Ларыса Іванаўна Давідзенка, напэўна, ужо і з ліку збілася, колькі юнакоў і дзяўчат яна выпусціла ў дарослае жыццё з трывалымі ведамі па гісторыі і грамадазнаўстве. Увесь яе працоўны стаж, звязаны з Ружанскай школай, бярэ адлік з 1984 года. У адукацыі Ларыса Іванаўна — чалавек невыпадковы. У яе сямейнай настаўніцкай дынастыі ёсць выкладчыкі практычна ўсіх прадметаў. Бацькі Лідзія Андрэеўна і Іван Карпавіч Вашкевічы працавалі на ніве адукацыі ў Зеляневіцкай школе (да слова, бацька шмат гадоў быў дырэктарам гэтай установы). Брат, як і члены яго сям’і, таксама закончыў педагагічную ВНУ. Прафесію настаўніка ў свой час абралі і дочкі Л.І.Давідзенка.
Як шмат гадоў таму настаўнік прывіў любоў да гуманітарнай дысцыпліны ў Ларысе Іванаўне, так і яна цяпер спрабуе абудзіць цікаўнасць да гісторыі ў сваіх вучняў. А вось назваць лепшых з іх яна не бярэцца: таленавітых, здольных было вельмі шмат.

— Уявіце сабе: калі пачынала працоўную дзейнасць, у школе налічвалася каля 1200 вучняў (гэта сёння толькі каля 400). Хіба ўсіх згадаеш?! Паўкалектыву настаўнікаў Ружанскай школы — мае былыя вучні. Некаторыя сталі гісторыкамі, як я: напрыклад, Наталля Зашчук. Шчыра прызнацца, найбольш сумую па сваім апошнім выпуску…
Ларыса Іванаўна разам са сваімі вучнямі традыцыйна ўдзельнічае ў алімпіядах і конкурсах. Сярод тых, хто, дзякуючы глыбокім ведам, змог аказацца ў прызёрах, — Яўген Стасюкевіч, Аляксандра Шагіна, Аляксандра Анонічава… Адна з лепшых вучаніц Лера Літвіновіч — пераможца разнастайных краязнаўчых конкурсаў і навуковых канферэнцый розных узроўняў.
Сёння Л.І.Давідзенка ганарыцца поспехам яшчэ адной сваёй вучаніцы — Ангеліны Кірыковіч. Дзесяці-класніца сёлета стала пераможцай раённай алімпіяды па грамадазнаўстве. Школьніца прызнаецца, што пачала задумвацца пра паступленне і зацікавілася грамадазнаўствам, псіхалогіяй і філасофіяй. Пад кіраўніцтвам настаўніцы дзяўчынка вывучае тыя тэмы, якія ёй найбольш цікавыя. Паводле слоў Ларысы Іванаўны, у гэтай вучаніцы ёсць вялікі патэнцыял і яе задача як настаўніцы — развіць яго.
Марына Вакульская.