Хтосьці з вялікіх людзей вельмі трапна параўнаў тэатр са смокінгам, што вісіць у гардэробе не для таго, каб мы яго часта апраналі, а каб заўсёды былі гатовыя да асаблівай урачыстасці. Вось такое незабыўнае свята і падрыхтаваў для гараджан у гонар свайго дваццацігоддзя народны драматычны калектыў “Сейбіты” гарадскога Палаца культуры: на суд гледачоў ён вынес сваю новую пастаноўку – камедыю «Курорт для зяця».
Напісаная вядомым гомельскім драматургам Васілём Ткачовым, упершыню яна была пастаўлена ў 1990 годзе ў беларускім Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Я.Коласа пад назвай «Кветачкі – ягадкі», пазней інтэрпрэтавалася ў пастаноўках розных тэатраў і вось, нарэшце, атрымала сваё новае гучанне ў выкананні пружанскай трупы.
Гэта было незабыўнае відовішча! Усяго пяць чалавек утрымлівалі ў мажорнай напрузе напоўненую да адказу гледачамі вялікую залу Палаца культуры. Здавалася, што вось-вось – і яна трэсне па швах ад выбуховага смеху публікі. Бо не смяяцца з гэтай старой, як свет, гісторыі пра «цёплыя» адносіны цешчы і зяця было немагчыма.
Сюжэт просты: дзяўчына, што пераняла ў сваёй уладнай маці “асаблівыя годнасці”, прывозіць у вёску свайго “не менш годнага” жаніха – крутога гарадскога хлопца, які вырашыў, што сяло – сапраўдны курорт са свежым паветрам і чыстымі вітамінамі, дзе агароды капае рыдлёўка з маторам, сталы накрывае абрус-самабранка, а варэнікі самі ляцяць у рот гаспадару… І пераканаць яго можа толькі яна. Цешча…
Ох, і надзівачыла ж наша таленавітая моладзь! Лепшага траплення ў тыпаж нявесты, чым «фактурная-фігурная» Кацярына Зубко, нельга было і ўявіць. А якія танцавальныя па вырабляў зяць у выкананні Алега Марданя! Не менш здзівіў і Пётр Юзафовіч, які сыграў інфантыльнага дзівакаватага, але гатовага да вялікіх подзвігаў і нават жаніцьбы саперніка-студэнта.
Вельмі дакладна перадала стан цешчы, для якой найгоршы кашмар – гэта нібы прыклеены да канапы гарадскі зяць, непараўнальная Арына Ро.
Што ўжо казаць пра Алега Строка, якому, здаецца, па сілах розныя акцёрскія амплуа. Вясковы п’яніца-забулдыга ў яго феерычным пераўвасабленні глядзеўся падазрона рэалістычна: здавалася, і сапраўды ў шкляным «рэквізіце», з якім ён ні на хвіліну не расставаўся, булькае «жывая вада»…
Быў і шосты, самы галоўны, артыст, які моўчкі назіраў за дзействам з-за кулісаў – Васіль Іванавіч Курачынскі. Мастацкі кіраўнік тэатра, пад наглядам якога некалькі месяцаў акцёры гадзінамі працавалі над пастаноўкай гэтага паўнаметражнага — паўтарагадзіннага спектакля, прыдумлялі сцэнічныя вобразы, шылі касцюмы, рыхтавалі неабходны рэквізіт, чаравалі над музычным афармленнем пастаноўкі.
Усе разам яны выйшлі да гледачоў у самым канцы і, узяўшыся за рукі, у знак удзячнасці нізка пакланіліся ім.
Цёплыя і працяглыя апладысменты, якія паліліся ў адказ з залы, паказалі, што глядач ім паверыў – вось лепшая ацэнка работы «Сейбітаў»! Гэты тэатральны калектыў даказаў яшчэ раз, што тэатр перажыве любыя прароцтвы. Кінематограф, тэлебачанне, інтэрнэт не складуць яму канкурэнцыю, таму што толькі тэатральныя артысты могуць убачыць шчаслівыя твары гледачоў — тут і цяпер.
Алена Зялевіч