Понедельник, 16 сентября 2024

Круглы стол і дыялогавая пляцоўка на тэму генацыду беларускага народа ў часы вайны прайшлі ў «Пружанскім палацыку»

2 663

На старонках газеты мы неаднойчы расказвалі пра падзеі вайны. Але што мы ведаем пра Вялікую Айчынную? З аднаго боку, вельмі многа, бо за 80 гадоў выяўлена дастаткова гістарычных фактаў. З іншага — вельмі мала, таму што новыя падрабязнасці адкрываюцца дагэтуль. У тым ліку і на тэрыторыі раёна.

Напрыканцы мінулага і напачатку гэтага тыдня ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшло адразу два мерапрыемствы, на якіх гаварылі пра неабходнасць захавання памяці.

Асабліва актуальнай тэма вайны становіцца ў Год гістарычнай памяці, якім 2022-гі абвешчаны ў нашай краіне. Убаку ад патрыятычных мерапрыемстваў не застаюцца прафсаюзы.

Круглы стол пад назвай «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што захоўваць» сабраў у музеі-сядзібе каля 50 прадстаўнікоў прафсаюза адукацыі, аграпрамысловага комплексу, аховы здароўя, дзяржаўных і іншых устаноў. Як расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, мерапрыемства стала чарговым па ліку ў шэрагу тых, якія прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Таццяна Юр’еўна падкрэсліла, што месца для правядзення круглага стала абрана невыпадкова, бо менавіта ў палацыку працуе фотадакументальная выстава «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання». «Захаванне гістарычнай памяці — важны элемент дзяржаўнай палітыкі. У гэтай справе вельмі важна пазбягаць скажэнняў і фальсіфікацыі», — адзначыла прафсаюзны лідар.

Каб не дапусціць гэтага, год таму, у красавіку 2021-га, пракуратурай было ініцыявана ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Пра работу ў гэтым накірунку, якая вядзецца сумесна з аддзелам культуры, сельвыканкамамі і Дзяржкамітэтам судмедэкспертыз, расказаў пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі. У прыватнасці, ён узгадаў пра месцы, дзе ў часы вайны ў раёне знаходзіліся кропкі масавага зняволення, нагадаў пра работу белай і чырвонай турмаў у райцэнтры. Таксама падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч інфармацыяй пра тое, што, згодна з новымі даследаваннямі, на тэрыторыі сучаснай Пружаншчыны было знішчана не 57, а 134 населеныя пункты. Зафіксаваны іх геаграфічныя каардынаты, створана карта спаленых вёсак.

Лагічным працягам аповеду пра ваенныя падзеі стала выступленне галоўнага спецыяліста аддзела культуры Наталлі Пракаповіч. Яна расказала, што зараз у раёне 114 аб’ектаў ваеннай гісторыі. Самыя раннія пахаванні адносяцца да вайны 1812-га. Па словах Наталлі Сяргееўны, летась на рамонт памятных знакаў было выдзелена каля 67 тыс. рублёў, з іх каля 13 тыс. – па спецпраграме па захаванні памяці. За гэтыя сродкі адрамантавана 12 помнікаў, на 14-ці ўсталяваны новыя надмагільныя збудаванні. Сёлета плануецца рамонт помніка «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы.

Завяршылася мерапрыемства знаёмствам з фотавыставай па тэме генацыду і з іншымі экспазіцыямі музея. Як запэўніла Таццяна Гаманчук, падобныя круглыя сталы будуць праводзіцца і далей. На іх запросяць прадстаўнікоў іншых пярвічак раёна.


Вельмі важна перадаваць звесткі пра мінулае, у тым ліку пра факты генацыду падчас ваеннага ліхалецця, маладому пакаленню. Гэта трэба, каб не згубіць ніць памяці, упэўнены ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. У панядзелак яго прадстаўнікі арганізавалі ў палацыку чарговую дыялогавую пляцоўку.

На мерапрыемства запрасілі вучняў гарадскіх школ. Як адзначыў напачатку сустрэчы начальнік аддзела Аляксандр Момлік, дата была абрана невыпадкова, паколькі 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Аляксандр Канстанцінавіч расказаў падлеткам пра гісторыю з’яўлення памятнага дня, падрабязна спыніўся на фактах генацыду ў канцлагерах. Вельмі крануў моладзь аповед пра дзіцячы канцлагер каля вёскі Чырвоны бераг, які часта называюць дзіцячай Хатынню. Там, на Гомельшчыне, было створана сапраўднае дзіцячае пекла: у маленькіх дзетак бралі кроў, часам не пакідаючы ні кроплі. Зараз у «Чырвоным беразе» знаходзіцца вялікі мемарыял, аналагаў якому няма ва ўсім свеце.

Пра тое, што ўяўляе з сябе фашызм і чаму важна не дапусціць яго адраджэння, гаварыў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, кандыдат гістарычных навук Сяргей Дзямідаў. У сваю чаргу, пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі распавёў пра работу пракуратуры ў справе захавання памяці. Асобна спыніўся на чатырох выяўленых падчас расследавання месцах масавага расстрэлу грамадзян падчас вайны. Яны знаходзяцца паблізу вёсак Баравікі, Дабучын і Манчыкі, а таксама ва ўрочышчы Песчына, непадалёк ад Плябанцаў.

Паўдзельнічалі ў абмеркаванні тэмы генацыду беларусаў школьнікі. Вучаніца гімназіі Дар’я Кавалевіч расказала пра мерапрыемствы ў сваёй навучальнай установе, накіраваныя на захаванне памяці. У іх ліку — наведванне помнікаў, а таксама шэфства над месцамі пахаванняў, правядзенне там суботнікаў.

Затым школьнікі разам з педагогамі адправіліся на фотадакументальную выставу. Па словах вучняў, яна вельмі ўразіла іх, школьнікі адкрылі для сябе новыя факты з гісторыі Пружаншчыны.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік