Сельская гаспадарка – гэта не толькі бязмежныя палеткі, камбайны-караблі і жывёлагадоўчыя комплексы. Перш за ўсё, гэта людзі. Калі ад паляводаў, камбайнераў і трактарыстаў залежыць дастатак хлеба на стале, то ад жывёлаводаў – ці будзе мяса і малако да гэтага хлеба.
У чацвер заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за 2020 год.
Цырымонія ўшанавання лепшых жывёлаводаў Пружаншчыны прайшла ў малой зале Палаца культуры. Напачатку да работнікаў, якія з’яўляюцца прыкладам у працы для іншых, звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун.
Як падкрэсліў Юрый Юр’евіч, па выніках работы ў мінулым годзе гаспадаркі раёна атрымалі 30 млн прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і забяспечылі самы высокі паказчык па валавой вытворчасці і рэалізацыі малака. У абласным рэйтынгу прадукцыйнасці дойнага статка раён знаходзіцца на шостай пазіцыі. Валаўтвараючымі арганізацыямі па вытворчасці мяса ў раёне з’яўляюцца ААТ «Жураўлінае» і «Ружаны-Агра».
Асобна, як найбольш паспяховыя, старшыня райвыканкама ад-значыў работнікаў ААТ «Ружаны-Агра», а таксама ААТ «Велікасельскае Агра» і «Шані-аграпрадукт».
Далей пачалася цырымонія ўзнагароджання. Першымі ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі Ю.Ю.Бісун уручыў пераможцам спаборніцтва па вытворчасці і рэалізацыі малака. Бясспрэчны лідар тут – ААТ «Велікасельскае Агра».
На другім месцы – ААТ «Шані-аграпрадукт», трэція – ААТ «Роўбіцкае».
На рахунку «Велікасельскага Агра» яшчэ два першыя месцы. У спаборніцтве сярод МТФ з беспрывязным утрыманнем жывёлы і даеннем у даільных залах лепшым прызналі малочна-таварны комплекс у аг. Стараволя. Сярод ферм з прывязным утрыманнем жывёлы і даеннем у малакаправод лідзіруе МТФ «Ліхасельцы».
Другое месца ў абодвух спаборніцтвах у ААТ «Агра-Калядзічы» – МТК «Руднікі» і МТФ «Сілічы» адпаведна. А вось комплекс у Далках, які ўваходзіць у склад ААТ «Ружаны-Агра», трэці ў спаборніцтве сярод ферм з даеннем у залах.
Затым на сцэну па індывідуальную ўзнагароду ўзняўся яшчэ 31 жывёлавод – заатэхнікі, ветурачы, селекцыянеры, брыгадзіры, асемянатары, аператары машыннага даення, аператары па вырошчванні і абслугоўванні жывёлы. Часцей за ўсё гучала назва ААТ «Жураўлінае». Дырэктар таварыства Д.М.Якутчык у размове з карэспандэнтам падкрэсліў, што летась гаспадарка заняла першае месца ў рэспубліцы па валавой вытворчасці малака. А вось лепшай фермай таварыства стаў комплекс у Сухопалі, работнікі якога ў якасці падарункаў атрымалі ЖК-тэлевізары.
Лепшай сярод аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы прызнана Н.У.Касюк з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». «Імкнуся сумленна выконваць сваю работу. У гаспадарцы працую ўжо 15 гадоў. Наогул, я вельмі люблю жывёл», — падзялілася Ніна Уладзіміраўна.
У гэты ж дзень лепшых пастаўшчыкоў сыравіны адзначыла ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Л.П.Туціна, якая ўручала ўзнагароды, пажадала работнікам гаспадарак высокіх надояў і вялікіх прыростаў. Дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі прадстаўнікі ААТ «Ружаны-Агра», «Велікасельскае Агра», «Мурава» і іншых гаспадарак раёна.
Добры настрой для шчырых працаўнікоў стваралі салісткі Палаца культуры Таццяна Паласьмак, Кацярына Цяжолава, Анастасія Ціхановіч, Аксана Казлоўская і вакальны гурт «Дзявочнік» Мокраўскага СДК.
Будзем спадзявацца, што ўзнагароды раённага ўзроўню стануць добрым штуршком да далейшага развіцця жывёлагадоўчай галіны Пружаншчыны.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).