Суббота, 12 октября 2024

Лен не любит засуху. ОАО «Пружанский льнозавод» работает наперекор испытаниям

1 004

ААТ «Пружанскі льнозавод» з’яўляецца адным з лепшых прадпрыемстваў рэспублікі ў сваёй галіне. Нашы льнаводы працавалі стабільна на працягу многіх гадоў і падчас кожнага перапрацоўчага сезона пацвярджалі свой высокі клас. Самым удалым быў для пружанскіх ільнаводаў 2014 год, калі таварыства атрымала рэкордны ўраджай ільновалакна — 21 цэнтнер з гектара і нарыхтавала 15 тысяч тон ільнотрасты.
Апошнія некалькі гадоў ільнаводам проста не шанцуе. Лён не пераносіць спякотнага надвор’я, якое апошнім часам летам паўтараецца практычна штогод. Так, у 2015 годзе ўраджайнасць ільновалакна склала 10 цэнтнераў з гектара, у мінулым — 14,1, а сёлета і таго менш — 6,7 цэнтнера з гектара.

Выгрузка льнотрасты, дастаўленай з Віцебскай вобласці (вадзіцель аўтамабіля Я.Б.Кавалеўскі і вадзіцель пагрузчыка «Маніту» В.У.Сімановіч).

— Для нармальнай загрузкі нашых магутнасцяў неабходна нарыхтаваць на сезон перапрацоўкі каля 11 тысяч тон ільнотрасты, — гаворыць дырэктар ільнозавода М.С.Жогал. — Уласнай трасты назапасілі сёлета 7364 тоны. Траста адпавядае сярэдняму нумару 0,64, і атрымаць з яе можна будзе ў асноўным кароткае валакно.

Аператар лініі доўгага валакна Г.В.Мурыновіч.

Яшчэ тысячу тон сыравіны прадпрыемства атрымала з Драгічынскай ільнонасенстанцыі.
Зразумела, што гэтай трасты будзе недастаткова на ўвесь сезон перапрацоўкі. Але Мікалай Сцяпанавіч не сядзіць склаўшы рукі і шукае выйсце са складанага становішча.
Дырэктар дамовіўся з кіраўніцтвам Дубровенскага і Арэхаўскага льнозаводаў Віцебскай вобласці аб нарыхтоўцы трасты на іх тэрыторыі ўласнымі сіламі.
— Для перавозкі тэхнікі на Віцебшчыну набылі спецыяльны трал, — тлумачыць кіраўнік ільнозавода. — Гэты ж трал перавозіць і трасту ў рулонах.
На Віцебшчыне вахтавым метадам цяпер працуе паўтара дзясятка механізатараў з Пружанскага льнозавода, а таксама абарачальнікі трасты, прэс-падборшчыкі, пагрузчыкі. Траста дастаўляецца ў Пружаны ўласным транспартам. Вядома, што адлегласць перавозак складае каля паўтысячы кіламетраў і, магчыма, гэта нявыгадна для таварыства, але забяспечанасць людзей работай выходзіць на першы план. Да таго ж прывезеная траста вызначаецца даволі высокай якасцю. Па словах Мікалая Сцяпанавіча, з Віцебскай вобласці мяркуецца даставіць каля тысячы тон сыравіны.

Грузчык С.М.Кавалевіч.

Каб забяспечыць занятасць работнікаў, на льнозаводзе плануюць запусціць уласную пілараму, якая некалі тут працавала.
Дырэктар прадпрыемства, вядома, ужо жыве думкамі пра ўраджай наступнага года. Каля 2500 гектараў зямель будзе выдзелена пад лён у гаспадарках нашага раёна. Яшчэ 250-280 гектараў будзе засеяна даўгунцом у суседніх раёнах. Мікалая Сцяпанавіча хвалюе тут некалькі акалічнасцей. Неабходна, каб землі былі прыгоднымі для вырошчвання лёну, а палеткі — буйнаконтурнымі, паколькі на перагон тэхнікі трацяцца значныя грашовыя сродкі.
А ўвогуле механізатары механізаванага атрада завода ўжо прыступілі да восеньскага ворыва на будучых ільняных палетках. Будзем спадзявацца, што наступны год стане ўдалым для пружанскіх ільнаводаў.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *