Вторник, 18 марта 2025

«Кубак Караля Стаха» прынёс шэраг перамог

451

Спартыўны сезон працягваецца ў пружанскіх фігурыстаў. У мінулыя выхадныя яны паўдзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах «Кубак Караля Стаха».

Турнір, назва якога нагадвае пра шэдэўр беларускай літаратуры аповесць Уладзіміра Караткевіча, прайшоў у Баранавічах. Выступілі на рэспубліканскіх спаборніцтвах больш за 250 спартсменаў з розных куткоў Брэстчыны, а таксама з Мінскага і Гомельскага рэгіёнаў.

Паказалі свой клас і пружанскія фігурысты. З «Кубка Караля Стаха» дзяўчаты прывезлі тры медалі. Яшчэ ў мінулым нумары Злата Амельянюк расказвала пра бліжэйшыя спаборніцтвы а вось і пераможныя навіны. Фігурыстка, якая выступала на турніры ў катэгорыі майстроў спорту, здолела ўстанавіць асабісты рэкорд і вярнулася з залатым медалём.

П’едэстал скарыўся прадстаўнікам пружанскай каманды і пасля пракатаў кандыдатаў у майстры спорту. Наша Юлія Пакала тут стала трэцяй. Падкрэслім, што яна, як і Злата, устанавіла асабісты рэкорд. Зусім крыху не хапіла да медаля Уладзіславе Чахоўскай чацвёртая пазіцыя і добры пачатак выступлення ў гэтай катэгорыі.

Яшчэ адно золата на рахунку Крысціны Валасюк. Ёй не было роўных у другім спартыўным разрадзе сярод малодшых фігурыстак.

Варта адзначыць таксама пракаты Эліны Цірскіх, якая выступала ў першым спартыўным разрадзе сярод малодшых фігурыстак. Эліна заняла чацвёртае месца, розніца паміж ёй і бронзавай прызёркай 2,5 бала.

Адразу пасля спаборніцтваў з прыгожай і рамантычнай назвай пружанскія спартсмены настройваюцца на карпатлівую работу, каб радаваць нас і надалей. Дапамагаюць у гэтым трэнеры Вольга Уважаная, Таццяна Хадаровіч і Юрый Цішкоў.

Уладзіслаў Шпарла