэй Кавалевіч расказаў аб дзейнасці Брэсцкай пагранічнай групы.

На працягу ўсяго вечара гучалі музычныя віншаванні ад творчых калектываў Ліноўскай ДШМ і Дома культуры. Выдатны падарунак усім прысутным зрабіў узорны аркестр Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы ім. Ф.Э. Дзяржынскага.

Да мерапрыемства таксама былі аформлены выстава армейскіх фотаальбомаў «Мой тата таксама ў арміі служыў» і кніжная выстава «Сапраўдным мужчынам прысвячаецца».

Алена Антончык