Четверг, 16 января 2025

Культработнікі Пружаншчыны зладзілі фальклорныя экспедыцыі ў вёскі раёна і даведаліся ўсё пра традыцыі прыгатавання дранікаў

1 191

У Беларусі называюць бульбу «другім хлебам». І сапраўды, у нашай нацыянальнай кухні ёсць мноства страў з бульбы. Але самымі папулярнымі сярод іх з’яўляюцца дранікі. Іх ведаюць усе. І нават беларускі Дзед Мароз у Белавежскай пушчы падчас фотасесій з гасцямі просіць для ўсмешкі прамовіць не замежнае слова «чыз», а роднае «дранікі».

Для вывучэння традыцыйных рэцэптаў прыгатавання дранікаў на Пружаншчыне работнікі Навасёлкаўскага, Ліноўскага, Мураўскага, Шчарчоўскага, Велікасельскага, Роўбіцкага сельскіх Дамоў культуры і Пружанскага гарадскога Палаца культуры зладілі фальклорныя экспедыцыі ў вёскі раёна.

Гаспадыні не толькі падзяліліся з работнікамі сакрэтамі вырабу смачных дранікаў, але і паказалі майстар-класы па прыгатаванні гэтай стравы. У кожнай жанчыны аказаліся свае асаблівыя кулінарныя «фішкі». Некаторыя рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Напрыклад, Галіна Чарапенька з в.Аранчыцы гатавала аладкі з лісічкамі ў смятане, а Алена Крупская з аг.Лінова — «картапляныя» аладкі на дражджах. Сваімі арыгінальнымі рэцэптамі выпякання бабкі і дранікаў падзяліліся і ўдзельніцы народнага фальклорнага гурта «Бабіна лета» Валянціна Бартынёва, Алена Антончык і Любоў Андрусевіч.

Людміла Яроцкая і Анатоль Харытановіч.

Уразілі членаў экспедыцыі і ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка»  Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры Людміла Яроцкая і Анатоль Харытановіч, якія пяклі аладкі з бульбы на адкрытым агні на пліце. Асаблівы смак быў і ў дранікаў, якімі частавалі гасцей Людміла Шчарбук з аг.Вялікае Сяло і Лідзія Папко з в.Брады.

Алена Рабчук з в.Навасёлкі.

Алена Рабчук з в.Навасёлкі Сухопальскага сельсавета расказала, што ў іх сям’і прыгатаванне дранікаў пачыналася ў суботу. Бульбу націралі з вечара, а потым засыпалі зверху мукой. Раніцай муку збіралі,  бульбяную масу дзялілі на дзве часткі: з адной пяклі бабку, а другая ішла на аладкі.

Цікава расказала пра гісторыю дранікаў і Алена Раманоўская з аг.Роўбіцк, якая затым яшчэ правяла майстар-клас па іх выпяканні.

Арыгінальным рэцэптам дранікаў — з сачэўкай (чечевицей) — здзівіла Еўдакія Клімашэвіч з аг.Кабылаўка, якой, дарэчы, у наступным годзе споўніца 100 гадоў.

Якую выснову зрабілі ўдзельнікі экспедыцыі? Аснову традыцыйных дранікаў на Пружаншчыне складалі бульба, цыбуля, соль, тлушч ці алей для смажання. Мука або яйкі ў якасці злучальнага інгрэдыенту ў раённым «брэндзе» не выкарыстоўваліся. Калі цеста атрымлівалася рэдкае, гаспадыні злівалі з «надранай» бульбы крыху вадкасці, а потым дадавалі крухмал, які асеў на дне ёмістасці.

Гатовыя дранікі аздаблялі смажанай цыбуляй, морквай, грыбамі, свойскай каўбаскай і вяршкамі. Але найлепшым дапаўненнем да гарачых бульбяных бліноў заўсёды лічылася свежая смятана. Акрамя таго, дранікі ўжывалі з мачанкай, смажанымі шкваркамі з цыбуляй, сметанковым маслам ці з халодным малаком.

Традыцыйная кухня Пружанскага раёна дзіўная і разнастайная – гэта спадчына, якую пакінулі продкі. Каштоўны пласт мінулага неабходна захаваць, зберагчы і перадаць будучым пакаленням.

Ірына Гадуйка