Воскресенье, 6 октября 2024

Лайфхак от отличника гимназии: учиться, а не грустить!

1 117

Ён выдатнік вучобы, актывіст, інтэлектуал і проста пазітыўны і сімпатычны хлопчык. Літаральна дзесяць хвілін размовы з ім зарадзілі мяне бадзёрасцю і аптымізмам на цэлы дзень.
Руплівы вучань 5 класа гімназіі Арсеній Солад яшчэ ў мінулым навучальным годзе ўпэўнена заявіў пра свае незвычайныя здольнасці і рэдкі розум, калі перамог на першым, школьным, этапе конкурсу даследчых работ «Маленькія акадэмікі». А нядаўна хлопчык стаў сярэбраным прызёрам раённай навукова-практычнай канферэнцыі для малодшых школьнікаў «Я даследчык», па выніках якой атрымаў дыплом II ступені.
— Я адразу вырашыў выбраць на конкурс тэму, тым ці іншым чынам звязаную з машынамі, паколькі з’яўляюся вялікім аматарам аўтамабіляў, — з задавальненнем распавядае пра пачатак свайго «навуковага» шляху маленькі даследчык. — Параіўшыся з мамай, вырашыў напісаць пра такую важную дэталь салона, як рамяні бяспекі. Здавалася б, маленькая і менш патрэбная ў параўнанні з рухавіком або акумулятарам рэч. Але менавіта яна можа выратаваць жыццё пасажыра і вадзіцеля! І грэбаваць ёю не варта. Менавіта гэта я і даказаў у сваёй працы!
— Пра тое, што Арсеній незвычайны хлопчык, з асаблівым бачаннем на простыя, здавалася б, рэчы, я зразумела адразу, — хваліць свайго былога выхаванца настаўніца пачатковых класаў Алена Сцяпанаўна Мяшэчка. — Я заўсёды была ўпэўнена ў яго ведах і здольнасцях. І вельмі рада, што менавіта гэты хлопчык прыме ўдзел у абласным тэлевізійным праекце «Я ведаю», дзе раскажа пра свае дасягненні.
— Ну, шчыра кажучы, мае дасягненні — гэта занадта гучна сказана. Хутчэй, гэта проста поспехі, рэкламаваць якія, ды яшчэ на камеру, не па мне. Але неяк давядзецца гэта зрабіць, — гаворыць усхваляваны надыходзячай тэлеімпрэзай хлопчык.
Дарэчы, наша гутарка з ім паслужыла нядрэннай рэпетыцыяй перад тэлездымкамі: па меры гутаркі напружанне спадала, і Арсеній шчыра распавёў мне пра многае…
Аказваецца, Арсеній Солад лідзіраваў яшчэ і ў раённым інтэлектуальным конкурсе «Пазнайка». Што не дзіўна: хлопчык у тры гады навучыўся чытаць і сёння з кнігамі не расстаецца.
— Дзякуй маёй маме, якая сабрала вялікую хатнюю бібліятэку. Вось дзе, сапраўды, можна разгуляцца фантазіі: кнігі на любы густ і пад любы настрой! Апошнім часам я заха-піўся кнігамі ў жанры фэнтэзі, у якіх цесна пераплятаюцца рэальнасць і фантастыка. У вольную хвілінку люблю пагартаць ярка ілюстраваныя коміксы і, вядома ж, часопісы пра аўтамабілі.
І не толькі. Арсеній вельмі любіць кнігі па гісторыі і прыродазнаўстве і літаральна зачытваецца апавяданнямі Віталія Біянкі.
— А яшчэ люблю вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы. Усе іх ведаюць і ўсе чытаюць, таму што напісаны яны вельмі лёгка, проста і даступна. А апошнім часам я захапіўся творчасцю беларускага пісьменніка Аляксея Шэіна, з якім пазнаёміўся на «Лёгкіх чытаннях» у палацыку і купіў яго кнігу «Сем камянёў» у 400 старонак. Перыядычна адкрываю і чытаю, — з задавальненнем распавядае пра свае кніжныя захапленні юны знаток, які, дарэчы, у мінулым годзе стаў прызёрам раённай алімпіяды па беларускай мове — заняў 2 месца.
Між іншым, гэтае таленавітае дзіця не застаецца ў баку ні ад музыкі, ні ад спорту.
— Не, у музычнай школе я не вучуся, — прызнаецца хлапчук. — Пад музыку люблю рэлаксаваць і… працаваць. Надзяваю навушнікі і пад мелодыі ў стылі хіп-хоп пачынаю, напрыклад, пыласосіць або мыць падлогу. Альбо што-небудзь майструю (пілу, малаток і адвёртку ў руках трымаю ўпэўнена!).
А што тычыцца спорту, то Арсеній ужо паспеў паспрабаваць свае сілы ў розных секцыях, у прыватнасці, у веласпорце і таэквандо, але…
— Нарэшце знайшоў сябе ў картынгу. Свет матораў і хуткасцей — гэта маё! Але толькі ў вольны ад урокаў час. Навука — важнейшая за ўсё! — робячы выгляд, што сур’ёзны як ніколі, заяўляе юны ўсёзнайка і… жартаўнік. Вось тут да яго партрэта дадам апошні, маленькі, але вельмі значны штрых: Арсеній — прыхільнік старых савецкіх кінакамедый.
— Гэта ж так весела — разбіраць «Івана Васільевіча» разам з «Брыльянтавай рукой» і «Аперацыяй Ы» на цытаты! Яны ж падымаюць настрой. Не, вядома, бывае, і ў мяне часам сум праскоквае, але я хутка ганю яго прэч. Няма чаго, сябры, сумаваць!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.