Сёння Нараджэнне Хрыстова адзначаюць вернікі Рымска-каталіцкай царквы. Напярэдадні свята мы сустрэліся з ксяндзом-пробашчам касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў г.п. Шарашэва Яцэкам Дубіцкім.
— Айцец Яцэк, а што ўяўляе гэтае свята асабіста для Вас не як служыцеля касцёла, а верніка?
— Для мяне па-ранейшаму гэта самае цёплае свята, нягледзячы на тое, што прыпадае яно на канец снежня. Не самае значнае, як Вялікдзень, але менавіта цёплае. Гэта ўспаміны дзяцінства, ёлка, упрыгожанні, падарункі. І самае галоўнае — утульная сямейная атмасфера, калі ў чаканні першай зоркі за сталом збіраецца на вячэру ўся сям‘я. У маім дзяцінстве, як і ў сем‘ях усіх сапраўдных вернікаў, гэта было заўсёды звязана з рэлігіяй: чытаўся ўрывак са Святога Пісання, дзядуля даставаў асвечаны ў касцёле прэсны хлеб — аплаткі, дзяліўся з кожным. Кожная аплатка — гэта пажаданне. Мы цалавалі дзядулі руку, спявалі калядку…
— Традыцыі святкавання захоўваюцца і цяпер?
— Абавязкова. Калі накрываюць стол, пад белы абрус кладуць сена — у памяць пра тое, што Ісус нарадзіўся ў яслях. Ставяць дадатковыя прыборы — для вандроўніка, які можа завітаць нечакана, і для яго заўсёды знойдзецца месца. Бывае так, што людзі сапраўды прыходзяць, аднойчы нават тут, у Шарашэве, завітаў чалавек. Галоўнае, каб гэта ўсё не стала пустым звычаем: талеркі паставілі, але не гатовы сустрэць нікога.
Увесь дзень 24 снежня вытрымліваецца пост, а вечарам стравы на стол ставяцца нішчымныя, іх звычайна гатуюць 12, і кожную абавязкова трэба пакаштаваць: маўляў, каб не пазбавіцца нейкага задавальнення ў наступным годзе. Пасля вячэры людзі спяваюць традыцыйныя духоўныя песні, і гэта вельмі прыгожа, асабліва калі нехта ў сям‘і ўмее граць на музычным інструменце. Спяваюць дапазна, а потым ідуць на пастэрку, святую імшу, назва якой пайшла ад віфлеемскіх пастухоў, што першымі віталі народжанага Ісуса. Атмасфера падчас яе ўзнёслая, напоўненая глыбокім рэлігійным сэнсам. Калі ў поўнай цемры святар кладзе фігурку Немаўляці Ісуса ў яслі, запальваецца святло…
— Калядныя святы хрысціяне называюць днямі дабрыні, прымірэння, міласэрнасці…
— Калі ў першы дзень — свята сямейнае, то ў другі прынята хадзіць у госці, прытым не з пустымі рукамі. Побач жывуць сваякі, знаёмыя, суседзі з меншым дастаткам, у горшых абставінах, і заўсёды ёсць магчымасць падзяліцца з імі. І зноў узгадаць, што Ісус нарадзіўся ў хляве, у жабрацтве. Мы кажам пра гэта не для таго, каб падштурхнуць людзей да беднасці, а каб памятаць, што не багацце ў жыцці самае галоўнае. Свята Нараджэння Хрыстова і вучыць міласэрнасці, падтрымцы бліжняга. Гэта прыкра, калі чалавек скардзіцца: мяне не разумеюць. Але ты сам імкнешся зразумець іншых? Мяне не чуюць! А ты чуеш тых, хто побач? Мне ніхто не напісаў віншаванняў са святам! А колькі людзей ты павіншаваў?
У калядныя дні мы не толькі жадаем адзін аднаму дабра, але і робім гэтае дабро, і напаўняем свята глыбокім сэнсам любові да Бога і любові да бліжняга, і просім прабачэння адзін у аднаго за магчымыя крыўды. І самі вучымся прабачаць, гэта вельмі важна…
— З якімі пажаданнямі ідзяце Вы сёння да сваіх парафіян?
— «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі», — так сказаў Евангеліст Лука. І мне хочацца пажадаць, каб у нас было шмат добрай волі — ва ўсіх, каб нованароджаны Хрыстос надарыў нас спакоем, каб спакой быў у нашых сэрцах, у нашых сем‘ях, ва ўсім свеце.
Гутарыла Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік і Яцэка Дубіцкага