Халоднай позняй восенню і зімой нам можа не хапаць яркіх і духмяных кветак. Але не трэба забываць, што ў любую пару года каля нас ёсць тыя, каго мы завём «кветкамі жыцця» — дзеці. Кветкі, што растуць на клумбах і палях, могуць быць абсалютна рознымі па форме, колеры, паху, але ўсё ж такі яны застаюцца кветкамі. Так і маленькія «кветкі жыцця», якія б у іх ні былі асаблівасці здароўя, усё роўна застаюцца дзецьмі. Менавіта такі пасыл прайшоў чырвонай ніткай праз увесь «Кветкавы фестываль», арганізатарам якога стаў Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучэння і рэабілітацыі.
Адкрылі фестываль выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучэння і рэабілітацыі разам з выхаванцамі дзіцячага сада № 6 г. Пружаны, паказаўшы кранальны нумар з папяровымі рамонкамі. Парадавалі гледачоў дынамічным танцам вучні Ліноўскай СШ. Дзяўчынкі ў беласнежных сукенках пархалі па сцэне, нібы белыя матылькі. Узбадзёрылі залу пазітыўным выступленнем «Мы — кветачкі» вучні з Ружанскай СШ. Дзеці і дарослыя ў глядзельнай зале гучна апладзіравалі пасля кожнага нумара, які аб’яўлялі вядучыя фестывалю Ганна Таразевіч і Мірон Талстуха.
На фестывалі можна было пачуць ужо любімыя многімі песні знакамітых артыстаў. Напрыклад, выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучэння і рэабілітацыі падрыхтавалі выдатны нумар пад песню Віталя Карпанава «Сланечнік», а навучэнцы СШ № 4 г. Пружаны ярка і запальна выканалі «Белые розы» групы «Ласкавы май». Таксама свае сяброўскія відэапрывітанні падрыхтавалі да фестывалю дзеці з Камянца і Бярозы.
Знайшоўся час і для невялікага інтэрактыву з маленькімі гледачамі, якія разгадвалі загадкі пра кветкі. А танцавальныя нумары працягваліся. Сваё вясёлае выступленне падарылі вучні СШ № 3 г. Пружаны. Трэба было бачыць, як рухаліся гледачы ў зале пад энергічны танец «Чыка-рыка» ад вучняў Хараўской СШ! Дзеці з Шарашоўскай СШ нагадалі галоўны пасыл фестывалю, выстраіўшыся ў канцы выступлення так, каб папяровыя літары ў руках склаліся ў надпіс «Дети — цветы жизни».
Прыгожым завяршальным выступленнем стаў вакальны нумар ад вучаніц СШ № 5 г. Пружаны.
Напрыканцы мерапрыемства намеснік начальніка аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Алена Дарагасціна ўручыла ўзнагароды ўдзельнікам. Падзякі за актыўны творчы ўдзел у 11-м раённым інклюзіўным фестывалі «#Отличное детство» і фарміраванне інклюзіўнай культуры ў грамадстве былі ўручаны ўсім школам, прадстаўнікі якіх паўдзельнічалі ў мерапрыемстве, і Пружанскаму раённаму цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучэння і рэабілітацыі. І, вядома, якое ж свята для дзяцей без ласункаў! Маленькія ўдзельнікі фестывалю атрымалі салодкія падарункі, дзякуючы спонсарам фестывалю: ААТ «Жураўлінае», ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі».
Увогуле, мерапрыемства атрымалася сапраўды яркім, каляровым і душэўным.
Нас акружае шмат кветак. І не можа быць так, каб адна з іх была горшая за другую. Хіба цюльпан больш прывабны за ружу? Хіба рамонак ярчэйшы за васілёк? Канечне, не, бо кожная кветка ўнікальная і прыгожая. Так і дзеці — усе яны розныя, але кожны з іх па-свойму цудоўны і таленавіты. Нагадаем, што рабяты з асаблівасцямі здароўя заслугоўваюць не толькі жалю і спагады, але і сапраўднай глыбокай павагі, бо кожны дзень яны змагаюцца са сваім захворваннем за права карыстацца звычайнымі і звыклымі для здаровых людзей рэчамі. Не заўсёды гэтую барацьбу можна ўбачыць, але для некаторых такіх дзяцей яна можа працягнуцца і ў далейшым — на ўсё жыццё. І пасля пэўных цяжкасцей ім хочацца адчуваць сябе звычайнымі людзьмі, вартымі добрага стаўлення да сябе, сяброўства, кахання без аглядкі на сваю хваробу. Хацелася б, каб людзі крыху змянілі свае погляды на дзяцей з інваліднасцю. І, можа, ты, шаноўны чытач, будзеш адным з першых, хто ўнясе змены ў свой светапогляд?
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з фестывалю: https://vk.com/album-23306785_299868613 і https://ok.ru/budni/album/971712607112