Вторник, 21 января 2025

Крывавы Вялікдзень 1944-га… Жыхарка Пружан Марыя Вакульчык расказвае пра гібель родных ва ўрочышчы Песчына

539

У той вечар смалянскі хутар скалануўся ад пранізлівага крыку маленькай дзяўчынкі: «Сястрычак забілі! Сястрычак…»
Семдзесят восем гадоў прайшло. Але кожны раз разбіваючы чырвонае велікоднае яйка, Марыя Пятроўна Вакульчык (у дзявоцтве Панасюк) успамінае не толькі пра Уваскрослага Хрыста, а і родных, крывёю якіх падчас вайны прапіталася пружанская зямля.
У 1944 годзе, адразу пасля Вялікадня, ва ўрочышчы Песчына (каля Плябанцаў) пачаліся расстрэлы. Яны не спыняліся ўсю Светлую Сядміцу…

Вораг прыйшоў
Калі пачалася вайна, Марыі было толькі сем гадкоў. Але яна добра памятае, як прыйшоў вораг.
— Мы жылі на хутары, бліжэй да вёскі Задвораны, каля самага лесу. Жылі, працавалі… Узімку 1941 года мама насушыла сухароў: нас жа збіраліся раскулачыць і вывезці ў Сібір. Але не паспелі. Немцы прыйшлі… Пачалі бамбіць аэрадром у суседнім Купліне. Памятаю як зараз, так моцна бамбілі, што дах нашага дома дрыжаў ад выбухаў, а з саломы на стрэхах сталі сыпацца маленькія каменьчыкі. Мама рыдала. Гледзячы на яе, расплакаліся і мы. А нас у яе — як гароху! Самаму малодшаму браціку і двух гадкоў не было… Бліжэйшыя некалькі дзён мы дома не начавалі, баяліся згарэць, хаваліся каля балота на сажалцы, вакол якой расла густая вярба. З яе галін бацькі зрабілі падсцілкі, там і спалі, — са слязамі на вачах успамінае наша гераіня.

Марыя з маці.

Да таго часу самы старэйшы яе брат Іван (1916 года нараджэння) з’ехаў у Расію на заробкі, там яго і мабілізавалі.
— Не ведаем нават, дзе загінуў і дзе пахаваны… А ягоную жонку Верачку расстралялі разам з маімі сястрычкамі Насцяй і Надзяй у 44-м… Настачка на пачатак вайны жыла з мужам Мікалаем Галашуком недалёка ад нас, на хутары, бліжэй да Загор’я. А Надзя — у Брэсце. Яшчэ ў лютым 1941-га яна выйшла замуж за вайскоўца са Слабудкі, у красавіку яго перавялі ў Брэст… Як пачалі бамбіць горад, зяць выскачыў праз акно — і больш Надзейка яго не бачыла, бегала, шукала сярод забітых, але так і не знайшла.

Надзея вярнулася на свой хутар. Каля трох тыдняў цяжарная жанчына дабіралася пешшу з Брэста разам з іншымі жанчынамі з суседніх хутароў і вёсак, якія ў свой час таксама пераехалі ў Брэст услед за мужамі-вайскоўцамі (пазней усіх іх немцы адправілі ў Германію на прымусовыя работы). Дзіця Надзі нарадзілася вельмі слабым, шмат хварэла і праз паўгода памерла.
— Сястра неяк прызналася, што да вайны брэсцкі гарнізон не быў падрыхтаваны. Бамбёжка і для вайскоўцаў была нечаканай. Усе машыны стаялі не запраўленыя, уся зброя, вінтоўкі і аўтаматы, была разабраная для змазкі. Да позняй ночы ў парку пары кружыліся ў вальсе… Вораг напаў неспадзявана, — уздыхае мая субяседніца.

Сустрэча з партызанамі
Усе гады акупацыі сям’я Панасюкоў жыла ў стане хранічнага страху. Вакол — і ў Смалянах, і ў Загор’і — былі нямецкія ўчасткі. Часта фашысты завітвалі і да іх, на хутар.

— Як ступалі на двор, дык адразу да хлява ішлі, па клунях шнырылі. Усё партызан шукалі… Заходзілі і ў хату, настаўляючы на нас аўтаматы, шнапс прасілі. А вось партызан мы, дзеці, не бачылі. Зразумела, што нам іх ніхто не паказваў. Ужо пасля расстрэлу родных маці прызналася, што партызаны ўсё ж былі, але не з мясцовых. Яны прыходзілі да Насці… Як пазней даведаліся, сястра сустрэлася з імі пры асаблівых абставінах. Па вечарах яе муж Коля хадзіў да суседа на вячоркі, казаў, маўляў, што яны там у карты гуляюць. Аднойчы Насця засумнявалася: а раптам самагонку гоняць! — і, паклаўшы сына Валодзьку спаць, пайшла праверыць. Ціхенька зайшла на двор, пачула ў клуні нейкі шоргат. Адчыняе дзверы, а там — незнаёмыя людзі з аўтаматамі. Насця спалохалася, што расстраляюць, і кінулася ў ногі. Але тыя не кранулі, папрасілі толькі супрацоўнічаць.

З таго часу Анастасія Панасюк стала збіраць для іх правізію і мыць бялізну і вопратку.
— Вымытае адзенне развешвала ў клуні на вяроўцы, каб з вуліцы не было відаць. Перадавала ім хлеб, сала і тварог. Балазе мы кароў трымалі! Памятаю, мама зробіць тварог, спячэ хлеб і кажа нам з сястрой: нясіце Насці. Так і насілі за кіламетр, пакуль…

Першы арышт
У 1943 годзе, на трэці дзень пасля Пакровы, на хутар да Панасюкаў прыехалі немцы ў суправаджэнні солтыса.

— У доме сарвалі падлогу. А нас усіх вывелі на вуліцу і паставілі па росце: тата, мама, брат Вася (1929 года нараджэння), Зося (1931), я і два маленькія брацікі… Сястру Надзю павялі за клуню… А перад намі на адлегласці метраў трох усталявалі кулямёт з доўгай запоўненай стужкай. Тату штурхнулі на зямлю і сталі секчы бізунамі, а потым яшчэ сабак на яго спусцілі… Мы плачам, а немец пагражае, што расстраляе, калі не замаўчым. Мама просіць: «Дзетачкі, сціхніце!», — у ногі немцу падае: «Паночку, не страляй!» А мы як пачуем чарговы крык Надзі, як зірнем на акрываўленага тату, так і пачынаем скуголіць, затыкаючы сабе раты рукамі. У іх бок і ступіць не маглі, адразу немцы бізунамі білі. Але, калі тату паднялі, дазволілі трохгадоваму Шурыку падбегчы і падаць яму шапку, — распавядае Марыя Пятроўна.

У той кастрычніцкі дзень яе бацьку і старэйшую сястру забралі ў турму… Праз некалькі дзён Надзю выпусцілі. А Пятра Панасюка пратрымалі цэлую зіму і выпусцілі перад самым Вялікаднем.

Другі…
Яшчэ ў пачатку 1944 года фашысты, не без дапамогі здраднікаў, вышлі на ўсіх смалянскіх патрыётаў. Пракацілася вялікая хваля арыштаў.
— У красавіку зноў арыштавалі Надзю, затым — Насцю з мужам, забралі нявестку Веру, яе бацькоў і сястрычку Марыю… Хаты родных і хлявы развалілі, кароў і свіней забралі. Нават курэй палавілі. Адна курачка недзе схавалася ў кустах, дык яе потым сіротка наш Валодзька адкормліваў і прыгаворваў: «Мая курачка»… Застаўся жыць з намі і пяцігадовы пляменнік Пеця (сынок Івана і Веры). Маму немцы пакінулі, сказалі, каб «пакутавала», — у падрабязнасцях успамінае тыя страшныя падзеі Марыя Пятроўна.
Усіх арыштантаў вельмі доўга катавалі ў пружанскай турме, асабліва сястру нявесткі Марыю.
— Некалькі разоў мы прыязджалі з мамай да турмы. Мама ўмаляла дзяжурнага прапусціць да дачок, — не дазволілі. Яна доўга хадзіла пад вокнамі, пакуль у адным з іх не ўбачыла Насцю з Надзяй і стала ім махаць, нешта крычала. Мяне ж блізка да турмы не падпускала…

Пяшчанская Галгофа
16 красавіка быў Вялікдзень…
— Мама паклала ў асобны кошык кулічы, асвечаныя яйкі і накрыла іх ручніком, — працягвае расказ мая суразмоўніца. — У панядзелак Светлай Сядміцы паехалі зноў у Пружаны. Памятаю, у той дзень сёстры ў акенца не выглянулі… Мама ўпрошвала дзяжурнага: «Паклічце дзяўчынак!» Той доўга карміў абяцанкамі, адмаўляўся ўзяць перадачу, а потым, прыклаўшы палец да вуснаў, маўляў, цішэй, дастаў з-за пазухі Надзіну шаль… Мама страціла прытомнасць…

Ужо пазней даведаліся, што ў той дзень на Песчыне немцы пачалі расстрэльваць арыштантаў: 17 красавіка, 18-га,.. 22-га… Мясцовыя пастухі чулі стрэлы, крыкі, жудасныя віскі… Падысці бліжэй у іх не было магчымасці: спецыяльны загараджальны шчыт папярэджваў, што кожнага, хто наблізіцца, чакае расстрэл.

— Толькі пасля адыходу немцаў людзі з Плябанцаў паказалі, у якім месцы была расстрэльная яма: немцы там усё разраўнавалі і зверху насыпалі смецце, каб замесці сляды. Але мы іх усё роўна знайшлі… Праўда, гады два ўлады не дазвалялі там капаць, паставілі агароджу. Людзі ўстанавілі крыж — і бацюшка часта прыязджаў туды служыць літыю… А калі ўжо дазволілі раскопкі, мы з бацькамі кожны тыдзень па чарзе на месца расстрэлу ездзілі… Адграбалі смецце, адкопвалі целы. Там было іх шмат: людзі з Круглага, Доўгага, Смалян… Знайшлі сваіх: Надзеньку, Насценьку з мужам Колем, браціху Верачку і яе сястрычку Машаньку, іх бацькоў Івана і Дар’ю. Памятаю, што Вера з Машай ляжалі ў абдымку: як стаялі, абняўшыся перад расстрэлам, так і ўпалі разам, скошаныя кулямі. Разам і ў труну іх паклалі, — цяжка ўздыхае Марыя Пятроўна.

Усіх яе загінулых сваякоў і іншых пакутнікаў Песчыны пахавалі на могілках у в.Куплін, у брацкай магіле, якую з таго часу штогод у светлыя велікодныя дні і на Радаўніцу наведваюць сваякі і святар…
— Магіла доўгая, як на ўсю нашу хату… Мы паставілі там столік, я яго да свята накрываю сурвэткай, каб святару зручней было служыць…

Святыя лікі
— Часта гляджу на фатаграфіі сваіх родных. Глядзіце, якія ў іх светлыя, прыгожыя твары! Гэта мае сястрычкі ў сваё апошняе лета 1943 года. Яны нібы адчувалі, што хутка загінуць, казалі: «Нас нідзе разам на фота няма, трэба тэрмінова сфатаграфавацца!» Надзею з Насцяй я часта бачу ў сне: то нібы бульбу з імі капаем, то ягады ў лесе збіраем. Прысніўся нават кавалачак цукру, які мне неяк Надзя з Пружан прывезла ў якасці гасцінца.

Надзея і Насця, фота 1943 г.

Далей Марыя Пятроўна паказвае фота свайго мужа Рыгора і расказвае гісторыю свайго кахання. Я ўважліва слухаю пра тое, як яны пазнаёміліся на танцах у Смалянах, дзе сірату з беднай сям’і ігнаравалі ўсе дзяўчыны, акрамя Машы. Як ажаніліся і пераехалі ў Пружаны ў 1968 годзе. Як працавалі: ён — экспедытарам у гандлёвай сетцы, а яна — на масласырзаводзе, дзе за сваю шчырую працу была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Як гадавалі дзяцей Марыйку і Танечку, як дачакаліся чатырох унукаў і трох праўнукаў.

Каля брацкай магілы ў в. Куплін

— Я ім усё-усё расказала… Усе яны ведаюць пра наша сямейнае гора, пра нашых пакутнікаў. Але ведаюць і тое, што жыццё і памяць перамогуць смерць… Слава Богу, дачакаліся мы Вялікадня! Хутка наступіць і Радаўніца, збяромся вялікай сям’ёй ля брацкай магілы і ціхенька павітаем родных: «Хрыстос Уваскрэс!» А яны нам з нябёсаў адкажуць: «Сапраўды Уваскрэс…».

Алена Зялевіч, фота Кацярыны МАСІК і з сямейнага архіва Вакульчыкаў