Вторник, 23 июля 2024

Лепшая з лепшых, або Як у Пружанах Міжнародны дзень медсястры адзначалі

1 297

Конкурс медсясцёр у Пружанах традыцыйна прымяркоўваецца да Міжнароднага дня медыцынскай сястры, які адзначаецца 12 мая. Асаблівасць конкурсу ў тым, што ўдзельніцы дэманструюць не толькі прафесійнае майстэрства, але і раскрываюць свае творчыя здольнасці.

На мінулым тыдні на некалькі гадзін малая сцэна Палаца культуры ператварылася ў чароўнае царства… медыцыны. За званне «Лепшая медыцынская сястра Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы» змагаліся Дар‘я Бардукова — медсястра Ружанскай гарадской бальніцы, Вольга Вайцяхоўская — медсястра інфекцыйнага аддзялення, Марыя Шамшорык — медсястра педыятрычнага аддзялення, Кацярына Стасюкевіч — медсястра тэрапеўтычнага аддзялення, Дар‘я Глушко — медсястра неўралагічнага аддзялення і Анастасія Калбасава — медсястра хірургічнага аддзялення. Гэтыя дзяўчаты ўжо былі вызначаны як лепшыя ў сваіх аддзяленнях, цяпер жа трэба было назваць лепшую з лепшых.

Конкурс складаўся з чатырох этапаў: візітоўка «Мая прафесія — мой гонар», дэманстрацыя прафесійнага майстэрства, творчая частка і рэтра-дэфіле «Мода 1945 года». Дзяўчаты распавялі, як прыйшлі ў прафесію, патлумачылі, чаму лічаць, што быць медыцынскай сястрой — гэта ганарова. Узровень прафесійнага майстэрства вызначаўся тэарэтычным тэстам і практычнымі заданнямі. Удзельніцы выконвалі іх прама на сцэне і тлумачылі свае дзеянні для журы і гледачоў. Творчая частка конкурсу паказала, наколькі нашы медсястрычкі крэатыўныя, вясёлыя і рознабаковыя асобы: нехта спявае, нехта захапляецца выпечкай, а хтосьці — рукадзеллем. Заключная частка — рэтра-дэфіле — перанесла ўсіх у далёкі 1945 год.

Святочны настрой удзельніц і гледачоў падтрымлівалі не толькі выступленні творчых работнікаў Палаца культуры, але і саміх работнікаў медустаноў. Вось ужо сапраўды пераконваешся, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Ацэньвала ўдзельніц патрабавальнае журы, якое ўзначальваў галоўны ўрач Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Пачынчык. Без сумнення, журы прыйшлося нялёгка, выбіраючы лепшую з лепшых.

У выніку першае месца і званне «Лепшая медыцынская сястра Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы» атрымала медсястра хірургічнага аддзялення Анастасія Калбасава. Але ніхто з удзельніц не пайшоў без падарункаў: кожная з іх атрымала граматы, заахвочвальныя прызы і кветкі ад адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца». Акрамя таго, памятныя прызы для дзяўчат падрыхтавала раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа.

На гэтым прыемныя моманты свята не скончыліся: за шматгадовую актыўную працу і вялікі асабісты ўклад у развіццё сястрынскай справы былі адзначаны медыцынскія сёстры Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Граматы і грашовыя ўзнагароды ад Беларускага грамадскага аб’яднання медыцынскіх сясцёр атрымалі загадчыца Шчарчоўскага ФАПа Іна Жэдзік, акушэрка жаночай кансультацыі Наталля Новік, медсястра-анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Надзея Патапава, медсястра неўралагічнага аддзялення Наталля Бабрук.

Асобна хочацца адзначыць групу падтрымкі ўдзельніц і ў цэлым гледачоў. Атмасфера ў зале панавала надзіва цёплая, дружалюбная і вясёлая. Свята сапраўды ўдалося. І можна быць упэўненым у тым, што медсёстры, якія працуюць у нашай бальніцы, — прафесіяналы сваёй справы.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/940634660232