Галоўнае — паабяцаць здзяйсненне мары. Такім сапраўды безадмоўным спосабам уздзеяння на масы карыстаюцца многія катэгорыі людзей. Некаторыя — сумленна, мяркуючы стрымаць свае абяцанні. Але ёсць і махляры, якія мяркуюць скарыстацца даверлівасцю людзей, атрымаць «дывідэнды» тут і зараз, без усялякага намеру што-небудзь рабіць потым.
На мінулым тыдні наш горад наведалі менавіта такія «гандляры надзеяй», якія прывезлі з сабой «цудадзейныя» прэпараты, зробленыя па рэцэптах «сібірскіх шаманаў і тыбецкіх манахаў».
«Як жа не верыць газеце?»
Каб арганізаваць сабе аўдыторыю, прадстаўнікі гандлёвай кампаніі (ніжэй мы патлумачым, чаму не публікуем яе назву) напярэдадні расклалі па паштовых скрынях гараджан рэкламу, аформленую ў выглядзе газеты пад назвай «Целебникъ». Даволі хітры ход, бо розных лістовак, буклетаў, візітак і т.п. пружанцы атрымліваюць шмат. І ў асноўным не чытаюць усё гэта, выкідваючы ў смецце або ў макулатуру. Да газеты людзі заўсёды ставяцца інакш, прызнаюся, сам прагартаў атрыманы нумар. Калі ж уважліва ўгледзеўся, то зразумеў, што «газета» — звычайны рэкламны буклет, толькі зроблены інакш. І сваёй мэты арганізатары дасягнулі: на прэзентацыю людзі прыйшлі. Прыйшоў і я і стаў сведкам такой размовы.
— А ты ўпэўнена, што табе трэба менавіта гэта лякарства?
— Дык я ж прачытала ўважліва ў газеце, што толькі яно мне і падыходзіць. А як жа газеце не верыць?
На гэта і разлічвалі гандляры, такім чынам даводзячы звыклую, а часам і раздражняльную, рэкламу, але «пад іншым соусам». Трэба сказаць, што «Белпошта» і, у прыватнасці, Пружанскі ўчастак паштовай сувязі, як расказала яго начальнік Т.Ф.Ільяшэвіч, ніякага дачынення да распаўсюджання «газеты» «Целебникъ» не мае. Разносілася рэклама з дапамогай кур’ераў. І вельмі смешна было назіраць за чарговым падманам, калі на прэзентацыі прадстаўнікі фірмы прасілі ў людзей кантактныя дадзеныя і адрасы, каб потым «даведацца аб водгуках і арганізаваць мэтавую дастаўку сваёй газеты». Упэўнены, што праз месяц-два («гандляры надзеяй» абяцалі праз такі тэрмін зноў наведаць Пружаны) «Целебникъ» таксама з’я-віцца ў паштовых скрынях большасці нашых гараджан, нават у тых, хто не прымаў удзел у прэзентацыі.
Сапраўдная панацэя?
З усмешкай назіраў і за самой прэзентацыяй, калі маладыя хлопцы, паказваючы сябе «фармаколагамі, медыкамі і проста ўмудронымі жыццёвым вопытам людзьмі», рэкламавалі «аздараўленчыя прэпараты», якія «пазбаўляюць літаральна ад усіх хвароб». Лекамі яны іх не называлі, бо заканадаўствам ім забаронена выкарыстоўваць такі тэрмін. Але ж запэўнівалі, што прывезеныя прэпараты лепшыя за лякарствы, бо «не маюць ніякіх хімічных дабавак, а толькі натуральныя інгрэдыенты». Ад мужчынскіх і жаночых хвароб, ад узроставых змяненняў у арганізме, ад парушэнняў самаадчування, выкліканых жыццёвымі абставінамі і нездаровай экалогіяй. Для скуры, вушэй, вачэй, унутраных органаў… Словам, для ўсяго, з-за чаго ў мяне ўзнікла падазрэнне, што ў каробках можна было б знайсці і яшчэ не вынайдзеную вакцыну ад каранавіруса. А калі не, то ў наступны прыезд «гандляры надзеяй» абавязкова паабяцалі б яе прывезці. Галоўнае — плаціце грошы.
І ўдзельнікі прэзентацыі плацілі. Прадстаўнікі фірмы пераконвалі, што для дасягнення поспеху неабходна, каб у арганізме назапасілася неабходная колькасць патрэбных для выздараўлення рэчываў. А значыць, варта купляць не 1-2 флаконы ці цюбікі, а 4 ці яшчэ лепш 8, пасля прыёму якіх «вернецца маладосць».
Гавару абсалютную праўду, бо адной бабулі малады кансультант менавіта так і паабяцаў. Таму старыя і набіралі па некалькі пачак, кожная з якіх каштавала ад 19 да 23 рублёў. Адна пажылая наведвальніца выграбла з кашалька літаральна ўсе грошы, толькі б пазба-віцца ад пагрозы аперацыі на вочы.
— Я пазбаўлюся ад катаракты з дапамогай вашых капляў?
— Абавязкова, толькі бярыце адразу на поўны курс.
Тут хочацца дадаць: «каб больш да нас не звяртацца». Бо хлусня кансультанта відавочна: каб усё было так проста, тады навукоўцы не распрацоўвалі б лазерныя апараты, не ўдасканальвалі б методыкі правядзення аперацый з заменай хрусталіка. А проста прымянялі б цудадзейныя «капелькі».
Трэба сказаць, што не ва ўсіх выпадках прадстаўнікі фірмы дзейнічалі без сумлення. Адна з пенсіянерак расказала, што ўрачы паставілі ёй вельмі сур’ёзны дыягназ і прапісалі адпаведныя лекі. Кансультант прапанаваў сваю прадукцыю, але папярэдзіў, што прымаць каплі лепш разам з выпісанымі ўрачом лекавымі сродкамі. Спадзяюся, што жанчына ўсё-такі не адмовіцца ад сапраўднага лячэння і непажаданых наступстваў удасца пазбегнуць.
Што засталося «за кадрам»?
Хаця строга па заканадаўстве гэтых «гандляроў надзеяй» і нельга лічыць аферыстамі, на маю думку (і гэта толькі маё меркаванне, за якое я згодны адказваць), гэта сапраўдныя махляры. Менавіта з-за таго, што некаторую, вельмі важную інфармацыю яны пакінулі «за кадрам», не акцэнтуючы на ёй увагу.
Па-першае, хоць яны і сказалі, што прывезлі харчовыя дабаўкі, але толькі для таго, каб падкрэсліць адсутнасць у прадукцыі якіх-небудзь хімічных інгрэдыентаў. Па складзе «аздараўленчыя прэпараты» выглядаюць як звычайныя фіта-чаі ці травяныя зборы, даступныя ў любой аптэцы (прычым, па значна меншым кошце). Можна і самому назбіраць лісця чарніц, грэцкага арэха, хмелю, глогу і іншых складнікаў, купіць каплі сардэчніка або валяр’яны. Менавіта яны ўваходзяць у склад практычна ўсіх прывезеных прэпаратаў. Некаторыя зроблены на аснове мёду і раслінных масел. Словам, усё гэта можна зрабіць нават самастойна, не набываючы «глыток чаю» за 19 або 23 рублі. Дарэчы, так і запісаны ўсе «аздараўленчыя прэпараты» ў дэкларацыях адпаведнасці: касметычная або харчовая прадукцыя. Кампанія, якая пастаўляе з Расіі ў Беларусь «панацэю ад усіх хвароб», зарэгістравана як аптовы прадавец харчовых тавараў.
Па-другое, варта звярнуць увагу на тое, што травяныя зборы хаця і маюць танізуючае, прафілактычнае, супакойваючае або падтрымліваючае ўздзеянне, але не лечаць і, тым больш, не з’яўляюцца панацэяй ад усіх хвароб. І падчас прэзентацыі маладыя людзі не прывялі годныя пацвярджэнні ўласцівасцей прапануемай прадукцыі. Толькі цытавалі водгукі ў сваёй «газеце», сапраўднасць якіх, напрыклад, у мяне выклікае вялікія сумненні. Як, напрыклад, прыведзеныя тут шматлікія меркаванні «ўрачоў», пра якіх не гаворыцца, дзе яны працуюць. А праз інтэрнэт мы не змаглі адшукаць гэтых «свяціл медыцыны».
І трэцяе, пра што не расказвалі прадстаўнікі фірмы, але, лічу, неабходна ведаць нашым чытачам. У 2019 годзе, улічваючы шматлікія скаргі падманутых пакупнікоў, Мінгарвыканкам забараніў рэкламу і распаўсюджанне на тэрыторыі Мінска і раёна як самога выдання «Целебникъ», так і «аздараўленчых прэпаратаў», якія там апісаны. Да слова, у некаторых расійскіх гарадах таксама пачалі забараняць распаўсюджанне падобных «цуда-лекаў». У 2016 годзе Гомельскі аблвыканкам чатыры разы прыцягваў да адміністрацыйнай адказнасці фірму-прадаўца. З-за немагчымасці адшукаць яе законных прадстаўнікоў справы перададзены ў суд і ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.
Але, на жаль, гэта толькі «мясцовыя» рашэнні, якія дзейнічаюць на абмежаваных тэрыторыях, а не па ўсёй краіне. Таму «гандляры надзеяй» гастралююць па гарадах Беларусі, збіраючы даволі сур’ёзныя даходы. Толькі ў Пружанах па самых сціплых падліках за паўгадзіны прэзентацыі яны выручылі не менш за 3 тысячы рублёў. А прыехалі яны ў наш райцэнтр у трэці раз…
Аднак і простай забароны недастаткова, бо «круцягам» дастаткова змяніць назву (чаму мы і не называем ні фірму, ні абазначэнні прэпаратаў), замест так званай газеты «Целебникъ» распаўсюджваць, напрыклад, «Лекар». Неабходна на вышэйшым узроўні ставіць перашкоду для любых махінатараў такога кшталту. Якія нават публікацый у газеце не баяцца, аб чым яны паведамілі ў прыватнай размове: маўляў, друкуйце, усё роўна хаця б адзін з дзесяці чытачоў вашай газеты ўсё-такі прый-дзе да нас і прынясе грошы. І гэтага ім хопіць на хлеб не толькі з маслам, але і чорнай ікрой. Яны нават усміхнуліся на маё пытанне: «Ці не сорамна падманваць старых з іх невялікімі пенсіямі?». Відавочна, адказ вядомы ўсім — нічога асабістага, проста бізнес.
«А горш не будзе?»
Такое пытанне перыядычна задавалі ўдзельнікі прэзентацыі, на што атрымлівалі супакойваючыя адказы. Ды і ў самім выданні «Целебникъ» пад апісаннем прэпаратаў напісана: «Перад прымяненнем пракансультуйцеся з урачом». Праўда, у самым незаўважным месцы і дробнымі літарамі.
У адрозненне ад аўтараў рэкламы мы не сталі прыдумваць «знакамітых свяціл медыцыны», а звярнуліся па кансультацыю наконт бясшкоднасці «цуда-прэпаратаў» да добра вядомай усім жыхарам раёна загадчыцы аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Ж.Ж.Ісакавай.
— Я стаўлюся да ўсіх абяцанняў «панацэі» і хуткага пазбаўлення ад любой немачы рэзка адмоўна. Бачу ў такой дзейнасці абсалютную шкоду, зазначае Жанна Жанаўна.
Па-першае, медыцына выкарыстоўвае лекавыя расліны, але яны павінны збірацца вызначаным спосабам і ў вызначаны час. Што і пацвярджаецца сертыфікатам адпаведнасці. Калі яго няма, то такія травяныя зборы могуць стаць сапраўднай атрутай, урачам потым даводзіцца «пацыентаў» ратаваць. Напрыклад, чыстацел можа пашкодзіць печані, ёсць супрацьпаказанні для крапівы, дуброўкі, а для некаторых людзей розныя фіта-чаі наогул з’яўляюцца вялікай небяспекай.
Па-другое, неаспрэчным лічу той факт, што падобныя «гандляры надзеяй» прычыняюць шкоду менавіта хворым людзям, якія шукаюць паратунку ад немачы. Сваімі прапановамі аферысты падмяняюць дыягназы ўрачоў і іх намаганні, прымушаючы адмаўляцца ад прыёму пацверджаных лекавых сродкаў. На жаль, далёка не ва ўсіх выпадках сучасная фармакалогія можа справіцца з хваробамі, але афіцыйныя лекі, якія прайшлі ўсе стадыі выпрабаванняў, могуць хаця б стрымліваць развіццё немачы. І адмаўляцца ад іх прыёму вельмі небяспечна. Пазней будзе вельмі складана выправіць сітуацыю, калі наогул магчыма…
Зрэшты, акцыямі са зніжэннем цэн аферысты выманьваюць грошы ў хворых, не пакідаючы ім магчымасцей на набыццё сапраўдных лекаў. А гэта лічу ўжо прамым злачынствам, што, на маю думку, і трэба адлюстраваць у крымінальным заканадаўстве нашай краіны з адпаведным пакараннем за падобныя дзеянні.
Алег Сідарэнка.