Пакуль краіна рыхтавалася да Дня народнага адзінства і адзначала самае маладое дзяржаўнае свята, пружанскія фігурысты трэніраваліся, каб удала выступіць на чарговых важных спаборніцтвах у Івацэвічах. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што вынікі спартсменаў і трэнераў парадавалі.
«Кубак Блакітных азёр» — такую назву насілі Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні. Турнір з года ў год мяняе лакацыю правядзення: летась гэта былі Раўбічы, сёлета нашы фігурысткі адправіліся ў суседні раён і змагаліся ў Лядовым палацы Івацэвіч.
На працягу двух дзён, 16 і 17 верасня, на лёд выходзілі спартсмены-адзіночнікі са сталіцы, абласных цэнтраў — Віцебска, Гомеля, Брэста, а таксама з райцэнтраў — Баранавіч, Івацэвіч і Пружан. Парадавала балельшчыкаў і спартыўная пара з Мінска.

Фігурысты змагаліся ў шматлікіх разрадах. Цікава было назіраць гасцям івацэвіцкага Лядовага палаца за выступленнямі навічкоў — маленькіх фігурыстак. Нагадаем, дэбютным турнірам для іх стаў рэспубліканскі «Кубак Пераможцаў», які вясной прымалі Пружаны. Такім чынам, спаборніцтвы ў Івацэвічах сталі для нашых малышоў першымі выязнымі і аказаліся даволі ўдалымі. Марыя Новік і Кіра Касцючэнка па выніках адвольнай праграмы атрымалі залатыя ўзнагароды. Аліса Корж і Алёна Шэпель заваявалі сярэбраныя медалі.

Што да ўжо вядомых мясцовым аматарам фігурнага катання імёнаў, то сярод кандыдатаў у майстры спорту былі прадстаўлены Ганна Калінка і Уладзіслава Чахоўская. Пасля кароткай праграмы Аня паказала другі вынік, годна адкатала і адвольную — таксама другая пазіцыя. Але ж па выніках выступлення ў другі дзень спаборніцтваў аказалася трэцяй. У выніку — бронза, пры гэтым разбежка паміж уладальніцай залатога і сярэбранага, а таксама сярэбранага і бронзавага медалёў — усяго 0,9 бала.
На жаль, без медаля на гэты раз засталася Улада, хаця пасля кароткай праграмы яна была на 4-ым радку ў пратаколе.

І, знаёмцеся, новыя для пружанцаў імёны ў фігурным катанні — Дар’я Межыеўская і Кацярына Папічыц. Як расказала трэнер-выкладчык Вольга Уважаная, дзяўчаты перавяліся ў Пружаны з Івацэвіч. Новы старт на арэне, дзе гэтыя фігурысткі рабілі першыя крокі, выдаўся паспяховым. Дар’я — з сярэбранай узнагародай другога спартыўнага разраду, Кацярына палепшыла вынік і будзе працаваць далей.
Поспех дзяўчат — залог карпатлівай работы разам з трэнерамі Вольгай Уважанай і Таццянай Хадаровіч. І работа гэтая працягваецца. Чакаецца, што некалькі спаборніцтваў рознага ўзроўню — ад рэспубліканскага да мясцовага — пройдуць у пружанскім Лядовым ужо ў кастрычніку.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена фігурыстамі