Четверг, 17 апреля 2025

Кветкавы ўбор

1 616

Наш горад не перастае прымяраць кветкавыя ўборы: сёлета афармленне клумбаў на пружанскіх уліцах вялося не толькі вясной, але працягваецца і летам. Цікавыя ідэі, як крэатыўна і арыгінальна ўпрыгожыць тэрыторыю на месцы пажоўклых на сонцы газонаў, падае ўчастак зялёнай гаспадаркі Пружанскага КУВП «Камунальнік».

20160726_2122_измен.размер

Пра клумбу-кніжку, якая з‘явілася паблізу цэнтральнай раённай бібліятэкі, мы нядаўна пісалі. А цяпер  на вуліцы  Інтэрнацыянальнай — каля магазіна «Палявы» — з’явілася клумбавая кампазіцыя «Пружанскі млын».

Дарэчы, яна мае сваю перадгісторыю. Аказваецца, калектыў азеляніцеляў увасабляў у жыццё эскіз, распрацаваны майстрам участка М.М.Кандарэвіч, ужо ў другі раз. Работнікі «Камунальніка» ўпершыню рэалізавалі сваю задумку ў мінулым годзе ў Іванава, калі  дапамагалі ўпрыгожыць гэты райцэнтр да сустрэчы гасцей абласных «Дажынак». Дарэчы, тады пружанцы занялі першае месца ў конкурсе фларыстычнага майстэрства сярод зялёных гаспадарак Брэстчыны.

20160726_2114_измен.размер

Старанні Марыі Кандарэвіч у аздабленні роднага горада не засталіся незаўважанымі: нядаўна майстар участка зелянгаса была адзначана на пасяджэнні райвыканкама. Але Марыя Мікалаеўна сціпла зазначае, што прыгожыя і дагледжаныя клумбы — заслуга ўсяго калектыву.

— Над тым жа «Пружанскім млынам» працавалі больш дзясятка чалавек, — зазначае Марыя Мікалаеўна. — І ў сваю працу ўкладвалі душу.

Драўляны млын — справа рук сталяра Пятра Токара, устанаўліваў кампазіцыю, якую гарманічна дапоўнілі  воз і снапы жыта, Алег Цёхан. Высаджвалі расаду (а гэта каля 1,5 тысячы штук пятунняў, сальвій, аксамітак, цынерарый і іншых відаў кветак і дэкаратыўных раслін) азеляняльнікі Наталля Пятравічэне, Любоў Велісевіч і Святлана Удавінец. Даглядае цяпер гэтую прыгажосць вадзіцель палівальнай машыны Яўген Стэпусь.

20160721_1494_измен.размер

Паводле слоў Марыі Кандарэвіч, невялікі калектыў участка зелянгаса (усяго восем чалавек) штогод афармляе каля 3000 квадратных метраў клумбаў толькі па горадзе. За сезон, які сёлета ў азеляніцеляў пачаўся напрыканцы сакавіка, на вуліцах Пружан і шэрагу іншых населеных пунктаў высаджваецца каля 100 тысяч штук расады.

На жаль, большасць жыхароў раёна ды і многія арганізацыі не вельмі ахвотна ўдзельнічаюць ва ўпрыгожанні вуліц: згадзіцеся, агульнымі намаганнямі можна зрабіць яшчэ прыгажэйшы ўбор для роднага куточка.

На здымках: Марыя Кандарэвіч; ідуць работы па высаджванні кветак каля «Пружанскага млына».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,

                Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *