Понедельник, 2 декабря 2024

Кто добавил столетие каплице в Ровбицке?

1 089

“Шмат гадоў таму, а дакладней, 1 мая 1993 года, я прыехала ў Роўбіцк да сваякоў, каб стаць сведкай асвячэння новай царквы-капліцы на могілках, узведзенай на сродкі мясцовага калгаса і жыхароў вёскі. Не скажу, што маленькая цэркаўка, пабудаваная са звычайнай белай цэглы па відавочна “аматарскім” праекце, вылучаецца нейкай асаблівай архітэктурай. Памятаю, тады я яшчэ звярнула ўвагу на розную вышыню вежаў абапал алтарнай часткі: занадта ўжо ў вочы кідалася. Але гэтыя будаўнічыя “хібы” не здолелі сапсаваць мой настрой ад агульнай урачыстасці імпрэзы: на набажэнстве, акрамя тагачаснага сухопальскага святара Іўліяна прысутнічалі епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін і іншыя святары. Людзі радаваліся, што ў вёсцы з’явілася месца, дзе можна будзе памінаць асаблівым чынам сваіх родных…
Нядаўна, перад Вялікаднем, я зноў пабывала на малой радзіме, наведала магілкі сваіх родных і вырашыла агледзець храм з усіх бакоў. Звярнула ўвагу на ахоўную дошку каля дзвярэй. Добра, думаю, што ахоўваюць. Але чытаю: “…помнік XIX стагоддзя”. Сказаць, што была здзіўлена, гэта нічога не сказаць. Хто і калі паспеў “састарыць” нашу каплічку на цэлае стагоддзе?
Святлана, жыхарка г.Мінска


Пытанне наконт устаноўкі ахоўнай дошкі з памылковымі дадзенымі мы адрасавалі метадысту па ахове помнікаў ДУК “Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” В.У.Зінкевіч.
Як аказалася, яшчэ ў 2007 годзе згодна з Пастановай № 578 Савета Міністраў РБ ад 14 мая 2007 года Роўбіцкай Свята-Георгіеўскай царкве быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі (рэгіянальнага значэння). Канчатковае рашэнне аб наданні статуса прымаў рэспубліканскі навукова-метадычны савет пры  Міністэрстве культуры, які апрацоўваў прапановы, што паступілі ад абласных спецыялістаў. Пазней у рамках выканання адпаведнага Кодэкса РБ аб культуры на ўсе каштоўныя аб’екты былі змешчаны ахоўныя дошкі з тымі звесткамі, якія ў свой час былі ўнесены ў спіс.
— На якім этапе і хто менавіта зрабіў памылку ў датаванні, высветліць не атрымалася. З мэтай яе выпраўлення намі вядуцца адпаведныя работы: адпраўлены запыты ў Брэсцкі архіў і ў Брэсцкую епархію, — зазначыла Вольга Уладзіславаўна.