Суббота, 12 октября 2024

Кукурузу на зерне сёлета сталі вырошчваць у «Роўбіцкім». Ці радуе ўраджай?

271

Усе гаспадаркі раёна, акрамя ААТ «Радзіма» і «Ружаны-Агра», маюць плошчы з кукурузай, якая была пасеяна на зерне. Некаторыя сельгаставарыствы яе ўжо ўбралі, на палетках астатніх яшчэ гудуць зернеўборачныя камбайны.

Старшы камбайнер Сяргей Бруй толк ва ўборцы кукурузы на зерне ведае.

«У гаспадарцы ўсё спатрэбіцца», — так разважае той, хто жыве не адным днём, а дбае пра будучыню, думае наперад. Толькі так можна і захаваць набытае, і памножыць яго ў разы. Канечне, добра, калі ў запасе ёсць сена, сілас і сянаж для корму буйной рагатай жывёлы. Але чаму б на разнастаіць рацыён рагуль кукурузнай мукой? Яна лішняй ніяк не будзе, прынясе толькі карысць, павысіць надоі малака.

У нашым раёне кукуруза на зерне ў бягучым годзе была пасеяна на 3310 га. На 1 кастрычніка 2024 года ўбралі яе на 74%, ураджайнасць пакуль складае 77,5 ц/га.

Калі ў мінулым годзе ў ААТ «Роўбіцкае» не займаліся вырошчваннем кукурузы на зерне, то ў гэтым вырашылі інакш, закупілі насенне на Івацэвіцкім калібровачным заводзе і пасеялі сельгаскультуру на 40 га. Плошча невялікая, але ў будучым ніхто не забараняе яе павялічыць, абы была карысць і аддача. Калі многія з нас у нядзелю спачывалі, глядзелі тэлевізар, у гаспадарцы «святкавалі кветку» па ўборцы кукурузы пры ўраджайнасці 68,3 ц/га.

Што далей? Па словах галоўнага агранома ААТ «Роўбіцкае» Андрэя Капузы, увесь ураджай упярэмешку з біядабаўкамі будзе пры дапамозе перасоўнага млына змолаты ў камбікорм. А ўжыванне такога корму БРЖ прыводзіць да таго, што паляпшаецца імунная сістэма кароў, павышаецца ўстойлівасць да хвароб. Усім вядома, што недамаганні лепш папярэджваць, чым лячыць. Ды і здаровы статак у любым выпадку дасць больш малака, якое з’яўляецца неад’емным грашовым складнікам любога сельгаставарыства не толькі Пружаншчыны, але і вобласці, і краіны ў цэлым.

Нашы сельскія працаўнікі ніколі работы не баяліся, таму любую справу пачынаюць смела, з упэўненасцю, што ўсё атрымаецца найлепшым чынам. І станоўчы вынік не прымушае сябе чакаць. Няхай жа і наперадзе іх чакаюць поспехі ў асваенні карысных навінак.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік