25 мая адбылася прыёмка дзяржаўнай выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі «Аздараўленчы лагер «Дубок» Пружанскага раёна» з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.
Прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый на чале са старшынёй камісіі намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам і намеснікам старшыні камісіі начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Ірынай Казарэз наведалі «Дубок» з мэтай кантролю выканання плана падрыхтоўкі ўстановы да аздараўленчай кампаніі 2023 года.
Праца па прыёмцы выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі пачалася з даклада выконваючай абавязкі дырэктара лагера Наталлі Дулько.
Тэрыторыя лагера прыбрана ад сухой расліннасці і ламачча, знесены дрэвы, якія знаходзіліся ў аварыйным стане, пакладзена тратуарная плітка паміж сталоўкай і клубам (больш 150 кв. м). З’явілася сцяжынка для пад’езду машын з прадуктамі харчавання, засыпаная фрэзератам. Таксама быў заменены плот паміж лазняй і складам, пафарбаваны ўсе альтанкі, лаўкі, умывальнікі. Праведзена рэвізія электрапрыбораў, праводкі, закуплена неабходнае абсталяванне для рамонту вулічнага асвятлення. Кастровая ачышчана ад расліннасці, свежы выгляд набылі турнікі і трэнажоры на стадыёне. Завяршаецца касметычны рамонт спальных карпусоў, медблока, будынка клуба і харчблока лагера. Зараз праводзіцца абкошванне травы на ўсёй тэрыторыі, каб апрацаваць яе ад кляшчоў. Выкананы ранейшыя рэкамендацыі ад супрацоўнікаў МНС і Энерганагляду, па выніках праверкі санітарнай службы праводзіцца работа па выпраўленні недахопаў.
— Былі набыты дэзынфіцыруючыя, мыйныя сродкі, будаўнічыя, рамонтныя матэрыялы, гаспадарчыя тавары, інвентар, самаратавальнікі і вогнетушыцелі. Закупілі новую мэблю, рэцыркулятар паветра, воданагравальнік, спортінвентар. Таксама ў гэтым годзе ў лагеры з’явілася новае музычнае абсталяванне — мабільная калонка з мікрафонамі і мікшарам, — паведаміў Андрэй Копыл, загадчык сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх. — Плануем па заканчэнні аздараўленчага сезона выканаць рамонт двух спальных карпусоў.
Пасля агучвання даведкі члены камісіі накіраваліся ў рэйд па тэрыторыі «Дубка». Былі ўважліва агледжаны ўсе аб’екты на тэрыторыі лагера, даваліся слушныя заўвагі па вырашэнні той ці іншай праблемы.
Падчас працы камісіі на ўсёй тэрыторыі лагера працягвалася падрыхтоўка ўстановы да адкрыцця: работнікі касілі траву, прыводзілі ў парадак уваход у клуб, мянялі лямпачкі ў ліхтарах.
Пасля пільнага і ўважлівага агляду ўсіх кропак установы адукацыі камісія агучыла рэкамендацыі, на выкананне якіх адміністрацыі дадзена пяць дзён.
Зусім хутка лагер адчыніць дзверы для наведвальнікаў, і ціхі сасновы лес загучыць вясёлымі дзіцячымі галасамі: першая змена пачнецца ўжо 5 чэрвеня.
Юлія Янушка. Фота аўтара