Вёска Клятное ў гэтыя выхадныя дні была цэнтрам дзюдо нашай краіны. Тут сабраліся юныя барцы з Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, каб ва ўпартай барацьбе заваяваць медалі і пераходны кубак для зборнай каманды.
Заснавальнікамі і арганізатарамі турніру выступілі Брэсцкае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, Пружанскі райвыканкам.
Назва спаборніцтва невыпадкова, прысвечана дзяржаўнаму святу — Дню народнага адзінства. Забягаючы наперад, скажу, што не толькі пераможцы і прызёры атрымалі ўзнагароды, але і ўсе ўдзельнікі спартыўнага свята.
Спаборніцтвы на татамі пачаліся ў 10 гадзін раніцы. Да афіцыйнага адкрыцця, якое адбылося ў 14.00, многія паспелі перамагчы і прайграць у сваёй вагавай катэгорыі.
Афіцыйнае адкрыццё было захапляючым. Адбылося яно каля возера ў турыстычным комплексе «Дзікое». З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Пасля выканання Дзяржаўнага гімна духмяныя караваі былі паднесены ганаровым гасцям мерапрыемства.
Захапляльным было паказальнае вучэнне выратавальнікаў Пружанскага РАНС. Нашы бравыя хлопцы ўпэўнена аказалі дапамогу ўмоўна пацярпелым на вадзе, патушылі вадамётам палаючы дом. Усё гэта было відовішчна, нават грандыёзна.
На татамі ў спартзале комплекса «Дзікое» працягваліся паядынкі дзюдаістаў. Хто завяршыў спаборніцтвы, мог папоўніць страчаныя калорыі каля палявой кухні. Тут нашы выратавальнікі прыгатавалі смачную кашу з тушонкай, духмяны чай. Працавалі палаткі ад Пружанскага райспажыўтаварыства і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Камбінат прапанаваў дэгустацыю сыроў, прадавалася марожанае некалькіх відаў з топінгамі. Галодным ніхто не застаўся.
Пакуль праходзілі паядынкі, мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі аб спаборніцтвах юных спартсменаў і гасцей.
Баграт Карапецян (Кобрын), першае месца ў вагавой катэгорыі да 60 кг:
— Вельмі спадабалася арганізацыя спаборніцтваў. Тут усё цікава і прыгожа. Не ведаў, што ў невялікай вёсцы такі сучасны турыстычны комплекс і спартыўная зала. Я вельмі рады, што ўдалося заваяваць першае месца ў сваёй вагавой катэгорыі.
Вераніка Хмарук (Давыд-Гарадок) і Хрысціна Хітрый (Брэст), першае і трэцяе месца ў вагавой катэгорыі да 48 і 44 кг адпаведна:
— Спаборніцтвы арганізаваны на вышэйшым узроўні. Вельмі спадабалася адкрыццё свята, выступленне выратавальнікаў. Нам абедзвюм прыйшоўся да спадобы гэты від спорту. Дзюдо загартоўвае характар, волю да перамогі.
Ірына Кузьміч, старшыня Сухопальскага сельсавета:
— Ведаеце, вельмі цікава назіраць за барацьбой юных спартсменаў, асабліва за перамогамі і пройгрышамі. Сама радавалася за пераможцаў і вельмі расчулілася, калі бачыла, як плача хлопчык, які не заняў прызавое месца, але вельмі спадзяваўся. Што ж, і такое бывае. Але было бачна, што ў далейшым ён усё зробіць, каб атрымаць перамогу. Такога кшталту спаборніцтва на тэрыторыі нашага сельсавета праводзіцца ўпершыню. Не сумняваюся, што яно ўдалося і ўсе засталіся задаволенымі.
На мерапрыемстве прысутнічалі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Анатоль Ліневіч,старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пішч.
Адказваючы на пытанне значнасці такога кшталту мерапрыемстваў, асабліва ў сельскай мясцовасці, Анатоль Ліневіч сказаў:
— Такія мерапрыемствы павінны адбывацца па ўсёй Беларусі. А калі яны праводзяцца на вёсцы, то можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сяло адраджаецца, жыве і будзе жыць.
Падводзячы вынікі спаборніцтваў, першы намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Любечка адзначыў, што «Кубак адзінства» адбыўся. Ёсць пераможцы, але няма прайграўшых, кожны з удзельнікаў атрымаў зарад бадзёрасці, стымул да перамогі.
Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў Кубка. Медалі і граматы ўручалі старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Кудравец, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Руслан Любечка.
Пераходны Кубак атрымала зборная дзюдаістаў Брэсцкай вобласці.
Ведаеце, зарад бадзёрасці застаўся не толькі ў спартсменаў, іх трэнераў і арганізатараў мерапрыемства, але і ў гледачоў гэтага маштабнага спартыўнага свята. Пра сябе я гэта магу сказаць дакладна.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара
Фотаальбомы з турніру: https://vk.com/album-23306785_304258527 і https://ok.ru/budni/album/983573331848