У гэтым дапамагае гандаль «жывым» квасам, які арганізаваны філіялам райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці».
Як расказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Красевіч, традыцыйна з пачаткам спякотнага надвор’я класічныя бочкі з квасам выязджаюць на гандлёвыя кропкі ў месцах масавага збору людзей. У райцэнтры вызначаны тры пляцоўкі, дзе прадаецца халодны напой. І з улікам попыту прадпрыемства вырашыла дапоўніць прапануемы асартымент.
— Мы пачалі прадаваць хлебны квас у пластыкавых кегах. Пробную партыю выставілі на продаж у магазіне «Гарачы хлеб», і ўся прадукцыя разышлася вельмі хутка, — падзяліўся Дзмітрый Мікалаевіч. — Вырашылі рэалізаваць напой у такіх ёмістасцях рэгулярна, да таго ж набыць квас у кегах змогуць і жыхары г.п.Ружаны ў пасялковых магазінах «Рамонак» і «Гастраном».
А ў дадатак смачны напой у кегах ад 5 літраў можна будзе заказаць і ўладальнікам аграсядзіб, дзе праводзяцца масавыя мерапрыемствы для наведвальнікаў.
Штодня прадпрыемства гатуе да тоны хлебнага квасу. Прадукцыя не ідзе «ў запас», бо ў рэцэпце няма ніякіх кансервантаў.
Кожны дзень пакупнікам прапануецца толькі свежы прадукт, які карыстаецца павышаным попытам.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік