Суббота, 13 апреля 2024

Пружанскі малочны камбінат і санаторый «Ружанскі» ў ліку лаўрэатаў конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2023 года

207

Адразу некалькі вядомых у Пружанскім раёне і далёка за яго межамі арганізацый сталі лаўрэатамі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» па выніках 2023 года.

Не першы год паспяхова ўдзельнічае і перамагае ў прэстыжным конкурсе ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

На гэты раз у прадпрыемства некалькі ўзнагарод. У намінацыі «Харчовыя тавары» прызнаны лаўрэатамі тры віды прадукцыі камбіната. Гэта сыр «Пружанскі» са смакам вяршкоў, паста тварожная пастэрызаваная з водарам ванілі і масла сметанковае закусачнае салёнае з часнаком і кропам. Усе гэтыя тавары на паліцах магазінаў можна знайсці пад брэндам «Шчодрыя Пружаны», і ўсе яны, нагадаем, былі прэзентаваны камбінатам акурат да 590-годдзя нашага горада і сталі своеасаблівым падарункам з нагоды юбілею. У іх якасці ўжо змаглі пераканацца шматлікія пакупнікі.

Ацаніла якасць пружанскай прадукцыі і журы конкурсу. ААТ «Пружанскі малочны камбінат» па яго выніках адзначана таксама спецыяльнай узнагародай «Стабільная якасць», што ў чарговы раз пацвярджае высокі ўзровень прафесіяналізму і любові да справы пружанскіх масла- і сыраробаў.

Не патрабуе дадатковай рэкламы і, бадай, адна з самых вядомых здраўніц Беларусі — санаторый «Ружанскі». Па выніках конкурсу «Лепшыя тавары» 2023 года ў адкрытага акцыянернага таварыства таксама некалькі ўзнагарод.

Санаторый «Ружанскі» стаў лаўрэатам у намінацыі «Паслугі насельніцтву» за аказанне паслуг па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Папоўніў скарбонку ўзнагарод «Ружанскі» і спецыяльнай узнагародай «Выбар спажыўцоў». Яна ўручалася па выніках галасавання і сёлета прысуджалася ўпершыню.

Усяго лаўрэатамі конкурсу ў 2023 годзе прызнаны 293 тавары, якія выпускаюцца 161 арганізацыяй краіны. Пераможцам уручаць дыпломы, ім жа будзе дадзена права па працягу двух гадоў размяшчаць лагатып конкурсу па сваёй прадукцыі. Ён, у сваю чаргу, сведчыць пра высокую якасць і запатрабаванасць паслугі, што вельмі актуальна ў 2024-м, Годзе якасці, і выступае своеасаблівым арыенцірам пры выбары для спажыўцоў.

Уладзіслаў Шпарла