Дазволю сабе паправіць знакамітых комікаў: трусы — гэта, у першую чаргу, хобі. У гэтым запэўніла мяне сям’я Ціхановічаў з Ляхоў, для якіх трусы — гэта не толькі каштоўнае футра і не толькі тры-чатыры кілаграмы дыетычнага, лёгказасваяльнага мяса.
Анастасія Ціхановіч прызнаецца, што пушыстае хобі ў іх з мужам з’явілася выпадкова.
— Гадоў пяць таму мы памянялі гарадское шумнае жыццё на вясковы мерны быт на ўлонні прыроды. Сашаў дзядзька, калі даведаўся, што мы жывём ужо не ў кватэры, а ва ўласным доме, падарыў нам парачку звычайных трусоў. З гэтага ўсё і пачалося…
У пошуках інфармацыі пра догляд сваіх гадаванцаў Аляксандр з Анастасіяй натрапілі на карцінку труса пароды французскі баран. Мужчына з Жабінкі, у якога яны вырашылі купіць трусоў незвычайнай пароды, можна сказаць, і заразіў іх сваёй любоўю да гэтых звяркоў.
— Яны адносяцца да буйных дэкаратыўных парод трусоў, — з веданнем справы расказвае Анастасія пра гадаванцаў у клетках. — Галоўнае іх адрозненне — віслыя вушы і, бадай, тэмпы росту (яны самыя вялікія па памеры і вазе сярод віславухіх парод). За адно атрусенне самка дае 4-7 дзетак, якія нараджаюцца дастаткова вялікімі і хутка растуць. За пару месяцаў яны набіраюць у вазе да 6-7 кілаграмаў, а асобныя могуць дасягаць і дзесяці.
Акрамя таго, французскія бараны адрозніваюцца сваёй міралюбівасцю, спакойным характарам. Гэта звязана з асаблівасцю іх вушэй: вушныя ракавіны ў жывёл закрыты, і таму яны дрэнна чуюць і не пужаюцца разнастайных гукаў. Таксама трусы любяць, калі іх гладзяць. Гэта дазваляе мужу і жонцы паказваць сваіх незвычайных жывёл на выставах.
З цягам часу Ціхановічы пачалі ездзіць па чарговых гадаванцаў усё па новых і новых гарадах Брэстчыны. У выніку сёння ў клетках гаспадароў можна ўбачыць фландараў, бельгійскіх веліканаў — прадстаўнікоў самай буйной пароды трусоў у свеце. На фоне сваіх сабратаў вылучаюцца рэксы — гадаванцы даволі складаныя ў доглядзе, затое яны маюць прыгожую поўсць, падобную на плюш ці натуральны бархат.
Незаўважна для саміх гаспадароў падворак немаленькай сядзібы Ціхановічаў запаланілі гусі, індыкі, курачкі. Дарэчы, пра курачак. Яны ў Аляксандра і Анастасіі таксама незвычайныя: у знаёмай, якую знайшлі, дзякуючы захапленню трусамі, яны набылі кохінхінаў.
— У цэлым, гэта звычайныя куры: нясуць яйкі (а зімой нават не памяншаюць яйканоскасць), не патрабуюць нейкага асаблівага догляду. Але звяр-ніце ўвагу на іх знешні выгляд, — гаворыць гаспадыня. — Дзякуючы апярэнню і «штонікам», нават звычайная гаспадарка зрокава ўспрымаецца зусім інакш.
…Пяць гадоў жыцця ў вёсцы не прымусіла Ціхановічаў пашкадаваць пра тое, што прамянялі гарадское жыццё. Наадварот, так яны знайшлі сабе захапленне, якое прыносіць ім непадробнае задавальненне.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).