Адразу пасля выхаду першай старонкі пра братоў нашых меншых чытачы сталі падказваць тэмы для наступных публікацый. Напрыклад, ад імя жыхароў вуліц Урбановіча і Паркавай да нас звярнулася Марыя Пятроўна.
Справа ў тым, што гэтыя вуліцы і гарадскі парк вельмі любяць выкарыстоўваць для выгулу гаспадары сабак усіх парод. І, па словах чытачкі, пераважная большасць сабакаводаў не прыбірае за сваімі гадаванцамі. А ў выніку газоны і іншыя тэрыторыі нагадваюць «мінныя палі», якія ты рызыкуеш «размініраваць».
Нашы падпісчыкі https://vk.com/publicbudniby паспрабавалі запэўніць, што праблема гэтая надуманая: маўляў, усе адказныя сабакаводы прыбіраюць за сваімі гадаванцамі і нават падказалі нам герояў наступнай публікацыі.
ШУСЦЕР – ПРАДСТАЎНІК НЕТЫПОВАЙ ДЛЯ ПРУЖАН ПАРОДЫ «КІТАЙСКАЯ ХАХЛАТАЯ», А КАЦЯ – ЯГО АДКАЗНАЯ ГАСПАДЫНЯ.
— Прыбіраць за сваім сабакам прынята ва ўсім цывілізаваным свеце. У іншых краінах, ды ўжо і ў буйных беларускіх гарадах, у месцах выгулу нават стаяць аўтаматы з неабходнымі для гэтага прыладамі. Паколькі ў нас у горадзе такіх умоў няма, пакецікі я набываю сама. Часцей за ўсё праз інтэрнэт, бо ў нашых магазінах я сустракала прылады толькі для вялікіх сабак. Але ведаеце што? Я гуляю з Шусцерам два разы на дзень штодзённа і… за ўвесь гэты час я сустракала толькі яшчэ адну гаспадыню, якая прыбірае за сваім пудзелем. Думаю, усё гэта сведчыць аб невысокай культуры нашых аматараў.
— Каця, а як у вашай сям‘і з’явіўся Шусцер? Чаму выбар выпаў на такую незвычайную пароду?
— Шусцер прыехаў да нас на тыдзень у госці, а пасля мы не змаглі з ім развітацца. Муж наогул не хацеў заводзіць сабаку, а я проста не разглядала кітайскіх хахлатых як варыянт. Цяпер гэта любімец усёй сям’і, нават бабуля вяжа яму ўборы.
Шусцер вельмі разумны, выконвае каманды “сядзець”, “голас”, “дай лапу” і нават можа заспяваць пры камандзе “спявай”. А вось калі скажаш яму “чакай”, ён будзе цярпліва чакаць дазволу, каб узяць ласунак. Дрэсіравала яго я сама, выкарыстоўваючы трэнінг-пячэнькі.
— Вы вельмі адказна ставіцеся да выхоўвання сабакі…
— А як інакш? Так, я займаюся з ім, прыбіраю за ім, важу да грумера ў Пружанах, да ветэрынара ў Кобрын, плачу падатак. Шусцер стаў паўнавартасным членам сям’і. Для мяне ўсё гэта прыемныя клопаты, тым больш што Шусцер за ўсё адплачвае бязмежнай любоўю.
***
За 2018 год у раённы бюджэт паступіла 2 596 рублёў падатку на сабак. Сёлета ўладальнікам зарэгістраваных сабак налічана ўжо 1497 рублёў.
***
Каб плаціць падатак за свайго гадаванца, яго трэба зарэгістраваць. Гэта можна зрабіць у жыллёва-камунальнай службе па месцы жыхарства на працягу трох дзён пасля таго, як сабака з’явіўся ў доме. Кошт за ўтрыманне сабакі будуць выстаўляць у «жыроўках» на аплату камунальных паслуг.
***
Ад выплаты падатку за сабаку вызвалены толькі некаторыя катэгорыі людзей. Да іх адносяцца, напрыклад, інваліды па зроку, для якіх утрыманне сабакі-павадыра — жыццёвая неабходнасць.
Не плаціць — але толькі за аднаго сабаку — могуць непрацуючыя пенсіянеры, інваліды першай і другой групы пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы iх жыхарства працаздольных членаў сям’і. Таксама ад падатку вызвалены тыя гаспадары сабак, якія жывуць ва ўласным доме пры ўмове ўтрымання імі аднаго сабакі, які не з’яўляецца крыніцай атрымання дадатковых даходаў.
***
У некаторых гарадах і раёнах Беларусі падатак знізілі на 10% тым уладальнікам, чый сабака стэрылізаваны і чыпіраваны.
Дзе нельга выгульваць сабаку?
У правілах утрымання хатніх жывёл прыведзены спіс месцаў, дзе
ВЫГУЛЬВАЦЬ САБАК НЕЛЬГА:
*на дзіцячых пляцоўках;
*у дварах жылых дамоў;
*на тэрыторыях аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя і іншых устаноў і арганізацый;
*на стадыёнах;
*на рынках;
*на тэрыторыях жывёлагадоўчых фермаў;
*у скверах і парках.
Але праходзіць да месца выгулу праз усе гэтыя тэрыторыі не забаронена.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).