Кукуруза для нашага раёна — самая галоўная і каштоўная кармавая культура. Сёлета на сілас і зялёны корм яе неабходна было ўбраць на плошчы 19,1 тысячы гектараў, на зерне — 895 гектараў, на насенне — 187 гектараў.
Але апошнім часам усё большая ўвага надаецца атрыманню зерня кукурузы. У бягучым годзе трынаццаць гаспадарак папоўняць кармавыя запасы гэтым энергетычным кормам.
Работы па ўборцы кукурузы на зерне практычна завяршаюцца. Атрымана звыш 8 тысяч тон залацістага зерня пры ўраджайнасці каля 90 цэнтнераў з гектара. Самая высокая ўраджайнасць — у ААТ «Мурава», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Ружаны-Агра», дзе з кожнага гектара сабрана больш за 10 тон кукурузнага зерня.
Сёння пры вырошчванні любой сельгаскультуры нельга не ўлічваць яе эканамічную эфектыўнасць. Згодна з разлікамі навукоўцаў, пры вырошчванні кукурузы неабходна атрымліваць не менш 60 цэнтнераў зерня з гектара, а пры ўборцы на сілас у фазе васковай спеласці — 300 і больш цэнтнераў з гектара зялёнай масы.
У ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» кукуруза на сілас і зялёны корм убрана на плошчы 870 гектараў пры ўраджайнасці 374 цэнтнера з гектара. Закладзена 27,2 тысячы тон кукурузнага сіласу.
Ідзе да заканчэння і ўборка кукурузы на зерне. Як растлумачыла галоўны аграном таварыства Г.П.Пятрань, да гэтай работы прыступілі тады, калі вільготнасць зерня склала менш за 30%. Асаблівую ўвагу надавалі падрыхтоўцы камбайнаў да работы. Цяпер з кожнага гектара намалочваецца ў сярэднім 111 цэнтнераў зерня кукурузы. Ад камбайнаў яно адразу накіроўваецца на дапрацоўку на сушыльны комплекс. У таварыстве плануецца нарыхтаваць каля паўтысячы тон каштоўнага корму.
На здымках: уборка кукурузы на зерне непадалёку ад Шарашова; на ўборцы задзейнічаны экіпаж камбайна «CS-12» у складзе І.П.Каралькевіча і І.С.Чабатара; на адвозцы зерня працуе вадзіцель В.К.Казлоўскі.
Мікола Архуцік