Понедельник, 13 января 2025

Лепшыя — на Пружанскім ільнозаводзе! Як прайшлі раённыя спаборніцтвы сандружын (+фота)

1 007

Раённыя спаборніцтвы санітарных дружын прайшлі ў мінулую пятніцу на стадыёне «Мухавец» у Пружанах.

Удзел у падзеі прынялі 10 каманд з розных арганізацый і прадпрыемстваў Пружанскага раёна: ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Мурава», ААТ «Велікасельскае Агра», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Пружанскі льнозавод», ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», КУВП «Камунальнік» і Пружанскі лясгас.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук.

— Цяжка недаацаніць ролю санітарных дружын у ліквідацыі тэхнагенных і кліматычных катастроф. Санітарныя дружыны, як правіла першымі аказваюцца на месцах здарэнняў і ад іх зладжаных дзеянняў залежыць самае дарагое — чалавечае жыццё. Але асноўнае пажаданне, каб усе набытыя вамі веды ніколі не давялося прымяняць на практыцы, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч.

Павіталі прысутных і пажадалі ўдачы ўдзельнікам спаборніцтваў першы намеснік начальніка Пружанскага РАНС Яўген Якаўчук і галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Юрый Юзько.

Першым стаў конкурс страявой песні. Прыгожа, зладжаным маршам і з песняй каманды прайшлі па бегавой дарожцы стадыёна ўздоўж трыбун і пакінулі аб сабе прыемныя ўражанні ў гледачоў.

Пасля чаго пачаліся сапраўдныя выпрабаванні, падчас якіх удзельнікам неабходна было пераадолець пяць розных этапаў. На першым правяралі табельнае абсталяванне санітарнай дружыны. На другім і трэцім неабходна было прадэманстраваць зладжаную работу ў ачагах камбінаванага паражэння і хімічнага заражэння. Чацвёрты этап — гэта работа сандружыны ў ачагу інфекцыйнага захворвання. Ну і апошнім этапам стаў тэарэтычны конкурс, у якім дэманстравалі ўсе свае назапашаныя веды.

У працэсе спаборніцтваў можна было заўважыць, што кожная з каманд была выдатна падрыхтавана, дэманстравала зладжаныя дзеянні на практычных этапах і добрыя веды ў тэарэтычным конкурсе. У дадатак да ўсяго санітарныя дружыны паказалі цудоўныя нумары ў конкурсе мастацкай самадзейнасці і падрыхтавалі цікавыя насценгазеты.

Нялёгка давялося ў гэты дзень суддзям выбіраць прызёраў і пераможцаў спаборніцтваў. Усе каманды паказвалі сябе з лепшага боку.

У выніку судзейская калегія адзначыла ў конкурсе страявой песні каманды ААТ «Пружанскі льнозавод» і ААТ «Шані-аграпрадукт», у конкурсе мастацкай самадзейнасці пераможцам стала таксама каманда ААТ «Шані-аграпрадукт», а ў конкурсе насценгазет адзначана каманда ААТ «Мурава».

У намінацыі «Лепшая сандружынніца» перамогу святкавала Анастасія Янушка, якая прадстаўляла каманду ААТ «Агра-Калядзічы», а лепшым камандзірам дружыны стала Анастасія Уроніч з каманды ААТ «Шані-аграпрадукт».

Ганаровае трэцяе месца ў раённых спаборніцтвах санітарных дружын — у каманды ААТ «Жураўлінае», другое месца заняла сандружына ААТ «Шані-аграпрадукт».

А абсалютным пераможцам спаборніцтваў названа каманда ААТ «Пружанскі льнозавод», з чым мы шчыра яе віншуем! Менавіта работнікі льнозавода прадставяць наш раён у абласных спаборніцтвах санітарных дружын, якія павінны прайсці 26 ліпеня ў Мікашэвічах.

Усе пераможцы ў намінацыях і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі, а камандзе-пераможцы дастаўся яшчэ і кубак.

Руслан Басак.

Фота аўтара

Фотаальбомы са спаборніцтваў сандружын глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303386658 і https://ok.ru/budni/album/981063635336