Среда, 19 февраля 2025

Куды і ў які час звяртацца, калі ўкусіў клешч? Адказвае галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ А.І. Пачынчык

1 228

“Нядаўна мая жонка вымушана была звярнуцца па дапамогу ў прыёмны пакой раённай бальніцы: трэба было дастаць кляшча. Здавалася б, гэта маніпуляцыя нескладаная, ва ўсякім выпадку, раней кляшчоў даставалі без праблем адразу ў прыёмным пакоі і апрацоўвалі ранку. Якое ж было наша здзіўленне цяпер, калі нас накіравалі ў рэгістратуру, маўляў, бярыце талон да хірурга, вас прымуць у парадку чаргі… Куды дзявацца, узялі. І доўга чакалі прыёму, паколькі людзей было шмат.

Хто скажа, чаму так змянілася спецыфіка работы бальніцы? І чаму людзі павінны з-за нейкай дробязі і, тым больш, у такі складаны эпідэміялагічны перыяд выстойваць чаргу да хірурга? Гэта ж, прынамсі, не пералом і не раненне”.

Мар’ян Казіміравіч, г.Пружаны

Адказвае галоўны ўрач Пружанскай раённай бальніцы А.І.Пачынчык:

— На жаль, чытач не ўдакладніў, у які час яго жонка звярталася па дапамогу. Мяркуючы па тым, што ёй парэкамендавалі ісці ў рэгістратуру, гэта здарылася днём — да 16.00 гадзін, калі, згодна з устаноўленым пратаколам, у прыёмным пакоі ўрачы не дзяжураць. Усе спецыялісты, у тым ліку інфекцыяніст, кансультуюць хворых у паліклініцы. Іх, безумоўна, могуць выклікаць у гэты перыяд у прыёмны пакой, але толькі для аказання экстраннай дапамогі. Выманне кляшча да такой не адносіцца. Гэта класіфікуецца як клінічная дапамога, якая прадугледжвае яшчэ і дадатковую кансультацыю з далейшым прызначэннем антыбактэрыяльных і супрацьвірусных прэпаратаў.

Пасля 16.00 гадзін у прыёмным пакоі пачынае дзяжурства ўрач, таму і медыцынская маніпуляцыя ў гэты час праводзіцца на месцы.

Згодны, жанчыне нязручна было стаяць у чарзе ў рэгістратуру, а потым яшчэ чакаць прыёму. Але такія правілы і, лічу як медык, яны цалкам апраўданы: наш раён з’яўляецца эндэмічным па клешчавым вірусным энцэфаліце, нярэдка сустракаецца і сістэмны клешчавы барэліёз. Так што ў любым выпадку выманне кляшча – не праблема, але пры гэтым патрэбна кансультацыя спецыяліста.

Падрыхтавала Алена Зялевіч