Пятница, 17 января 2025

Кто главный на дороге — пешеход или водитель?

2 012

У рэдакцыю паступіла некалькі скарг ад жыхароў горада і раёна на вадзіцеляў, якія не прапускаюць пешаходаў на «зебры». У Дзяржаўтаінспекцыі нам пацвердзілі, што гэта пытанне даволі актуальна для вуліц населеных пунктаў раёна, хаця сёння яно не настолькі трывожнае, як, напрыклад, тры гады таму, калі на пешаходных пераходах пад колы аўтамабіляў трапілі некалькі чалавек, атрымаўшы цяжкія траўмы. Аднак падобныя здарэнні рэгістраваліся і летась: напрыканцы снежня на пераходзе каля гарадскога рэстарана быў збіты машынай малады гараджанін, за жыццё якога змагаліся абласныя медыкі.

Чаму вадзіцелі не прапускаюць пешаходаў?

Адказ на гэтае пытанне мы разам з інспектарамі ДАІ вырашылі знайсці непасрэдна на гарадскіх вуліцах.

Як расказвае супрацоўнік дарожнай інспекцыі Сяргей Мышкевіч, з выяўленых за год парушэнняў Правілаў дарожнага руху прыкладна кожнае дзясятае прыходзіцца менавіта на непрапусканне пешаходаў. Прычым убачыць такія сітуацыі можна не толькі на нерэгулюемых пераходах, але і там, дзе працуюць святлафоры.IMG_8727 IMG_8739 IMG_8744 IMG_8749

У якасці прыкладу інспектар прапанаваў паназіраць за скрыжаваннем вуліц Кастрычніцкай і Чырвонаармейскай у  гадзіны «пік», калі народ спяшаецца дадому з работы.

Праблема ёсць!

Сапраўды, ствараецца ўражанне, што кожны імкнецца як мага хутчэй праехаць-прайсці, і ніхто не збіраецца саступаць дарогу. За паўгадзіны інспектар быў вымушаны спыніць чатыры аўтамабілі і скласці пратаколы.

— Асноўная прычына ў тым, што тыя, хто сядзіць за рулём, звяртаюць увагу толькі на паласу, па якой рухаюцца,— тлумачыць Сяргей Мышкевіч.— Напрыклад, вадзіцелю бачна, што яго паласа свабодная ад пешаходаў, але тое, што людзі набліжаюцца з іншага боку дарогі, ён «не заўважае».

Звычайна гэта не стварае аварыйнай сітуацыі, але, згодна з тлумачэннем Правілаў дарожнага руху, ствараецца перашкода для пешахода. Менавіта ў такой сітуацыі апынуўся чалавек, які на дазваляльнае святло пераходзіў дарогу: з-за аўтамабіля, які выконваў паварот, ён павінен быў спыніцца. Калі пешаход паскардзіцца, што аўто яго напалохала, прымусіла збавіць ход ці змяніць напрамак руху, сітуацыя будзе лічыцца аварыйнай. Дзеянні вадзіцеля ў гэтым выпадку рэгламентуюцца часткай 6 арт.18.14, які прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ад 1 да 5 базавых велічынь.IMG_8753 IMG_8783

Між тым, як сведчыць  практыка інспектараў ДАІ, большасць вадзіцеляў у падобных выпадках не прызнаюць сваю віну. Таму на «цяжкіх» скрыжаваннях супрацоўнікі дзяжураць са спецыяльнымі рэгістратарамі, з дапамогай якіх робяцца здымкі парушэнняў. Сведкамі могуць стаць і  пешаходы, якім дастаткова запомніць нумар аўтамабіля і патэлефанаваць у міліцыю. Аднак шанцаў на прыцягненне парушальніка да адміністрацыйнай адказнасці будзе больш, калі пацярпелы яшчэ прывядзе хаця б аднаго сведку здарэння.

Хто спяшаецца?

— У асноўным штрафы за падобныя парушэнні атрымліваюць маладыя вадзіцелі, якія пастаянна некуды спяшаюцца,— расказвае наш гід. — Кожны трэці вадзіцель-парушальнік — жанчына: напэўна, прадстаўніцы слабой паловы думаюць, што ім павінны ў любым выпадку саступаць дарогу.IMG_8703 IMG_8802

Хаця мы ўпэўніліся, што ў непрыемную сітуацыю трапляюць і вопытныя кіроўцы: падчас нашага рэйду давялося скласці пратакол на жыхара г.Бярозы, вадзіцеля з 20-гадовым стажам, які не прапусціў пешахода на вуліцы Міцкевіча. Прычым, як высветлілася, адбылося гэта ў другі раз на працягу года, а значыць, парушальніку пагражае ад 2 да 8 базавых велічынь штрафу.

Нярэдка парушальнікамі становяцца вадзіцелі вялікагрузнага транзітнага транспарту,  якія спяшаюцца хутчэй праехаць з кропкі А ў кропку Б і пешаходаў ўспрымаюць як непатрэбную перашкоду. Менавіта ад іх працяглы час пакутавалі жыхары г.п.Ружаны, дзе на вуліцы каля будынка былога «Янтара» пад колы фур трапілі некалькі чалавек. Перыядычнае правядзенне спецыяльных мерапрыемстваў прымусіла «транзітнікаў» стаць больш асцярожнымі, але такая ж сітуацыя зараз назіраецца на вуліцы Р.Шырмы каля пружанскай аўтастанцыі, дзе не кожны пешаход можа скарыстацца сваім прыярытэтам руху. Падчас рэйду  Сяргей Мышкевіч і там выпісаў некалькі штрафаў парушальнікам.

Правілы прыдуманы для ўсіх выпадкаў

Атрымліваецца, што галоўны на дарозе — пешаход? Так. Але ў тым выпадку, калі ён сам законапаслухмяны. Нярэдка ж пешаходы таксама паводзяць сябе на дарогах некарэктна. Напрыклад,  дзве жанчыны, якія спыніліся паразмаўляць непасрэдна перад «зебрай». Вадзіцелі не разумелі: яны стаяць ці ўсё ж ідуць, і на ўсялякі выпадак тармазілі перад гэтай парачкай. Як зазначыў наш суправаджаючы, вельмі небяспечны тыя, хто раптоўна выскоквае на праезную частку, калі ніхто з вадзіцеляў гэтага не чакае, лічаць, што машына павінна спыніцца за долі секунды. Часцей за ўсё да такога схільныя дзеці, але і не  кожны дарослы чалавек ацэньвае абстаноўку перад тым, як ступіць на «зебру». Таму пры складанні пратакола за гэта парушэнне  інспектары абавязкова ўказваюць, што «вадзіцель не прадаставіў права на пераход пешаходу, які з улікам правілаў бяспекі выйшаў на дарогу». Варта памятаць, што імгненна спыніць машыну немагчыма, нават пры хуткасці 45 км/гадзіну тармазны шлях складае не менш трох метраў. Значыць, чалавек таксама павінен пераканацца ў тым, што пераходзіць праезную частку зараз бяспечна.

У якасці пажадання пешаходам  хачу прывесці словы аднаго знаёмага з 40-гадовым вадзіцельскім стажам: «На дарозе трэба паводзіць сябе так, нібыта вакол цябе толькі навічкі, якім лепш саступіць дарогу — і сам цэлы застанешся, і ніхто іншы не пацерпіць».

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *