
Не здзіўляйцеся, што слова Кукла мы пішам з вялікай літары. Гаворка ідзе не аб любімай усімі дзяўчынкамі ляльцы, а аб прозвішчы шматдзетнай сям’і з в. Аранчыцы, з якімі нам пашанцавала пазнаёміцца.

Нас сардэчна сустрэла маці вялікага сямейства Святлана Кукла. Пакуль дзеці былі ў школе, а муж яшчэ не вярнуўся з работы, мы гутарылі, як гаворыць сама гаспадыня, у яе «працоўным» кабінеце, на ўтульнай кухні за кубачкам духмянага чаю.
Адразу звярнулі ўвагу на новы вялікі дом, у якім большасць усіх будаўнічых і аддзелачных работ зроблена рукамі Віктара, мужа гаспадыні. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы шматдзетных сем’яў, узялі спецыяльны крэдыт і за 9 месяцаў дом поўнасцю быў гатовы разам з унутраным аздабленнем.
— У мяне муж і плітку ўкладваў, і электрыку праводзіў, за што не возьмецца, усё даводзіць да канца. У яго «залатыя рукі» і я ва ўсім яму давяраю. Мы з дзецьмі распрацоўвалі дызайн пакояў, падбіралі кожнаму інтэр’ер. Для дзяўчынак Машы і Дашы больш мяккі, светлы і далікатны. Для сярэдняга сына Ромы —брутальны і сур’ёзны. Дом вялікі, месца ўсім хапае. Вядома ж, без дзяржпадтрымкі ўвасобіць мару ў жыццё, ды яшчэ за такі кароткі тэрмін, самім не ўдалося б ніколі. А так усё атрымалася і мы вельмі задаволены вынікам. Знаёмыя кажуць: вось вы ўсё жыццё «сядзіце» на адным месцы і не сумна вам? Але мы нават уявіць сябе не можам недзе далёка ад родных мясцін, тым больш у чужой краіне. Тут у нас створаны ўсе ўмовы, каб добра жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, — з захапленнем расказвае шматдзетная маці.
Святлана і Віктар зусім хутка адзначаць 18 гадоў сумеснага жыцця. І на банальнае пытанне пра сакрэт сямейнага шчасця адказваюць аднолькава: мы заўсёды ўсё робім сумесна. І працуем у ААТ «Ліноўскае» разам, і дом пабудавалі, і дзяцей гадуем таксама разам, — таму ўсё атрымалася. У сям’і Кукла няма падзелу хатняй працы і ўсе бытавыя пытанні яны зноў жа вырашаюць сумесна. А дзеці, гледзячы на сваіх бацькоў, успрымаюць іх звычкі і імкнуцца таксама ва ўсім дапамагаць.
— Старэйшая дачка выдатна пячэ торты і пірагі, я ўжо да гэтага не дакранаюся, — гаворыць Святлана. — Яшчэ Маша займаецца лёгкай атлетыкай, ездзіць на спаборніцтвы, у яе шмат грамат і медалёў. Таксама захапляецца тэхнікай, навучылася вадзіць машыну. У наступным годзе, калі споўніцца 18, плануе атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.
Рома, гледзячы на сястру, таксама пайшоў займацца лёгкай атлетыкай, а яшчэ вельмі любіць з бацькам вазіцца ў гаражы. Нядаўна сам адрамантаваў свой маленькі матацыкл, які тры гады таму яму падарылі на імяніны. І на кухні ўмее здзіўляць, у яго выдатна атрымліваюцца безэ і просты хлеб. Як вясковы хлопец, вельмі рана навучыўся калоць дровы і ў 10 гадоў ужо дапамагаў бабулі з нарыхтоўкай. А Даша ў мяне сапраўдная гаспадыня: і посуд памые, і ўсё прыбярэ, і бялізну развесіць. Усе дзеці ў нас самастойныя, з гэтым увогуле праблем няма. Калі я прыходжу з работы часам стомленая, яны самі есці падагрэюць або нешта прыгатуюць, зробяць урокі, яшчэ і нас за стол запросяць. Муж працуе механізатарам, а я эканамістам, таму ў гарачую пару мы на рабоце з ранку да ночы з невялікім перапынкам, а дзеці дома гаспадараць. І я заўсёды ўпэўнена, што пакуль нас няма, усё будзе ў поўным парадку.
Сама ж Святлана апроч хатніх спраў любіць разводзіць кветкі, і ганаровае месца на яе клумбах займаюць хрызантэмы. Хоць яны і позна расцвітаюць, але цешаць вока да самых замаразкаў. А летам сядзіба патанае ў петуніях, на расаду якіх ужо стаіць чарга з суседзяў і знаёмых. На ўчастку вялікі сад, шмат кустоў маліны, буякоў, ажыны, за якімі таксама дружнае сямейства даглядае разам. Так што карыснай садавінай і ягадамі яны сябе цалкам забяспечваюць.
Пакуль мы размаўлялі з гаспадыняй, побач з намі муркаў хатні гадаванец Арчы, любімец дзяцей і захавальнік цяпла і ўтульнасці. Пазней прыехаў Віктар і вярнулася са школы малодшая дачка Даша. Ва ўсіх, каго мы ў гэты дзень заспелі дома, дзіўнае падабенства: яны ўсе падобныя адзін на аднаго неверагодным абаяннем і
адкрытасцю. Шануюць сямейныя традыцыі і сваё рэдкае прозвішча Кукла, якое дасталася ім па лініі таты ад яго дзядулі з в. Стокі Свіслацкага раёна. У сям’і Віктара пяцёра братоў і ўсе нарадзіліся ўжо тут, куды пасля вучобы прыехалі іх бацькі, побач і аселі. Цяпер у кожнага ўжо свая сям’я і іх моцны род надзейна пусціў карані на пружанскай зямлі.
Дом нашых герояў — не проста сцены, а жывая прастора, дзе пануюць узаемная павага, шчыры клопат і любоў. Галоўная іх спадчына —гэта тое, што немагчыма памацаць рукамі, а значыць, у гэтага свету — будучыня. Бо пакуль ёсць такія сем’і, у ім застаецца месца для шчырасці, веры і надзеі.
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік