Суббота, 13 июня 2026

Купацца можна? Хто і як будзе сачыць за бяспекай адпачываючых і ці гатовы вадаёмы Пружанскага раёна да сезона

399

Афіцыйна купальны сезон пачаўся з надыходам мая. Аднак рэальна вада ў акваторыях яшчэ не нагрэлася і адпачываючыя не спяшаюцца на пляжы. Хаця, як паказвае прыклад мінулых гадоў, сітуацыя можа кардынальна змяніцца літаральна за некалькі дзён: дастаткова тэмпературы паветра ўзняцца вышэй за +25 градусаў, і адпачынак ля вады адразу стане прыцягальным. Таму павінны быць гатовымі ўсе адказныя за падрыхтоўку афіцыйна дазволеных вадаёмаў да чарговага купальнага сезона. Дакладней, яны павінны стварыць адпаведную інфраструктуру. І хаця надвор’е дала пэўную адтэрміноўку, усё роўна патрабаванні павінны быць выкананы.

Наша карэспандэнцкая група напрыканцы мая праехалася па пералічаных у спісе дазволеных для купання азёрах, каб увачавідкі пераканацца ў тым, што купацца можна!

Сезонны выратавальны пост таварыства выратавання на водах з‘явіўся на возеры Паперня летась, але не паспеў «уключыцца» ў мінулы сезон. Сёлета пост «заступае на вахту», дзяжурства тут арганізавана штодзённа з 10 да 22 гадзін.

Кожны год для адпачынку на Паперні збіраецца нямала людзей, таму выратавальнікі ўкамплектаваны ўсім неабходным, каб паспець зрэагаваць у крытычнай сітуацыі і аказаць усю магчымую дапамогу ці то на беразе вадаёма, ці то ў вадзе. Трэба адзначыць, што ў бягучым годзе зона пляжнага адпачынку істотна абнавілася і папоўнілася. Работнікамі ААТ «Ружаны-Агра» ўстаноўлены новыя лаўкі і павеці ад сонца, больш стала кабінак для пераапранання, адведзена спецыяльная парковачная пляцоўка. Хаця пытанне з туалетам у крокавай даступнасці так і не вырашана.

У цэлым, як зазначае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, усе 10 вадаёмаў гатовы прыняць жадаючых адпачыць. Лепш за ўсё да чарговага сезона падрыхтаваліся санаторый «Ружанскі» са сваёй часткай пляжа на Паперні, і КУВП «Камунальнік», які істотна добраўпарадкаваў бераг гарадскога вадасховішча.

— Няма ніякіх пытанняў і да філіяла «Айчына» (возера Кабылаўка), ААТ «Жураўлінае» (возера Клепачы) і ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» (возера Шарашэва), — пералічвае Юрый Міхайлавіч. — А вось да іншых яшчэ засталіся заўвагі, вызначаны сціслы тэрмін на выкараненне недахопаў.

У прыватнасці, некаторыя хібы мы адзначылі на возеры Магілёўцы (ААТ «Радзіма»). Напрыклад, тут трэба абнавіць пляж і павесіць арэлі, практычна ўсё гэта можна зрабіць на працягу аднаго дня. Пра гэта старшыня ТВВАД непасрэдна на беразе вадаёма і дамовіўся з кіраўніцтвам акцыянернага таварыства.

А вось у Клепачах — ідэальная абстаноўка, нават на ведамасным выратавальным пасту дзяжурыў матрос. Інфраструктура таксама абнавілася і папоўнілася новымі альтанкамі, абсталявана дзіцячая акваторыя, абазначана зона з бяспечнай глыбінёй. Тут ужо можна арганізоўваць водны адпачынак у любы час.

На жаль, як дзеляцца адказныя за падрыхтоўку да купальнага сезона, матросы-выратавальнікі і нават праваахоўнікі, не ўсё зробленае «дажывае» да восені. Першы «ўдар» на сябе прымае чысціня, бо адпачываючыя пакідаюць пасля сябе нямала смецця, вогнішчы, нават камяні прыцягваюць. Усё гэта аператыўна прыбіраецца, але не заўсёды ўборкі хапае надоўга, тым больш, калі некаторыя грамадзяне не выкідваюць смецце ў спецыяльныя скрыні, а пакідаюць вакол свайго месца адпачынку. Нярэдка даводзіцца аднаўляць зламаныя альтанкі, павеці і спартыўныя снарады. На гарадскім басейне летась падлеткі ўвогуле абарвалі лінію буйкоў. Карыстаючыся магчымасцю Юрый Амельянчук звяртаецца да грамадзян з просьбай падтрымліваць парадак самым і не дазваляць парушаць яго навакольным. Тым больш што можна асабіста не ўвязвацца ў канфлікт, а паведаміць дзяжурнаму ці патэлефанаваць у міліцыю, якая аператыўна зрэагуе на парушэнне грамадскага парадку.

— Асабліва хочацца звярнуцца да бацькоў, каб яны дакладна ведалі месца баўлення вольнага часу іх дзяцей. Нагадаю, што да 14 гадоў малыя не маюць права знаходзіцца на вадаёме без дарослых. А калі прыйшлі з дзецьмі пакупацца, то сачыце за імі ўважліва. У дадатак адэкватна рэагуйце на заўвагі матросаў.

Вялікая ўвага надаецца і бяспецы адпачываючых. Безумоўна, у многім якасць адпачынку залежыць ад саміх людзей, але і службы экстраннага рэагавання робяць усё магчымае. Як расказаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой, яшчэ да пачатку купальнага сезона на Брэстчыне загінулі 22 чалавекі. Практычна ва ўсіх выпадках можна было б пазбегнуць трагедыі, калі б людзі прыслухоўваліся да папярэджанняў МНС. З улікам гэтага купальны сезон для выратавальнікаў заўсёды «гарачы». Паралельна з дзяжурствамі будзе арганізаваны рэгулярны маніторынг бяспекі на вадаёмах. У рамках прафілактычных мерапрыемстваў запланавана перыядычнае абнаўленне інфармацыі з папярэджаннямі і рэкамендацыямі, тлумачальныя гутаркі з грамадзянамі і выступленні ў працоўных калектывах.

— На базе дзвюх падраздзяленняў — у Пружанах і Ружанах — створаны спецыяльныя групы для ратавання на водах з адпаведным абсталяваннем, — паведамляе Павел Міхайлавіч. — На вадаёмах у гэтых населеных пунктах заўсёды збіраецца нямала адпачываючых, з улікам чаго мы будзем аказваць усю магчымую падтрымку мясцовым матросам-выратавальнікам.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара