З кожным годам патрэба ў донарскай крыві ўзрастае больш і больш. Адной з тканак чалавечага арганізма, якой і з’яўляецца кроў, усё часцей знаходзіцца прымяненне ў лячэнні. Прычым донарская кроў з’яўляецца адзіным сродкам, які сёння немагчыма замяніць іншымі лекавымі прэпаратамі.

— Магчыма, у сувязі з тым, што насельніцтва за апошнія гады прыкметна пастарэла, кроў становіцца ўсё больш запатрабаванай, — расказвае загадчык аддзялення пералівання крыві І.І.Сямашка. — У людзей з узростам развіваюцца анеміі і іншыя захворванні, з-за якіх з’яўляецца патрэба ў пераліванні прэпаратаў крыві.
Асобная ўвага надаецца развіццю бязвыплатнага донарства. Увогуле да яго адносіны сёння ва ўсім свеце асаблівыя. Сёлета Сусветны дзень донара праводзіцца пад лозунгам «Здавайце кроў, няхай у свеце пульсуе жыццё».

Па ўсёй планеце донарства падтрымліваецца дабрачыннымі арганізацыямі і таварыствам Чырвонага Крыжа. Напрыклад, у гэтыя дні на Брэстчыне члены Чырвонага Крыжа праводзяць інфармацыйную акцыю «Кропля жыцця», у рамках якой шукаюць валанцёраў, гатовых бязвыплатна здаць кроў.
У рамках акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня донара крыві, аддзяленне пералівання крыві Пружанскай ЦРБ наведалі прадстаўнікі працоўных калектываў, члены такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын». Не засталася ўбаку і моладзь: прыняць удзел у добрай справе выказалі жаданне актывісты БРСМ — навучэнцы Пружанскага каледжа на чале з першым сакратаром райкама Аляксандрам Бабігорцам і выкладчыкамі.

У калідоры медустановы сваёй чаргі на здачу крыві чакала восем чалавек. Трэба сказаць, што іх было больш, але частку «забракавалі»: у кагосьці яшчэ не прайшло дастаткова часу з моманту апошняй здачы крыві, хтосьці нядаўна перанёс аперацыю… Галоўнае правіла спецыялістаў аддзялення пералівання крыві — не нашкодзіць тым, хто хоча дапамагчы іншым. Таму перш, чым пакласці донара на кушэтку, яго чакала стандартная працэдура: сытны сняданак, здача аналізаў, агляд урача.

— Прыемна, што ў нас такая спагадлівая моладзь. Усе, хто адклікнуўся, усведамляюць, што здача донарскай крыві — справа не проста карысная, а важная для жыцця, — гаворыць лідар маладзёжнай арганізацыі Аляксандр Бабігорац. — Што тычыцца мяне, павінен прызнацца, што гэта мой першы вопыт. Але цяпер ведаю, што і не апошні.
Некаторыя з удзельнікаў акцыі здавалі кроў ужо не першы раз. Сярод іх і старшыня прафкама Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Ірына Крук. «Некалькі гадоў таму ўпершыню стаць донарам мяне прымусілі жыццёвыя абставіны: кроў спатрэбілася блізкаму чалавеку. З таго часу я стала рэгулярна прыходзіць у бальніцу, каб здаць кроў, — прызнаецца Ірына Эргашаўна. — Да таго ж, у мяне рэдкая група крыві — першая адмоўная».
Іван Іванавіч Сямашка падкрэслівае, што навучэнцы мясцовага каледжа не чакаюць акцый: яны, бадай, найчасцей прыходзяць здаваць кроў, і без усялякіх нагодаў.

Падтрыманне донарства крыві з’яўляецца часткай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя. У нашым раёне налічваецца некалькі соцень донараў, якія рэгулярна здаюць кроў.
— Кожны месяц колькасць наведвальнікаў у нашым ад-дзяленні розная, — расказвае Іван Іванавіч. — Напрыклад, у маі толькі эрытрацытаў пераліта ад 87 донараў. А яшчэ плазма і альбумін. Усяго больш за паўтары сотні чалавек некаму дапамаглі.

Кожны месяц гэтыя лічбы могуць істотна адрознівацца. Павінен прызнаць, што ў нас хапае спагадлівых людзей. Асабліва гэта бачна, калі ў кагосьці здараецца бяда. Напрыклад, калі некалькі гадоў таму ў райцэнтры матацыкліст збіў пешаходаў і ў гэтай аварыі моцна пацярпела маладая дзяўчына, ад жадаючых здаць кроў, не было адбою.
Тым не менш, натоўпы людзей у аддзяленні назіраюцца не заўсёды. Хаця гэта не значыць, што добраахвотнікаў у астатні час мала: каля 40% донараў у Пружанскай ЦРБ здае кроў бязвыплатна.
Марына Вакульская, фота Кацярыны Масік