Среда, 11 ноября 2026

Купальны сезон: гатоўнасць на «дзясятку»

568

Другога мая ў Пружанскім раёне быў афіцыйна адкрыты купальны сезон. Гэта азначае, што вызначаныя зоны для воднага адпачынку падрыхтаваны, інфраструктура прыведзена ў належны выгляд, а матросы-выратавальнікі пераведзены ў «баявую гатоўнасць».

І хаця надвор’е яшчэ не спрыяе водным працэдурам, усё можа змяніцца літаральна за лічаныя дні. Таму сезон і быў адкрыты, нягледзячы на пакуль халодныя паветра і ваду. Як расказвае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, сёлета была праведзена даволі маштабная падрыхтоўчая работа.

— Колькасць саміх зон для воднага адпачынку ў бягучым годзе засталася нязменнай,— паведамляе Юрый Міхайлавіч. — Іх роўна дзесяць і размешчаны яны такім чынам, каб ахапіць як мага большую частку насельніцтва. У прыватнасці, гарадскі пруд па вул. Пушкіна — традыцыйнае месца адпачынку для гараджан і жыхароў прылеглых вёсак. Каб крыху разгрузіць гэты вадаём, некалькі гадоў ужо дазволена купацца і на басейне па вул. Савецкай, дзе зроблены адпаведныя ўмовы. У гэты спіс таксама дабаўлены вадаёмы каля аграгарадкоў Лінова, Клепачы, Кабылаўка, вёсак Носкі, Магілёўцы, г.п. Шарашэва і дзве зоны на беразе возера Паперня — для жыхароў пасёлка і ў ведамстве санаторыя «Ружанскі».

На кожным водным аб’екце гарантавана бяспека шляхам пастаяннага дзяжурства выратавальнікаў. На Пружаншчыне працуюць два паста таварыства выратавання на водах — стацыянарны ў Пружанах і сезонны — на Паперні. На іншых сажалках дзейнічаюць ведамасныя пасты, сфарміраваныя з работнікаў арганізацый, якія замацаваны за воднымі аб’ектамі. Усе прайшлі адпаведную падрыхтоўку, маюць патрэбнае выратавальнае аснашчэнне. Таму падчас іх дзяжурстваў, якія арганізаваны з 9.00 да 21.00 (май, верасень) і з 10.00 да 22.00 (чэрвень-жнівень), здарэнні павінны быць выключаны. Больш таго, сёлета было вырашана, што дзяжурныя змены будуць складацца з двух матросаў, што толькі павысіць бяспеку.

Адзначаючы ўзровень зробленага, старшыня раённай ТВВОД зазначыў, што на многіх пляжах інфраструктура адчувальна папоўнілася шэрагам дадатковых зручнасцей. Па словах Юрыя Амельянчука, усюды падрыхтаваліся належным чынам, але некаторыя пайшлі далей. Напрыклад, абноўленым выглядам сустрэне адпачываючых возера каля Лінова, дзе па ініцыятыве дырэктара ААТ «Ліноўскае» амаль усе малыя архітэктурныя формы былі ўдасканалены. Старыя альтанкі і лаўкі замянілі новымі, а яшчэ Васілій Казмярчук вырашыў наладзіць тут жа відэаназіранне ў рэжыме рэальнага часу. Каб папярэдзіць выпадкі вандалізму, што раней тут бывалі нярэдка. Тое ж самае можна сказаць і пра пляж каля в. Носкі, за якім сочыць лясгас. Навінак тут няма, але былое адрэстаўрыравана і альтанкі разам з лаўкамі сустрэнуць людзей навізной.

Аднак сэнс адпачынку ўсё-такі не ў тым, наколькі шчыльна забудаваны бераг, а як сябе паводзяць самі кампаніі. Напярэдадні кожны вадаём наведвала адказная камісія, якая праверыла гатоўнасць да купальнага сезона. Вынікі работы камісіі падвёў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які курыраваў гэты маніторынг, на пасяджэнні райвыканкама. Такім чынам, можна заслужана адзначыць, што раённыя ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць добры адпачынак і бяспеку на вадзе. Ці зможа наша грамадства захаваць тое, што перададзена яму ў карыстанне літаральна бясплатна?

З нагоды апошняга варта толькі дадаць, што за парадкам будуць пільна сачыць у тым ліку і праваахоўнікі. Сумесныя кантрольныя рэйды міліцыянеры разам з работнікамі МНС, прадстаўнікамі ТВВОД і іншымі зацікаўленымі службамі будуць рэгулярна праводзіць на працягу ўсяго купальнага сезона. Таму варта нагадаць грамадзянам простыя, але вельмі важныя правілы сумеснага адпачынку на пляжы.
Самае галоўнае, не сумяшчаць пляжны адпачынак з ужываннем спіртных напояў. Тым больш не лезці ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення. На жаль, практычна ўсе выпадкі гібелі людзей у нашым раёне адбыліся па прычыне нецвярозасці пацярпелых.
Не менш важна сачыць і за малымі дзецьмі. Па-першае, да 14 гадоў нельга з’яўляцца каля вадаёмаў без суправаджэння дарослых. І апошнія павінны строга выконваць свае абавязкі, не пакідаючы малых без нагляду.

Як бачыце, правіл нямнога, але і іх часцяком парушаюць нядобрасумленныя грамадзяне. У такіх сітуацыях матросам-выратавальнікам дадзена поўнае права патрабаваць пакінуць бераг возера, а пры нязгодзе — выклікаць на падтрымку нарады міліцыі. Таму варта спадзявацца, што сёлетні купальны сезон прой-дзе больш спакойна і толькі з добрымі ўражаннямі.

Алег Сідарэнка

На здымку : Першымі на дзяжурства на гарадскім пасту ў гэтым купальным сезоне Юрый Амельянчук прызначае матросаў-выратавальнікаў Валерыя Катыла і Вадзіма Цатурава.

Фота Кацярыны Масік