Суббота, 5 октября 2024

Ксендз Яцек Дубицкий: «Сделать души людей чуточку светлее»

3 241

Вось ужо сямнаццаты год як настаяцелем парафіі ў Шарашэве з’яўляецца ксёндз Яцак Дубіцкі — не проста рэлігійны дзеяч, але і вельмі цікавы чалавек.
Яцак нарадзіўся ў невялікім гарадку Ілова Любушскага ваяводства, што на захадзе Польшчы. Бацькі, шчырыя вернікі, з малых гадоў вучылі сына жыць па запаветах Божых. А калі надышоў час прымаць рашэнне наконт далейшага жыццёвага шляху, Яцак Дубіцкі вырашыў паступаць у Папскую тэалагічную акадэмію ў Кракаве.
— Шмат гадоў я думаў, што гэта маё рашэнне. Але з гадамі ўсё больш прыходжу да высновы, што не я абраў шлях служэння Богу, а Бог абраў мяне сваім слугой. Памятаеце, як Іісус сказаў сваім апосталам: «Гэта не вы выбралі мяне, а я выбраў вас». Так, Бог дае чалавеку жыццё, але яно не яму належыць.
∎ ∎ ∎
Пасля чатырох гадоў служэння ва Украіне Яцак Дубіцкі павінен быў вярнуцца ў Кракаў, дзе яму даручылі займацца духоўным выхаваннем моладзі. Але лёс склаўся інакш: адзін з беларускіх прыходаў застаўся без святара. Абавязковай умовай для жадаючых пачаць службу ў гарадскім пасёлку Шарашэва было веданне рускай мовы. Так ксёндз Я. Дубіцкі і апынуўся на Пружаншчыне.
У Беларусь, верагодна, на нейкім падсвядомым узроўні святара цягнулі і карані.
— Я шмат гадоў не ведаў, што бацька нарадзіўся ў Беларусі. Калі выпадкова даведаўся пра гэта, распытаць падрабязнасці пра свае карані ўжо не было ў каго: бабуля з дзядулем ужо даўно пайшлі з жыцця, памёр і тата. Усё, што я ведаў, што мае продкі жылі ў Міёрах. З’ездзіў на Віцебшчыну. Людзей старэйшага пакалення, якія маглі б штосьці расказаць пра продкаў, на жаль, не знайшлося. А вось дзе стаяў іх дом, мне паказалі…
Сёння ксёндз без перабольшвання прызнаецца, што Шарашэва — лепшае, пра што ён мог бы марыць.
— Заўсёды марыў сустрэць старасць у невялікім вясковым прыходзе, — усміхаецца Яцак Дубіцкі. — У нас мець жыллё ў Белавежскай пушчы могуць сабе дазволіць толькі заможныя людзі. Ды і сам населены пункт мне вельмі падабаецца: невялічкі, утульны, нейкі асаблівы.
∎ ∎ ∎
— Гады тры-чатыры таму больш страшнага дома, чым ксяндзова плябанія, у Шарашэве, напэўна, не было, — жартуе Яцак Дубіцкі, пачынаючы аповед пра тое, якімі справамі, акрамя малітоўных, ён звычайна заняты.
А ксяндзу шарашэўцы без перабольшвання ўдзячны за многае. Па-першае, святар зрабіў велізарную работу па пошуку архіўных дакументаў свайго прыхода, вывучаў, чым ён жыў, пачынаючы з даты заснавання — 1537 года. Шмат гадоў спатрэбілася, каб у архівах Вільнюса і Гродна ксяндзу Я. Дубіцкаму ўдалося знайсці каштоўную інфармацыю. За копіі метрычных кніг, арыгіналы, якія ў свой час былі вывезены за мяжу, настаяцелю давялося заплаціць немалыя грошы. Самы старадаўні са знойдзеных дакументаў датаваны 1700 годам. Усю раздабытую інфармацыю святар перадае маладым сем’ям, маўляў, каб не гублялі свае карані і ведалі радаслоўную.
Дзякуючы намаганням ксяндза, былі зроблены рамонты Шарашоўскага касцёла, капліцы на мясцовых могілках.
А нядаўна ў касцёльным двары з’явіўся помнік.
— У нас шмат разнастайных помнікаў-ушанаванняў: воінам, нацыянальным героям, прысвечаных канкрэтным гістарычным падзеям… Хацелася адкрыць помнік незвычайны. А адзін малады чалавек падштурхнуў да ідэі прысвяціць яго дзецям, якія не нарадзіліся.
Так, дзякуючы ксяндзу Дубіцкаму, была ажыццёўлена гэтая светлая ідэя. І на Усіх Святых, свята, якое адзначаецца напачатку лістапада, у Шарашэве з’явілася месца, бадай, адзінае на ўсю Брэстчыну, дзе бацькі, якія страцілі дзяцей, могуць паставіць свечку і кветкі дзецям, якія па той ці іншай прычыне не з’явіліся на свет.
Да слова, ідэяй святар падзяліўся з сусветна вядомым скульптарам з Кракава Каралем Бадынам. Ён ацаніў задумку, папрасіў фотаздымкі касцёла, прылягаючай да яго тэрыторыі і даволі арыгінальна змог увасобіць гэтую ідэю ў бронзе.
∎ ∎ ∎
Ксёндз Яцак — вельмі адкрыты, шчыры, інтэлігентны чалавек, не пазбаўлены пачуцця гумару. Валодае чатырма мовамі, шмат чытае (нядаўна перагарнуў апошнюю старонку кнігі Аляксандра Дзюма, а следам узяўся за наступную — «Як супрацоўнічаць з хараством» Монікі і Марціна Гайдове). Святар з даволі разнастайнымі інтарэсамі і, як многім можа падацца, нават нетыпічнымі.
— Бог даў чалавеку цела. Значыць, ён павінен захаваць яго ў належнай форме, — лічыць Яцак Дубіцкі.
Як гэта робіць сам святар? З маладых гадоў ён займаецца спортам. Аматар веласіпеднай язды, ён на сваім двухколавым транспарце дабіраўся да Бярозы, Івацэвіч, Брэста, Гродна, Беластока. Разам з тым, ксёндз рэгулярна наведвае аквапарк у Пружанах, займаецца ў трэнажорнай зале.
Асаблівую прыхільнасць ксёндз мае да рок-музыкі. У свой час нават іграў у аматарскіх гуртах, якія запісвалі свае дыскі.
— Любоў да музыкі добра пасля дапамагала ў жыцці, — прызнаецца святар. — Удзельнічаў у канферэнцыях, падчас якіх быў адным з тых, хто адказваў за канцэртную частку. Пісаў тэксты да рок-музыкі. Дарэчы, калі ўслухацца ў словы кампазіцый, усе яны з духоўным сэнсам. Акрамя таго, акампаніраваў на гітары мясцовым артысткам, якія выступалі на рэспубліканскім конкурсе.
Калі ёсць магчымасць, ксёндз Яцак і сёння слухае любімую музыку. Калі ў Беларусь прыязджаў вядомы брытанскі рок-гурт Dire Straits, не прамінуў магчымасці пабываць на яго канцэрце.
— У чалавека ўсё павінна суіснаваць у гармоніі: і цела, і душа, і інтэлект, — лічыць ксёндз. — Недастаткова мець добры целасклад, добрую адукацыю: важна не быць, прабачце, маральным вырадкам.
∎ ∎ ∎
Прыхаджане — а іх сёння ў Шарашэве каля ста чалавек — вельмі палюбілі ксяндза Дубіцкага, з задавальненнем прыходзяць да яго на службы. Адметна, што святар здольны сабраць вакол сябе нават моладзь, што не такая ўжо і звычайная з’ява ў сучасным грамадстве.
— Раней моладзі і ў пасёлку было больш, таму і на катахезу было каму прыходзіць. Часцей ладзілі летнія маладзёжныя лагеры, сустрэчы каталіцкай моладзі.
— Сучасную моладзь, напэўна, менш цікавяць духоўныя аспекты? — цікаўлюся я.
— Час заўсёды паказвае новыя шляхі. У Шарашэве праходзяць сустрэчы для маладых сем’яў, на якія прыязджаюць пары і з Пружан, і з Брэста. Пра што размаўляем? Пра ўсё, што хоча ведаць моладзь: ад біблейскай тэматыкі да гендарных праблем грамадства.
Яцак Дубіцкі не ўтойвае, што яму важна даць належны ўзровень духоўных ведаў наступным пакаленням.
— Святара, які служыў у Шарашэве, у 1948 годзе саслалі ў лагер, і да 1989 года людзі не мелі магчымасці хадзіць у храм. Адпаведна, маліліся, як маглі, рыхтавалі дзяцей да першага прычасця, як ведалі. Цяпер у прыхаджан ёсць магчымасць мець не паверхневыя, а больш глыбокія і правільныя рэлігійныя веды.
∎ ∎ ∎
Чаму вучыць сваіх прыхаджан ксёндз Дубіцкі? Па-першае, пачынаць дзень са шчырай малітвы.
— Мой дзень таксама пачынаецца з малітвы, — зазначае суразмоўца. — У Пінскай дыяцэзіі нас трое святароў, якія належаць Ордэну місіянераў, і мы павінны маліцца разам. Сёння, дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу, мы раніцай выходзім у скайп і разам чытаем малітвы. Ну, а далей, што дзень прынясе…
У цэлым ксёндз лічыць сябе шчаслівым, бо Бог дае ўсё, што яму хацелася. Яму ціснуў руку сам Папа Рымскі Ян Павел ІІ, які сёння прызнаны святым і з якім, больш за тое, ён разам служыў службу ў капліцы ў Ватыкане. У свой час ксёндз атрымаў магчымасць пазнаёміцца і з вядомым беларускім каталіцкім святаром — кардыналам Казімірам Свёнтакам.
— Калі чалавек прыйшоў на службу, а літургія не зрабіла яго ні на кропельку дабрэйшым, гэта страта часу. Спадзяюся, я не дарэмна марную час і ўсё-такі раблю душы прыхаджан больш светлымі.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *