З высакароднай місіяй 1 лютага ў раёне пабывала старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк. Раней мы паведамлялі, што Ліноўскай школе быў прысвоены статус «Школа міру». Вучні і педагогі навучальнай установы заслужылі гэта сваімі дзеяннямі, ініцыятывамі, праектамі. Бо не так проста атрымаць такое ганаровае званне.
Урачыстае мерапрыемства па ўручэнні пасведчання аб прысваенні статусу «Школа міру» Ліноўскай сярэдняй школе адбылося ў прыгожай актавай зале ўстановы адукацыі. Сюды прыбыла шмат гасцей. У іх ліку, зразумела, старшыні абласной і раённай арганізацый Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк і Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз, дырэктары ўстаноў адукацыі раёна і многія іншыя.
Як расказала Лідзія Раманюк, калі ўручала пасведчанне, каб дамагчыся такога значнага статусу, трэба многа працаваць, ажыццяўляць усебаковыя праекты, быць прыкладам для ўсіх. Ліноўскія вучні разам з педагогамі даказалі, што дастойныя несці гэтае высокае званне. Але гэта было пасля.
Спачатку ўсе змаглі стаць сведкамі захапляючага і па-добраму шчымлівага прадстаўлення, якое падрыхтавалі вучні школы. Яны, як сапраўдныя юныя акцёры, вельмі шчыра і без наігранасці кожнай кампазіцяй прымушалі сэрца то сціснуцца, то радасна забіцца. Хацелася верыць кожнаму слову. Скажу пра сябе, даўно я не бачыў такой шчырасці, якая лілася ад вучняў і іх настаўнікаў у залу з гледачамі.
Пранікнённымі былі словы віншаванняў ад настаяцеля праваслаўнага прыхода храма Узвіжання Крыжа Гасподняга іерэя Аляксандра Мялешкі. А як прыгожа, душэўна айцец Аляксандр выканаў песню «Жураўлі»!
Пасведчанне аб новым статусе школы Лідзія Мікалаеўна ўручыла дырэктару ўстановы Алене Макарэвіч. Шыльду, у якой указана, што Ліноўская школа носіць статус «Школа міру», Алене Леанідаўне перадаў Руслан Супрыновіч.
Лідзія Раманюк таксама ўручыла Руслану Супрыновічу дыплом другой ступені за работу раённай арганізацыі Беларускага фонду міру ў 2022 годзе.
Віншуем усіх узнагароджаных. Яны гэта заслужылі па праве.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_291046477