У мінулую пятніцу канцэртная зала Палаца культуры напоўнілася велізарнай колькасцю яскравых зорак: работнікі культуры адзначалі сваё прафесійнае свята.
Святочная праграма «Культура – наша маці» пачалася сапраўды эпічна. Прысутным прадэманстравалі трэйлер блакбастара «Культработнікі. Пачатак»: «Яны прыйшлі. Сустрэчы з імі чакаюць з нецярпеннем. Яны не ведаюць стомленасці і засмучэння. Для іх няма невыканальных задач. Ім не страшныя снег і спёка, яны заўсёды на пасту. Але сёння яны ў гэтай зале…»
Адметна, што ўсё мерапрыемства прайшло ў даволі неардынарным фармаце. Са сцэны гучалі пераробленыя спецыяльна да свята вядомыя сучасныя хіты. Усіх прадстаўнікоў «культурнай» прафесіі артысты віншавалі ў жартоўнай форме. Цёплыя словы ў свой адрас пачулі прадстаўнікі Палаца культуры, сельскіх Дамоў культуры, кінатэатра, музеяў, бібліятэк, дзіцячых школ мастацтваў…
Не проста так работнікі культуры лічацца разнапланавымі спецыялістамі: і да слёз расчуліць могуць, і зноў жа такі да слёз смяяцца прымусяць. Трэба адзначыць, што мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята абышлося без слёз, а вось натуральных усмешак было сапраўды шмат.
Лепшым работнікам сферы былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Іх уручалі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, начальнік аддзела культуры Канстанцін Панімаш і старшыня раённага аб’яднання Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Святлана Карповіч.
– Работнікі культуры працуюць дзеля вялікай мэты: захавання, узбагачэння і перадачы будучым пакаленням культурных каштоўнасцей, багатай спадчыны і добрых традыцый нашай любімай Беларусі. Прыміце словы падзякі за вашу працу, майстэрства і энтузіязм. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, міру, творчых пошукаў і знаходак, – павіншаваў прысутных старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.
Свята, якое адзначалася ў Палацы культуры, у пэўным сэнсе ўнікальнае, бо культработнікі – адзіныя, хто сам для сябе арганізоўвае і праводзіць прафесійнае свята. У гэтым годзе артысты падрыхтаваліся на славу! Публіка атрымала сапраўдны «культурны шок»: убачыла арыгінальныя сцэнкі, вясёлыя песні, гарачыя танцы ды ўвогуле шмат цікавостак. Усе прысутныя дакладна зарадзіліся пазітыўным настроем!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_287265151 і https://ok.ru/budni/album/948461305992