Падведзены вынікі штогадовага конкурсу майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Пружанскага раёна. Ушанаванне працаўнікоў гэтай галіны сельскай гаспадаркі адбылося ў Мураўскім сельскім Доме культуры.
На цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха падзякавала прадстаўнікам галіны, якія ў 2022 годзе выканалі сваю работу на самым высокім узроўні, і адзначыла, што прысутныя на мерапрыемстве — прафесіяналы сваёй справы, якімі па праве ганарыцца раён.
Дырэктар племянной станцыі па Пружанскім раёне Мікалай Цэван яшчэ раз нагадаў, што штучнае асемяненне буйной рагатай жывёлы адыгрывае ў сельскай гаспадарцы вялікую ролю, бо гэта, у першую чаргу, абнаўленне і папаўненне статка. А ў наступным — павышэнне надояў і якасці малака, якая ўзрастае, калі карова штогод прыносіць цялятка. Таму гэтай справай займаюцца людзі вопытныя і адказныя, лепшыя з якіх і падымаліся на сцэну для атрымання ўзнагарод.
У намінацыі «Лепшы аператар па штучным асемяненні БРЖ» дыпломам першай ступені быў узнагароджаны Андрэй Петруковіч з ААТ «Жураўлінае», на другім месцы — Марыя Лісіцкая з ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», трэцяе было прысуджана работніцы ААТ «Шані-аграпрадукт» Святлане Кот.
«Лепшым звяном па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы» былі названы прадстаўнікі ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»: заатэхнік-селекцыянер Марына Бондар, тэхнік-асемянатар Ніна Касюк і ветурач-гінеколаг Аляксей Босін.
«Лепшым заатэхнікам-селекцыянерам» аказаўся Алег Мажэйка з ААТ «Жураўлінае».
Намінацыя «Лепшы малады спецыяліст па штучным асемяненні БРЖ, які адпрацаваў на пасадзе не больш за тры гады» прынесла першае месца Наталлі Бескаравайнай з ААТ «Агра-Калядзічы», другую прыступку заняў Дзмітрый Басараб з «Жураўлінага».
Не здаюць свае пазіцыі і работнікі са стажам, якія заўсёды гатовы падзяліцца вопытам, дапамагчы ў складанай сітуацыі і, канечне, ісці ў нагу з часам. Такім работнікам можна назваць Віталя Яцука з ААТ «Ружаны-Агра»: ён стаў першым у раёне ў намінацыі «Лепшы спецыяліст па штучным асемяненні БРЖ, які адпрацаваў на пасадзе больш за пятнаццаць гадоў». На другім месцы апынуўся Сяргей Калюта з «Пружанскага».
А вось Алена Петраневіч з ААТ «Ружаны-Агра» была названа «Лепшым спецыялістам па вядзенні базы дадзеных БРЖ». Аляксей Чыберкус, які прадстаўляе ААТ «Жураўлінае», стаў «Лепшым урачом-гінеколагам» у раёне.
Безумоўна, сваёй працай і сумленным стаўленнем да службовых абавязкаў пераможцы заслужылі ўвагі. Адзначаным работнікам былі ўручаны дыплом і прыгожыя кветкі, а яшчэ кожнага з іх чакаюць грашовыя прэміі ад райвыканкама.
Дарэчы, на ўрачыстай цырымоніі былі цудоўныя песні ад самадзейных артыстаў Мураўскага сельскага Дома культуры, а таксама шыкоўна накрыты стол па месцы правядзення мерапрыемства, за які вялікі дзякуй кіраўніцтву ААТ «Мурава».
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў глядзіце ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_295941023 і https://ok.ru/budni/album/966879051656