Акцыя пад такой назвай стартавала на Брэстчыне 9 красавіка. Днямі яе ўдзельнікі завіталі на Пружанскую зямлю.
Ініцыятарамі акцыі выступілі Брэсцкі абласны камітэт БРСМ і 38-я Брэсцкая асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая Венская Чырванасцяжная брыгада.
У скверы імя Гудзімава, які паспелі да гэтага дня рэканструяваць, замяніць памятныя знакі на Алеі Славы з выявамі герояў, імёнамі якіх названы вуліцы горада, адбыўся ўрачысты мітынг.

З кранальнымі словамі аб значнасці Вялікай Перамогі звярнуўся да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. «Наша задача — данесці да ўсіх, асабліва да моладзі, значнасць гераічнага мінулага краіны, яе вялікі ўклад у перамогу над фашысцкай навалай. Гэту святую праўду трэба ведаць усім нашчадкам салдат Вялікай Айчыннай вайны», — падкрэсліў выступоўца.
Руслан Васільевіч таксама адзначыў, што захаванне памяці аб подзвігу нашых дзядоў, прадзедаў канцэнтруецца на патрыятычным выхаванні нашчадкаў, а гэта ў тым ліку падтрымка ў належным стане помнікаў, мемарыялаў, брацкіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Сквер імя Гудзімава з’яўляецца адным з памятных месцаў Пружаншчыны, куды мы прыходзім і аддаём даніну павагі нашым героям. Руслан Супрыновіч пажадаў міру, дабра, адзінства і павіншаваў усіх з надыходзячым святам — 80-годдзем Вялікай Перамогі.

Звяртаючыся да прысутных, Юрый Сегянюк расказаў аб гісторыі стварэння акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі», дзе яе ўдзельнікі пабывалі, с кім сустрэліся. Юрый Сяргеевіч адзначыў, што мэта гэтай місіі – захаваць памяць, увекавечыць яе ў гістарычнай праўдзе, аблічбаваных памятных мясцінах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.
Гэта адбылося і ў скверы імя Гудзімава. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, першы сакратар абкама БРСМ Юрый Сегянюк, ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка ўрачыста адкрылі памятную таблічку з QR-кодам. Цяпер, навёўшы сканер мабільнага тэлефона, можна па спасылцы прачытаць гісторыю гэтай памятнай мясціны, з імем якога героя яна звязана, калі адбылося адкрыццё сквера і інш. Аблічбаваны і імёны герояў на Алеі Славы. Спасылка накіроўвае на сайт газеты «Раённыя будні», дзе можна прачытаць біяграфіі тых людзей, імёны якіх прысвоены вуліцам Пружан.
Пасля мінуты маўчання да памятнага знака былі ўскладзены вянок і кветкі ад удзячных нашчадкаў.
Не толькі мітынгам і адкрыццём памятнай таблічкі азнаменаваўся гэты дзень.
Да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паўла Афанасьевіча Новікава з віншаваннямі і падарункамі завіталі першы сакратар Брэсцкага абкама БРСМ Юрый Сегянюк, першы сакратар Пружанскага райкама БРСМ Ульяна Апаляйчук, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, юныя актывісткі БРСМ, салісты ВІА «Арлы над Бугам». Нашаму шаноўнаму ветэрану казалі мноства цёплых слоў, віншавалі з надыходзячым юбілеем Вялікай Перамогі, уручалі падарункі, кветкі. Зразумела, не абышлося без славутых песень «Дзень Перамогі» , «Смуглянка». Паўла Афанасьевіча знаёмыя матывы кранулі да глыбіні душы. Ветэран нават падпяваў артыстам.
Затым у Палацы культуры адбыўся канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля «Арлы над Бугам». Але спачатку Юрый Сегянюк уручыў падзячны ліст Руслану Супрыновічу за цеснае супрацоўніцтва, падтрымку райвыканкамам ініцыятыў абласнога і раённага камітэтаў БРСМ.
Памяць жыве ў кветках Вялікай Перамогі, нашых справах, здзяйсненнях, працоўных дасягненнях.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара