Падставай для сустрэчы з дырэктарам КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком стала не толькі прафесійнае свята, але і 80-гадовы юбілей, які жыллёва-камунальная арганізацыя будзе адзначаць летам бягучага года. Таму наша размова пачалася з аналізу зробленай працоўным калектывам гэтага прадпрыемства работы, аб’ёмы якой толькі даказваюць вялікую ў сучасных рэаліях запатрабаванасць паслуг ЖКГ.
— Сяргей Васільевіч, напэўна, паслугі «Камунальніка» актуальны толькі для гарадскога насельніцтва, жыхарам вёсак, здаецца, патрэбны толькі вываз смецця?
— Сучасная вёска таксама патрабуе павышэння ўзроўню жыцця, у прыватнасці, цэнтральнымі вода- і цеплазабеспячэннем, каналізацыяй, якімі па раёне карыстаюцца дзясяткі тысяч чалавек. А па вывазу смецця мы, напэўна, адны з лідараў па вобласці: на Пружаншчыне амаль 21 тысяча абанентаў карыстаецца паслугай па ўтылізацыі цвёрдых камунальных адходаў. З улікам чаго можна смела сцвярджаць, што ў раёне няма ні аднаго жыхара, якому не была б патрэбна наша работа. І мы, са свайго боку, штогод імкнёмся павысіць яе якасць. У чым кіруемся Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», Дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021–2025 гады.
На падставе гэтага значная ўвага надаецца ўсім бытавым аспектам, пачынаючы ад умоў жыцця і заканчваючы пакетам паслуг ЖКГ.
Своечасова былі ўведзены ў эксплуатацыю капітальна адрамантаваныя жылыя дамы на вул. Кастрычніцкай, 60 у г. Пру-жаны і вул. Маладзёжнай, 193 у в. Новыя Засімавічы. Выканана замена двух ліфтаў у шматпавярхоўцы №18 па вул. Інтэрнацыянальнай. А яшчэ пабудаваны і ўжо працуюць тры станцыі абезжалезвання вады — у аграгарадках Лыскава, Шчарчова і в. Бакуны, артэзіянская свідравіна ў в. Ласасін, воданапорная вежа ў аг. Шані.
Каб зменшыць страты і мінімізаваць аварыйную складаемую, перакладзена больш за кіламетр водаправодных і 0,7 км каналізацыйных сетак.
Адчувальны аб’ём работ праведзены па добраўпарадкаванні райцэнтра: выкананы бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця на вул. Тармасава, Урбановіча, Савецкай, Кобрынскай, Вішнявецкага, часткі вул. Леніна, Р. Шырмы, Свабоды, скрыжавання Інтэрнацыянальная-Кастрычніцкая агульнай плошчай 39,8 тысячы м2 на суму амаль 1,5 мільёна рублёў. Адноўлены газоны па ўсёй Савецкай з заменай расліннага грунта, таксама на той жа вуліцы спланаваны «злакавы сад» з наладкай асвятлення. Устаноўлена 10 новых аўтобусных павільёнаў, абноўлены тратуарныя дарожкі ў гарадскім парку плошчай 0,9 тысячы м2. А да святкавання Дня Перамогі адрамантаваны на вул. Пушкіна помнік лётчыкам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, з уладкаваннем падсветкі. Таксама падсветка зроблена для музея ваеннай тэхнікі ў скверы Гудзімава і сквера воінаў-інтэрнацыяналістаў па вул. Тармасава, выкананы бягучы рамонт брацкага пахавання на гарадскіх праваслаўных могілках.
— Ні адзін чалавек не скажа, што яму дастаткова таго ўзроўню жыцця, што ёсць зараз, кожны пажадае яшчэ больш яго павысіць. Таму нашым чытачам будзе цікава даведацца аб далейшых планах камунальнай арганізацыі.
— У 2024 годзе запланавана ўвесці ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту жылыя дамы — Урбановіча, 10 і Вашкевіча, 4 у г. Пружаны і Цэнтральная, 15 у в. Н. Засімавічы. А яшчэ выканаем мадэрнізацыю дзвюх кацельняў — у СШ № 4 з пераводам на аўтаматычны рэжым і ў жыллёвым кааператыве г.п. Ружаны — з пераводам з дроў на пелеты.
Будуць пабудаваны станцыі абезжалезвання вады ў аг. Роўбіцк, Варанілавічы і Зіновічы. На стадыі завяршэння работы па замене помпавага абсталявання на галоўнай КНС райцэнтра, а дагэтуль была скончана замена адной ніткі напорнага калектара да ачышчальных збудаванняў. Яшчэ трэба сёлета замяніць водаправодна-каналізацыйныя сеткі ў аб’ёме 1 і 0,7 км адпаведна.
Напрыканцы мінулага года былі набыты 5 новых дзіцячых гульнявых комплексаў, да ўстаноўкі якіх на дваравых пляцоўках шматпавярховай забудовы прыступім, калі вясна стане стабільнай.
У бягучым годзе будзе працягнута асфальтаванне праезнай часткі шэрагу гарадскіх вуліц — частцы Інтэрнацыянальнай, Свабоды, Р. Шырмы, Кастрычніцкай агульнай плошчай каля 25 тысяч м2, на што з абласнога бюджэту выдаткавана 1,1 мільёна рублёў. У планах пабудаваць сеткі вулічнага асвятлення на вуліцы Е. Полацкай і завулку Кобрынскім, праездах ад вул. Кастрычніцкай да вул. Паркавай і ад вул. Чырвонаармейскай да вул. Горкага.
Сёлета жыллёва-камунальная гаспадарка павінна вытрымаць яшчэ адзін экзамен на працаздольнасць. У Пружанах у 2024 годзе пройдзе рэспубліканскі культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу», для сустрэчы якога запланаваны падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Яны ўключаюць стварэнне дадатковых пешаходных дарожак і электраасвятлення ў гарадскім парку, рамонт і афарбоўку фасадаў жылых дамоў на Паркавай, Урбановіча, Савецкай, Інтэрнацыянальнай, Р. Шырмы, ачыстку вадаёма з добраўпарадкаваннем пляжа на Савецкай, устаноўку малых архітэктурных форм і ўладкаванне кветкавага афармлення гарадскіх вуліц, аднаўленне і афарбоўку вулічных агароджаў і многае іншае.
— Ёсць даволі мудрая прымаўка, у якой сцвярджаецца, што не бэсцяць толькі тых, хто нічога не робіць. А з улікам таго аб’ёму работ, які штогод праводзяць камунальшчыкі, можна ўпэўнена сказаць, што калектыў прадпрыемства ЖКГ — людзі стрэсаўстойлівыя і шчыра вераць у запатрабаванасць сваёй справы. І хаця карыстальнікі паслуг вельмі сціплыя на пахвалу, лічу, што ёсць нямала работнікаў «Камунальніка», якія яе заслугоўваюць.
— Безумоўна, хацелася б больш удзячных слоў чуць ад жыхароў раёна, але і мы не забываем сваіх работнікаў. З нагоды прафесійнага свята на Дошку гонару арганізацыі будуць занесены рамшчык Аляксандр Рабчук, аператар Ала Бульчук, вадзіцелі Аляксей Цёхан, Віталь Арцішэвіч, Валерый Чатырбок, Васіль Харонжын, горнічная Таццяна Сівуда, грузчык Дзяніс Мелех, машыніст кацельні Леанід Юзэпчук, майстар Сяргей Грабінскі, рабочая Вольга Пракопчык, інжынер Яўген Сінюк, а Сяргей Друзь — на раённую Дошку гонару. Шэраг работнікаў адзначаюцца ганаровымі граматамі, пісьмамі падзякі абласной арганізацыі, райвыканкама, рённага Савета дэпутатаў, галіновых прафсаюзаў і КУВП «Камунальнік». Начальнік цэха «Жилищник» Алена Разанка сёлета ўзнагароджваецца нагрудным знакам «Ганаровы работнік ЖКГ».
Жадаю ўсім камунальшчыкам добрага настрою не толькі ў святочны дзень, але і на працягу ўсяго года, адчуваючы карысць ад сваёй працы. А яшчэ цярпення і сіл на выкананне ўсіх пастаўленых задач. Дзякую і нашым ветэранам, рукамі якіх зроблены адчувальны задзел, які мы будзем захоўваць і прымнажаць.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік