Среда, 1 мая 2024

Лепшыя работніцы па праве — у ААТ «Мурава»

499
Калектыў МТФ «Мурава» — жывёлавод Галіна Бегаль, аператар машыннага даення Алена Сівачэнка, аператар машыннага даення Людміла Бернікава, галоўны ветурач гаспадаркі Аліна Баян, аператар машыннага даення Наталля Міхалевіч, загадчыца фермы Людміла Чарняк, памочнік загадчыцы Людміла Канявега, ветурач фермы Дар’я Лявоцкая.

Шчыра мы заўжды працуем,
«Муравы» дабрабыт мацуем.
Нам кароўкі як радня,
Без нас не могуць жыць ні дня.


Аператары машыннага даення МТК «Мурава» Галіна Рудчык, Таццяна Сідарчук, Эвеліна Фядотава.

Пра каровак усё мы знаем,
Надоі ўвесь час падымаем.
Працуем мы старанна і з душою,
Каб малако цякло не ручаём — ракою.


Работнікі МТК «Ізбіцы» – асемянатар Марыя Еўтуховіч, аператар машыннага даення Надзея Анташок.

Мы цялятак вельмі любім,
Даглядаем іх, галубім.
І яны нас прызнаюць,
Прывагі добрыя даюць.


Бухгалтар па зарплаце Алена Данілюк, эканаміст Наталля Маркечка, касір Святлана Купракова, бухгалтар Антаніна Казлоўская, галоўны бухгалтар Антаніна Таразевіч, інспектар па кадрах Вольга Усік, бухгалтары Ірына Жукоўская і Наталля Таразевіч.

Грошы мы лічыць умеем,
У эканоміцы ўсё разумеем.
Старанна кадры падбіраем,
Прэстыж гаспадаркі падымаем.


Дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі:

— Кожны год падносіць нам дні, якіх мы з задавальненнем чакаем, якія прыносяць радасць, з якімі ў кожнага звязаны асабістыя надзеі. Гэта і дзяржаўныя святы, і рэлігійныя, і тыя ж дні нараджэння. Яны даюць нам магчымасць выказаць свае пачуцці, недзе стаць лепшымі. І вось калі гаварыць пра пачуцці, то для гэтага як мага лепш падыходзіць 8 Сакавіка – дзень самых жаданых, чароўных і абаяльных жанчын.

Свята, сапраўды, шчырае і светлае. Менавіта ў гэты дзень мы выказваем сваю любоў да тых, хто дорыць жыццё, прыносіць утульнасць у кожны дом, з’яўляецца памочніцай і дарадчыцай ва ўсіх справах і дае магчымасць нам, мужчынам, праяўляць ініцыятыву, паказваць сябе толькі з лепшага боку, дасягаць высокіх вяршынь ва ўсіх сферах дзейнасці.

А як нашаму сельгаставарыству абысціся без жанчын? Яны ў нас незаменныя працаўніцы, якія паказваюць прыклад стараннай работы на ўсіх участках дзейнасці нашага таварыства. Узяць жывёлагадоўлю. Ці змог бы мужчына з такой пяшчотай адносіцца да сваіх падапечных каровак, цялятак?

Думаю, толькі жанчына здольна так чуйна адносіцца да ўсяго жывога, бо ў ёй ад прыроды закладзена вялікае пачуццё адказнасці і адданасці той справе, якой яна займаецца. Адсюль і аддача, і прыбытак. А гэта ўжо немалаважны складнік для нашай гаспадаркі. Ды і з іншай работай жанчыны спраўляюцца на «выдатна», таму і давяраем ім складаныя і адказныя ўчасткі, у тым ліку і бухгалтэрыю, і падбор кадраў, і аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

А яшчэ жанчына – гэта жонка, маці, бабуля. Як прыемна, калі цябе чакаюць дома, за цябе хвалююцца, калі ты ўпэўнены ў тым, што камусьці патрэбны. Шчасце – калі вяртаешся дадому, а там парадак, утульнасць і шчырая ўсмешка любімай жанчыны. А дзеці, іх выхаванне? Толькі падумаць, колькі сіл гэта адымае!

На жаль, не кожны дзень мы аддаём даніну павагі жанчыне за штодзённую руцінную працу, а часам яе наогул не заўважаем. Шкада. Вельмі хочацца, каб кожны мужчына стаў сапраўднай падтрымкай і апорай сваёй «палавінцы» і не толькі ў святочны дзень дарыў ласку, любоў, надзею, пяшчоту і, несумненна, кветкі.


Нашы самыя лепшыя, пяшчотныя, непаўторныя, мілыя жанчыны!

Са святам віншуем!
Здароўя жадаем!
Вас вельмі шануем!
Для вас — усё, што маем!

У шчасці жывіце
І гора не знайце.
Усмешкі дарыце,
Надзею давайце!

І ружы вам сёння
Ад нас, ад мужчын.
Ад шчырага сэрца:
Са святам жанчын!

Мужчынская палова дружнага калектыву ААТ «Мурава»


Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік і з архіву рэдакцыі