Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2022 годзе сярод раёнаў Брэсцкай вобласці па вытворчасці і рэалізацыі малака Пружанскаму раёну прысуджана другое месца. Прыемная навіна! Значыць, нашы жывёлаводы — сапраўдныя прафесіяналы, інакш наўрад ці дамагліся б такога выніку. Сярод птушкафабрык і фермаў яечнага накірунку прызавое месца ў ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка». Прызавыя месцы занялі работнікі жывёлагадоўлі з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», ААТ «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Жураўлінае».
Апошняя гаспадарка, дзякуючы сваім шчырым працаўнікам, можа ганарыцца двума першымі месцамі. На першую прыступку п’едэстала ўзнялася Любоў Кавалевіч — сярод аператараў па штучным асемяненні свіней сельскагаспадарчых і іншых арганізацый. Парадавалі першым месцам сярод аператараў (звёнаў) жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў па вырошчванні цялят да трохмесячнага ўзросту Ульяна Грынчанка, Кацярына Хоміч і Святлана Максімчанка. Каб на свае вочы паглядзець, як арганізавана праца тых, хто на сваім прыкладзе даказвае, што ў сельскай гаспадарцы можна працаваць з запалам, шчыра, карэспандэнты «раёнкі» завіталі на малочна-таварную ферму «Клепачы».
Чысціня вакол — вось што ўразіла адразу, як толькі трапілі на тэрыторыю фермы. Значыць, людзі адказна адносяцца да сваіх абавязкаў, самі ствараюць камфорт на рабочым месцы. Парадак і каля домікаў, дзе часова знайшлі свой прытулак пацешныя цяляткі да трох месяцаў. Унутры кожнага доміка — свежая салома. Так сказаць, асобныя ўтульныя нумары. Ніколі не паверу, што людзі, чэрствыя душой, так клапаціліся б пра сваіх падапечных.
Сустрэліся і з самімі аператарамі. Адразу бачна зладжаная каманда, дзе работа выконваецца сумесна, без раздзялення абавязкаў. Разам — значыць разам. Адсюль, калі ласка, і годны вынік: калі па вобласці сярэднясутачныя прывагі цялятак ад 850 грамаў і вышэй, то ў нашых працаўніц — кілаграмовыя! За гэтай лічбай стаіць карпатлівая работа Ульяны, Кацярыны і Святланы. Адна толькі выпайка цялятак чаго каштуе! А дакладна выверыць норму і час кармлення! Інакш нельга, калі хочаш, каб малыя раслі здаровымі і ў далейшым папоўнілі дойны статак.
На пытанне, што стала закладам перамогі, усе тры жанчыны адказваюць: добрасумленная работа, любоў да справы, якой займаешся.
Любая праца пачэсная. Вось вам наглядны прыклад таго, як трэба працаваць, каб не было сорамна за зробленае ды яшчэ і перамогі святкаваць.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік