Суббота, 15 марта 2025

Лепшая «Знаходка» — у Шаняўскім СКБ!

409

У Шаняўскім сельскім клубе-бібліятэцы працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сольных спеваў. Папулярнасцю карыстаюцца аматарскія аб’яднанні «Натхненне» і «Знаходка».

Ансамбль «Знаходка» атрымаў сваю назву невыпадкова. Кожны з яго ўдзельнікаў вельмі багаты на наватарскія знаходкі, ідэі і прапановы. Таму ў аб’яднання разнастайны рэпертуар. Артысты выконваюць як народныя песні, так і шансон, рускі рок 60-х гадоў, а таксама творы ўласнага сачынення.

Кіраўнік дзіцячага гуртка сольных спеваў «Вясёлыя ноткі» Наталля Чэчка, загадчыца Шаняўскога СКБ Таццяна Кабрынец, кіраўнік аматарскага аб’яднання «Знаходка» Анатоль Гароднік падчас рэпетыцыі.

Кіраўнік ансамбля Анатоль Гароднік мае за плячыма… толькі два класы музычнай школы. Спецыяльную адукацыю ў свой час атрымаць, на жаль, не ўдалося, але яму падуладныя многія музычныя інструменты: барабаны, гітара, клавішныя. І асвоены яны былі без дапамогі настаўнікаў — вось гэта сапраўдны талент!

— Кожную нядзелю сем членаў аб’яднання «Знаходка» збіраюцца ў клубе, каб заняцца любімай справай — памузіцыраваць. У гэтых людзей ёсць праца, сем’і, але ў свой выхадны іх разам збірае мастацтва, — адзначае загадчыца Шаняўскога СКБ Таццяна Кабрынец (якая, дарэчы, працуе ў сферы культуры 35 гадоў).

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік