Понедельник, 2 декабря 2024

Купон на 100 літраў паліва? Памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы

431

У рэдакцыю патэлефанаваў гараджанін, які хацеў высветліць акалічнасці «новай акцыі», нібыта праводзімай адной з буйнейшых у нашай краіне сеткай аўтазаправачных станцый. Як расказаў чытач, яму на Viber прыйшло паведамленне ад прадстаўнікоў кампаніі аб тым, што даецца магчымасць атрымаць купон на 100 літраў бясплатнага паліва. Для ўдзелу ў акцыі неабходна на пазначаны нумар месенджара скінуць інфармацыю пра сябе: імя, імя па бацьку і прозвішча, дадзеныя вадзіцельскага пасведчання, а таксама назву банка, у якім грамадзянін абслугоўваецца.


Усе патрабуемыя звесткі нібыта будуць уключаны ў спецыяльны спіс, па якім праз некалькі гадзін пройдзе розыгрыш бясплатных купонаў. Нікуды ехаць па іх не трэба, пераможца проста атрымае нумар, які неабходна паведаміць на бліжэйшай АЗС. Але, на самай справе, ніякай акцыі паліўны рытэйлер не праводзіў, хутчэй за ўсё, на запраўцы пасмяюцца з даверлівага грамадзяніна.
У чым сутнасць падобнага падману? Як расказваюць праваахоўнікі, падобныя махлярствы ў Viber або ў Telegram сустракаюцца штогод. Летась фігурыравала іншая кампанія-­ўладальніца сеткі АЗС. Аферыстам патрэбны падрабязныя звесткі пра людзей, якія даводзіцца марудна збіраць праз інтэрнэт. А тут чалавек сам пералічвае свае персанальныя дадзеныя, на падставе якіх варта неўзабаве чакаць «тэлефанавання з банка» або запрашэння на «прэзентацыю».
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.