
Чым стаў адметны, у першую чаргу, для аграрыяў раёна мінулы тыдзень? Ды хаця б тым, што філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» першым распачаў сяўбу кукурузы на зялёны корм.
Не спяшайся, але ўсюды паспявай. Такая яна, сельская гаспадарка, рознабаковая. За ўсім трэба вострае вока, усё павінна быць пад пільнай увагай, нельга ўпусціць ніводнай дэталі, нават самай дробнай. Бо ад гэтага залежыць многае: стан спраў гаспадаркі, яе прыбытак, канечне, прэстыж, настрой працаўнікоў, папаўненне маладымі кадрамі. Работа па ўсіх напрамках павінна праводзіцца ўдумліва, з поглядам у заўтрашні дзень.
Вось, напрыклад, не радуе нас вясна спорнымі дажджамі, зямля высыхае даволі хутка, а без вільгаці цяжка разлічваць на дружныя ўсходы, ды яшчэ на пясчаных глебах. Таму ў філіяле «Айчына» вырашылі, не адкладваючы, прыступіць да сяўбы кукурузы з апярэджаннем графіка, каб падстрахавацца па ўсходжасці сельгаскультуры, якая з’яўляецца асноўным відам корму ў жывёлагадоўлі.
Сёлета план па «царыцы палёў» на зялёны корм для гаспадарак раёна — 19600 га. Другое месца па плошчы пасля ААТ «Жураўлінае» займае філіял з 3300 га, а яшчэ плануецца засеяць кукурузай 300 га на насенне.
У філіяле «Айчына» ўсе службы працуюць зладжана, як адзіны механізм. Сказана падрыхтаваць зямлю пад культуру з восені — няма пытанняў! Унеслі калійныя ўгнаенні, пасля чаго аператыўна правялі ўзворванне. Калі тэхніка не падводзіць і людзі — самыя што ні на ёсць працавітыя і галавастыя, то любая работа выконваецца з усёй сур’ёзнасцю і гаспадарскім падыходам. З наступленнем вясны гэтак жа грунтоўна справіліся з унясеннем фосфару і азоту, закультывавалі глебу перад сяўбой.
Выбар насення кукурузы робіцца па прынцыпе: што пасееш — тое і пажнеш. У сельгаставарыстве 1000 га будзе засеяна гібрыдам беларускай селекцыі «палескі 212», які выдатна вытрымлівае засуху, непатрабавальны да культуры севазвароту, прыдатны для вырошчвання на розных тыпах глеб і ўстойлівы да ўздзеяння нізкіх тэмператур на ранніх стадыях вегетацыі. Астатнія плошчы — замежнымі гібрыдамі. Хаця ў філіяле «Айчына» не выключаюць, што ў будучым паступова пачнуць удзяляць больш увагі айчыннай прадукцыі.
На мінулым тыдні дадзеная работа праводзілася на палетку ў 110 га непадалёк ад Пружан, у напрамку в. Круглае. А што такім бравым хлопцам засеяць гэтую плошчу?! Андрэй Несцярук на трактары «Беларус-2022 В.3» з васьміраднай сеялкай «Гаспардо» і Андрэй Клішчыц на «Джон-Дзіры» з пасяўным агрэгатам «Кінза» на шаснаццаць радоў за дзень робяць па 100 га. Яны не першы год шчыруюць у гаспадарцы, зарэкамендавалі сябе адказнымі работнікамі. І галоўнае, што хлопцы не наракаюць на працу ў вёсцы, а з усмешкай ідуць па жыцці. Цяжка бывае? Дык зямля павярхоўных адносін не даруе, тут трэба поўная аддача сіл, цярпенне. І такіх сур’ёзных працаўнікоў у філіяле «Айчына» шмат, як і ў іншых гаспадарках раёна, таму і з веснавой пасяўной кампаніяй справімся, як заўсёды, паспяхова.
Здаецца, рэпартажы падчас сяўбы ў многім падобныя: тыя ж сельскагаспадарчыя культуры, тэхніка, падрыхтоўка глебы, нормы высеву. Усё так, новага пакуль і не прыдумаеш. Але не будзем забываць пра людзей, якія працуюць на палетках. Яны заслужылі таго, каб пра іх расказвалі і, канечне, бралі прыклад, папаўнялі рады сельскіх працаўнікоў.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік