Среда, 15 января 2025

Лепшыя па добраўпарадкаванні машынных двароў — работнікі ААТ «Шані-аграпрадукт»

354

Рыхтуй санкі летам, а зімою — воз. Такога прынцыпу заўсёды прытрымліваюцца ў ААТ «Шані-аграпрадукт». Таму і занялі першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ 2025 года.

Заўжды патрэбна думаць на перспектыву. Калі жыць днём сённяшнім, то наўрад ці ты можаш разлічваць на годны прыбытак у сваёй гаспадарцы. Тут жа як? Нават зімой добры гаспадар плануе пасяўную кампанію наступнай вясны, рамантуе сельскагаспадарчы інвентар, а то і наводзіць парадак на сваім падворку. Так было, ёсць і будзе. І вось глядзіш, з’явіліся грошы на пакупку, для прыкладу, новай саджалкі ці сеялкі, павялічыўся зямельны надзел. Гэта ў разрэзе клопатаў аднаго чалавека, але тое ж самае і ў маштабе сельскагаспадарчага таварыства. Прынцып работы адзін і той жа, аб’ёмы працы розныя.

А значыць, першыя месцы проста так не прысуджаюцца. Спатольваем цікавасць і адпраўляемся ў ААТ «Шані-аграпрадукт».

І словам, і справай гатовы заўсёды дапамагчы загадчык машыннага двара Аляксандр Шчурко, вядучы інжынер Павел Рыбачок і механік Аляксандр Якімавец.

Першае, што кідаецца ў вочы, новая цэментаваная стаянка каля самага машыннага двара. Не, там раней ужо было дзве, але працаўнікоў у гаспадарцы хапае, таму і абсталявалі яшчэ адну паркоўку для аўтамабіляў. Праход на тэрыторыю строга праз кантрольны пункт, транспарт таварыства — праз шлагбаум. На сваім аўто заязджаць забараняецца, вельмі разумна, бо асабістай маёмасці зусім не месца на вытворчай тэрыторыі.

Ля ўваходу журналістаў чакаў вядучы інжынер Павел Рыбачок, які і правёў экскурсію па ўзорным машынным двары. Пачалі з дыспетчарскай, дзе знаходзіцца кругласутачна вартаўнік. Будынак, як, дарэчы, і астатнія, прыгожы і дагледжаны вонкава. Унутры сучасны рамонт, зала пасяджэнняў з новай стыльнай мэбляй. Адзначым і манітор з відэаназіраннем: на Бога спадзявайся, а сам промахаў не рабі!

Чысціня на ўсёй тэрыторыі, якая поўнасцю заасфальтавана. Нічога лішняга нідзе не валяецца, усё расстаўлена па сваіх месцах, у тым ліку і корма- і збожжаўборачная тэхніка, якая пачышчана і знаходзіцца пад новым навесам. Зручна зроблена і мыйка для тэхнікі. Па-першае, яна крытая, сам мыцца падчас дажджу не будзеш, разлічана на дзве адзінкі. Па-другое, для зручнасці зроблены лесвіцы, бо поўнасцю памыць той жа МАЗ знізу вельмі складана.

Пераборкай матора ад МАЗа займаюцца слесар Віктар Кот і вадзіцель Андрэй Целягузаў.

Рухаемся далей і трапляем у рамонтную майстэрню. Працуюць там хлопцы ў цяпле, якое не ўцякае праз вокны, бо яны паменяныя. Каб было бачна, што робіш, асабліва цяпер, падключаны лямпы высокай магутнасці. Канечне, ні ў якім выпадку ў таварыстве не забываюць пра тэхніку бяспекі, пастаянна праводзяцца інструктажы з работнікамі, на кантролі і выпуск тэхнікі на лінію, у тым ліку і праходжанне вадзіцелямі і трактарыстамі тэста на алкаголь. На вытворчасці ўсе аспекты трэба ўлічваць, каб пазбегнуць неспадзяваных непрыемнасцей і клопатаў.

Далей Павел Мікалаевіч прапанаваў наведаць пункт тэхабслугоўвання. І тут усё на сваім месцы, у тым ліку ў памяшканні знаходзіцца пад’ёмнік для легкавых аўтамабіляў і пункт замены колаў. У таварыстве правільна вырашылі: навошта плаціць грошы чужому дзядзьку, калі можам многае зрабіць самі.

Хочаш атрымаць запчастку? Звяртайся да кладаўшчыцы сельгаставарыства Валянціны Савіч.

І ніяк не маглі прамінуць склад запчастак, які ў гэтым годзе быў мадэрнізаваны. Як у аптэцы, усё на паліцах і па катэгорыях. Трэба запчастка? Яе хутка выдасць кладаўшчыца Валянціна Савіч, у якой маецца свой невялікі, але ўтульны кабінет.

Ці гатовы да палявых работ? Па словах вядучага інжынера Паўла Рыбачка, ужо на сённяшні дзень уся неабходная тэхніка падрыхтаваная амаль на сто працэнтаў. Дзякуй за гэта ўсім, хто прымаў непасрэдны ўдзел у дастаўцы запчастак, рамонце і кантролі за зробленым.

Важная дэталь, якую нельга ўпусціць. У ААТ «Шані-аграпрадукт» думаюць не толькі пра надоі і тоны збожжа, але і пра кожнага працаўніка. На машынным двары ёсць памяшканне для прыёму ежы, дзе стаяць халадзільнік, мікрахвалёўка і кулер для вады. Прыемна здзівіў дэкаратыўны вадаём на тэрыторыі, дагледжаны і чысты. Хочаш паглядзець на люстраную гладзь і падумаць аб сваім, асабістым, у абедзенны час, калі ласка! Сапраўдны рэлакс для душы. Калі ты да чалавека тварам, то ён да цябе гэтаксама. Не спадзявайся на добры вынік, калі сябе лічыш вышэй за астатніх. Дзякуй за разуменне гэтага кіраўніцтву ААТ «Шані-аграпрадукт».

Развіталіся з гасціннай гаспадаркай і сабраліся ад’язджаць, але… Не маглі не звярнуць увагу і на два будынкі каля машыннага двара. Для брыгады будаўнікоў адведзена адрамантаванае памяшканне, сучасна выглядае і запраўка. Усё прадугледжана для людзей, застаецца толькі гэтую прыгажосць захаваць, а то і памножыць.

Зразумела, любое добраўпарадкаванне, рамонт тэхнікі каштуюць грошай, і немалых. Але не трэба забываць, што гэтыя ўкладанні ў будучым вернуцца большымі рублямі і ўдзячнымі словамі ад працаўнікоў. Усё залежыць толькі ад падыходу да справы і людзей.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік