Воскресенье, 9 ноября 2025

Ксёндз і байкер? Гэта сумяшчальна! Новы герой «Гісторыі на колах» — настаяцель пружанскага касцёла айцец Павел

707

Наша рубрыка «Гісторыя на колах» у рамках старонкі «Аўтабудні» выклікала вялікую цікавасць у чытачоў. У рэдакцыю паступаюць тэлефанаванні, у якіх падпісчыкі расказваюць незвычайныя гісторыі пра свой двух- або чатырохколавы транспарт. Відавочна, што для многіх матацыкл ці аўтамабіль за доўгія гады эксплуатацыі даўно перастаў быць проста «жалезкай», а перайшоў у разрад сапраўдных сяброў. Менавіта такога стаўлення прытрымліваецца і чарговы герой нашай рубрыкі — ксёндз Павел.

Як успамінае святар, пра што-небудзь «з маторам» ён марыў з самага дзяцінства. Але бацькі забаранялі сыну ажыццявіць мару, бо справядліва турбаваліся за бяспеку гарэзлівага хлапчука. Вось толькі вакол яго і так хапала двухколавага транспарту, які ў многіх аднавяскоўцаў Паўла быў за «рабочага коніка». «Мінскі», «Іжы», «Уралы»… Разам з уладальнікамі хлапчук рамантаваў іх, настройваў, а часам і вучыўся кіраваць. У выніку за перыяд сталення ў юнака склалася асаблівае стаўленне да матацыклаў.

— Аўтамабіль для мяне — проста транспарт для працы. А вось двухколавы сябар — для душы, — смяецца мой субяседнік. — На матацыкле можна заехаць у любы куток, як на веласіпедзе, толькі педалі не трэба круціць.

Таму пасля заканчэння семінарыі, калі Павел палічыў, што дасягнуў таго ўзросту, калі можа прымаць самастойныя рашэнні, ён набыў свой першы транспартны сродак. Зразумела, двухколавы — матацыкл Honda Super Magna. На той час гэта была ўніверсальная мадэль для аматараў як хуткасці, так і бездарожжа.

За мінулы час прыхільнасць да матацыклаў у айца Паўла не аслабла, як ён зазначае, зараз ездзіць ужо на пятым — Kawasaki 1400 GTR. Безумоўна, для вырашэння спраў ксёндз выкарыстоўвае аўтамабіль, на якім можна ездзіць у любы час сутак і нягледзячы на надвор’е. А вось матацыкл — гэта адчуванне дарогі, калі ты маеш магчымасць пабачыць як мага больш і пры гэтым поўнасцю адкрыты свету. Проста ехаць…

— На матацыкле я магу дабрацца туды, дзе аўтамабіліст ніколі не быў. А яшчэ я дыхаю «паветрам дарогі» і, дзякуючы абсалютнай агляднасці, ствараецца адчуванне, што ты не едзеш на нейкім транспарце, а проста ляціш, як птушка.

З 2017 года, калі прыхільнасць айца Паўла стала «самастойнай», штогод ён адольваў за сезон не менш за 15, а то і 20 тысяч кіламетраў. Таму можна смела сцвярджаць, што на двух колах ужо не адзін раз праехаў вакол Зямлі па экватары.

А летась айцец Павел, нарэшце, ажыццявіў яшчэ адну мару дзяцінства: стаў уладальнікам «Мінска». Безумоўна, мадэль «мінскага мотавела» выглядае вельмі сціпла. Але ксёндз так не лічыць, бо дасканала вывучыў магчымасці маленькага «беларуса».

— Па-першае, у ім — прадуманая прастата, дзякуючы якой рамантаваць такую тэхніку можна «палкамі і пыласосам», нават без запчастак. А па-другое, яго тэхнічныя здольнасці вельмі высокія, проста не хапае дызайнерскай фантазіі надаць больш прыцягальны выгляд.

У планах ксяндза ператварыць «мураша» ў сапраўдны кросавы матацыкл. Для гэтага трэба крыху падоўжыць заднюю раму, перарабіць падвеску і замяніць рызіну. Рэалізаваць ідэю не вельмі складана, маючы вопытныя рукі і зварачны апарат, неабходны толькі час. І тады «Мінск», які быў спісаны папярэднім уладальнікам, перажыве другое нараджэнне. І першы выезд на ім будзе абавязкова на прыроду — па лясных або палявых дарогах. А ці ведаеце вы, колькі аматару двухколавага транспарту патрэбна матацыклаў? Яшчэ адзін!

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік