Памятаю, як аднойчы на ўроку ў нядзельнай школе на пытанне, чаму Бог стварыў жанчыну, адзін хлопчык адказаў: “Каб даглядаць райскі сад”. І малы меў рацыю. Госпаду патрэбныя былі рукі, здольныя захаваць і прымножыць створаную Ім прыгажосць. Я часта думаю пра гэта, калі падыходжу да храмаў, пагосты якіх большую частку года патанаюць у кветках.
— Кветкамі, можна сказаць, адзначана намоленая зямля. Святы праведны Іаан Кранштадскі нездарма называў кветкі “рэшткамі Раю на зямлі”, — кажа жыхарка в.Новыя Засімавічы Галіна Аляксандраўна Рамановіч.
З моманту з’яўлення тут храма ў гонар іконы Багародзіцы “Неспадзяваная Радасць” гэтая жанчына даглядае кветкавыя “астраўкі” вакол яго.
— Любоў да кветак прывілі мне маці і сястра-фларыст, а любоў да царквы — бабуля. Яна з дзяцінства вадзіла мяне ў храм у Рудніках. А потым… мяне зацягнула свецкая мітусня, — прызнаецца гераіня.
Быў у яе царкоўным жыцці вельмі працяглы, як сама кажа, “камсамольскі перапынак”, затым служба ў арміі — планшэтыстам каманднага пункта 181-й верталётнай базы, якая размяшчалася на той момант у Новых Засімавічах. Занятасць не давала магчымасці часта ездзіць у Пружаны на набажэнствы.
А вось калі ў Новых Засімавічах пачалі будаваць свой храм, Галіна Рамановіч зразумела: настаў час… І ўвайшла ў царкву з лёгкай душой.
— Маё вяртанне ў царкоўнае ўлонне адбылося хутка, без нейкай ломкі. Можа, таму, што настаяцелем храма стаў айцец Сергій Сысаляцін, былы калега, чалавек са звычайнага свету. Ён сам прыйшоў да Бога праз многія цяжкасці і таму, як я верыла, павінен быў зразумець мяне і прыняць. Так і здарылася. Менавіта па блаславенні настаяцеля і пры яго падтрымцы мы, прыхаджанкі храма, разбілі тут кветнік і заняліся, як умелі, ландшафтным дызайнам, — распавядае жанчына.
«Сыравінная база» папаўнялася вельмі хутка. Некаторыя кветкі Галіна Аляксандраўна набывала на рынку, нейкія расліны прыносілі прыхаджане са сваіх участкаў. Спачатку ўсё высаджвалася даволі хаатычна, але паціху, год за годам кампазіцыя упарадкоўвалася.
— Зараз, размяшчаючы расліны, я прымаю да ўвагі час іх цвіцення, патрабавальнасць да святла, дэкаратыўнасць і афарбоўку, — тлумачыць фларыстка. — Мару наладзіць наша кветкаводства так, каб найбольшую прыгажосць клумбы набывалі да вялікіх праваслаўных святаў, напрыклад, да таго ж Успення, калі ў храмах асвячаюцца букеты, да Нараджэння Багародзіцы, Узвіжання або Пакрова. Кветкі, у адрозненне ад людзей, ведаюць свой час, на клумбе ўсё мае свой парадак і сваё месца.
Галіна Рамановіч імкнецца да таго, каб спалучэнне колераў і адценняў кветак заўсёды выгляда эфектна, гарманіравала з навакольным асяроддзем.
— Кветкі — гэта найбольш каштоўнае ўпрыгожанне прыроды. Яны радуюць позірк і надаюць сілы. Іх духмянасць вядомы святы Лука Крымскі параўноўваў з фіміямам Богу, а самі суквецці — з кадзільніцамі. Я Вам больш скажу: кожная кветка ў царкве з’яўляецца сімвалам дасканаласці Божага тварэння. Напрыклад, белыя лілеі — гэта песня душэўнай чысціні і нявіннасці, таму яны часта малююцца на іконах Дабравешчання. А незабудкі асацыіруюцца са сціпласцю, прастатой, пакорлівасцю і вечнай любоўю. Ёсць нават прыгожая казань пра тое, што гэтыя кветачкі прыйшлі да Бога і папрасілі даць ім назву. “Ні я, ні людзі вас ніколі не забудуць”, — адказаў Творца… Вось так завіхаешся каля кветачак і нібы Евангелле чытаеш. Даглядаю ружы — і ўспамінаю пра калючы цярновы вянок на галаве ў Хрыста, прарэджваю ісоп — і чытаю радкі з 50-га псалма “Окропиши мя иссопом, и очищуся”…
Галіна марыць высадзіць каля храма “ўсе кветкі на свеце”.
— Няхай іх догляд адымае нямала часу і сіл, няхай я ніколі не змагу канчаткова перамагчы пустазелле на клумбах, але ў той жа час я ведаю, што калі перастану даглядаць кветкі, то яны загінуць… І загіне памяць пра блаславёны райскі прыстанак. Калісьці святы Кукша сказаў: “Мару хоць у куточку, але ў раёчку кветкі даглядаць”. І ў мяне тыя ж мары… Хоць у куточку…
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік